«Настаўнік павінен стаць самым аўтарытэтным членам грамадства» — такую думку выказаў рэктар Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Рубен МІРЗАХАНЯН падчас свайго нядаўняга візіту ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
Супрацоўніцтва паміж гэтымі дзвюма ВНУ доўжыцца ўсяго два гады, тым не менш за адносна кароткі тэрмін былі арганізаваны ўжо дзве летнія школы па абмене студэнтамі плюс адбылося некалькі візітаў нашых выкладчыкаў і аспірантаў у Арменію.
«Можа, мы і фантазёры, але...»
— Мы неаднойчы дзяліліся з маім калегам досведам працы і сваім бачаннем перспектыў, — кажа Рубен Мірзаханян, маючы на ўвазе рэктара БДПУ, прафесара Аляксандра Жука. — Можа быць, мы з ім і фантазёры, але нам шчыра хочацца, каб у нашых выпускнікоў было пачуццё гонару і датычнасці да той важнай і высакароднай справы, якую мы разам робім. На наш погляд, трэба зрабіць усё, каб навучацца ў педагагічным універсітэце было адначасова і цікава, і прэстыжна. Каб у маладых людзей не было пачуцця няёмкасці ці сарамлівасці за зроблены выбар.
Арменію, як многія іншыя краіны, не абмінула мода на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці, але ў апошнія гады колькасць моладзі, якая паступае на іх, пакрысе змяншаецца: абітурыенты, ці, хутчэй за ўсё іх бацькі, пачалі задумвацца, а што будзе пасля заканчэння ўніверсітэта? Ці змогуць знайсці работу па атрыманай спецыяльнасці? Па словах Рубена Мірзаханяна, цяпер у Арменіі налічваецца 1450 школ (у савецкія часы іх было 1800). На жаль, колькасць вучняў змяншаецца, тым не менш попыт на настаўнікаў ёсць і будзе заўсёды, упэўнены ён. Аднак над іміджам педагога ў грамадстве яшчэ трэба сур'ёзна працаваць...
— Калі наш універсітэт наведвала міністр адукацыі Фінляндыі, яе суправаджаў вельмі імпазантны, падобны на кіназорку, гаваркі малады чалавек. Мой калега не ўтрымаўся і пацікавіўся, як яму ўдалося стаць памочнікам міністра адукацыі? — расказаў Рубен Мірзаханян. — Яго адказ, прызнаюся, нас шакіраваў. «Не змог здаць экзамен на настаўніка, — сказаў той і дабавіў, — зараз рыхтуюся, і калі не ў гэтым, то ў наступным годзе, спадзяюся, я яго здам, бо пакуль зарабляю ўдвая менш». І вось тут мы зразумелі ўсю сур'ёзнасць нашай сітуацыі.
Арменія адной з першых краін на постсавецкай прасторы яшчэ ў 2005 годзе ўвайшла ў Балонскі працэс.
— Вас цікавіць наша стаўленне да гэтага? Скажу так: прамое капіраванне любых рэчаў невыканальнае і нават гратэскнае. У Балонскім працэсе ёсць шмат станоўчых момантаў, але вось, напрыклад, пераход выключна на пісьмовую форму экзаменаў я лічу няправільным. Пацвярджэнне сваім думкам знайшоў зноў-такі ў Фінляндыі. Там заўважылі, што нават у перадавых школах для вучняў стала сапраўднай праблемай вусна выкладаць свае думкі, таму задумаліся пра вяртанне вуснай формы кантролю ведаў.
Вядома, што ў многіх краінах Заходняй Еўропы педагагічная адукацыя даецца ў класічных універсітэтах толькі на ўзроўні магістратуры. У Фінляндыі педагагічныя дысцыпліны выкладаюцца на апошнім курсе бакалаўрыята. Але незалежна ад таго, далучылася краіна да Балонскага працэсу ці не, мы павінны прытрымлівацца асаблівасцяў і традыцый нашай адукацыйнай сістэмы. З Балонскага працэсу трэба браць усё самае перадавое і ўкараняць яго, але разам з тым нельга страчваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Вышэйшая школа ў Арменіі — трохступенчатая: навучанне ў бакалаўрыяце доўжыцца ад трох да чатырох гадоў (пераважна чатыры), у магістратуры — адзін—два гады (пераважна — два) і тры гады — у аспірантуры. У вышэйшай школе ўведзена сістэма назапашвання крэдытаў і трансферу крэдытаў, вучэбныя праграмы пераарыентаваныя на модульнасць. Пасля ўступлення ў Балонскі працэс пашырылася аўтаномія студэнтаў і іх удзел у працэсе прыняцця рашэнняў на ўзроўні ВНУ .
Канкурэнцыя як стымул
У 90-я гады і на мяжы стагоддзяў у Арменіі налічвалася 90 (!) прыватных ВНУ. Натуральна, што было шмат прэтэнзій да якасці адукацыі, якую там давалі... Сёння ў Арменіі працуюць 26 дзяржаўных універсітэтаў і 40 прыватных. Сярод іх ёсць і Амерыканскі ўніверсітэт.
«Гэта вельмі магутная навучальная ўстанова, з сур'ёзнай падтрымкай з боку грамадскіх арганізацый і фантастычнымі акладамі ў выкладчыкаў, якая выдае дыпломы амерыканскага ўзору. Выкладанне там вядзецца выключна на англійскай мове. Мае калегі часта скардзяцца, маўляў, у іх магчымасці зусім іншыя, а я звычайна ім кажу: гэта добра, калі ў краіне ёсць магутны ўніверсітэт. Тым больш што мы запрашалі яго спецыялістаў і да сябе. А яны не могуць дрэнна выконваць сваю работу», — кажа Рубен Мірзаханян.
У Арменіі дзейнічаюць таксама Французскі інжынерны інстытут, які выдае дыпломы армянскага і французскага ўзораў, Славянскі ўніверсітэт (расійска-армянская навучальная ўстанова). Нядаўна свой філіял адкрыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт.
— Мяркую, што наяўнасць мабільных, цікавых і змястоўных устаноў вышэйшай адукацыі моцна стымулюе канкурэнцыю. Трэба з імі супрацоўнічаць і разам рухацца наперад, — падкрэслівае рэктар Армянскага педагагічнага ўніверсітэта. — Пасля іх з'яўлення ў краіне колькасць студэнтаў у нас не зменшылася, таму мы з аптымізмам глядзім наперад.
Дарэчы, вышэйшая адукацыя ў Арменіі пераважна платная. На бюджэтнай форме навучання ў рамках дзяржаўнага заказу навучаюцца толькі 13—14% студэнтаў ад агульнай колькасці. Зразумела, што і практыкі размеркавання там няма. Выпускнікі ВНУ вымушаны самастойна шукаць сабе месца работы. У Армянскім педагагічным універсітэце заўважылі адну цікавую тэндэнцыю: кіраўнікі прыватных школ, якіх у краіне значна менш, але навучанне ў іх каштуе вельмі дорага — да 10 тысяч долараў у год, прыходзяць на выпускныя экзамены, выбіраюць і запрашаюць да сябе лепшых, а вось дзяржаўныя школы такое не практыкуюць. Міністэрства абароны запрашае да сябе псіхолагаў, і нават Ерэванскі ювелірны завод знаходзіць для сябе кадры ў педагагічным універсітэце.
Выхаванне супернастаўнікаў
Рубен Мірзаханян упэўнены, што краевугольным каменем у падрыхтоўцы будучых педагогаў з'яўляецца арганізацыя педагагічнай практыкі.
— Не сакрэт, што далёка не ўсе нашы супервыдатнікі становяцца супернастаўнікамі ці нават проста добрымі настаўнікамі. А з тых, хто, можа, і не паказваў бліскучыя вынікі ў вучобе, вырастаюць выдатныя педагогі. Настаўніцтва — гэта мастацтва, уменне любіць вучня і дзяліцца з ім сваімі ведамі, — падкрэслівае ён. — Часткова такія здольнасці даюцца прыродай, а часткова гэтаму можна навучыць. Традыцыі праходжання педагагічнай практыкі, якія засталіся з савецкіх часоў, былі далёка не лепшыя. Працадаўцы і школы заўсёды ставіліся да яе фармальна, адмахваліся ад нашых студэнтаў, маўляў, давай я табе хутчэй усё падпішу. Таму мы кардынальна змянілі падыходы да педагагічнай практыкі. Раней базай для яе былі аж 200 школ, апошнім часам іх колькасць зменшылася да 40, а цяпер мы звузілі базу да 15 школ. Прычым сярод іх ёсць і чатыры прыватныя школы. Лепш тую суму, што мы пералічваем за практыку, размеркаваць паміж меншай колькасцю ўстаноў адукацыі, але папрасіць паставіцца да нашых студэнтаў максімальна сур'ёзна і замацаваць за імі лепшых педагогаў. Фінансы, лічу, добры матыватар для школ.
Педпрактыка цяпер распачынаецца з другога курса, а колькасць гадзін на яе павялічылася ў пяць разоў. Асобнага выпускнога экзамену па педагогіцы на выхадзе няма, затое сумарная ацэнка за практыку ўлічваецца ў выніковай атэстацыйнай ацэнцы. А гэта цягне перагляд падыходаў да стварэння партфоліа па педпрактыцы.
— Канешне, ведаць, калі нарадзіўся той ці іншы педагог, якія ў яго былі погляды і чым ён праславіўся, важна, але куды больш важнае ўменне весці ўрок, устанаўліваць кантакт з аўдыторыяй, знаходзіць агульную мову з вучнямі, — кажа Рубен Мірзаханян.
Сапраўдным эксклюзівам армянскай школы можна лічыць абавязковае выкладанне ў пачатковай школе шахмат. Гэта нацыянальны адукацыйны прадукт, створаны разам з Шахматнай акадэміяй. У Армянскім педагагічным універсітэце створана кафедра шахмат і спорту і дзейнічае навукова-даследчая лабараторыя, дзе вывучаюць феномен выкладання шахмат у школе. Напрыклад, удалося даказаць, што вывучэнне шахматнай гульні стымулюе ў дзяцей крэатыўнасць, лагічнае мысленне, стратэгічнае планаванне, спрыяе фарміраванню асобы, якая ведае, што такое перамога і што такое паражэнне. Лідарскія якасці, якія фарміруюцца ў дзяцей, уменне несці адказнасць за свае рашэнні спатрэбяцца ім не толькі ў шахматах, але і ў вучобе, і ў далейшым жыцці. Да таго ж праз вывучэнне шахмат удалося дабіцца паляпшэння паспяховасці і па іншых прадметах, у тым ліку па матэматыцы.
— Мала самому ўмець гуляць у шахматы, трэба яшчэ і навучыць гэтаму дзяцей. Многія выкладчыкі матэматыкі, фізікі і нават гісторыі імкнуцца атрымаць ліцэнзію на выкладанне шахмат у пачатковай школе, каб такім чынам павялічыць сваю нагрузку, — дадаў Рубен Мірзаханян.
На пытанне, ці лічыцца педагогіка ў Арменіі жаночай прафесіяй, рэктар Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта з сумам канстатаваў: «90 працэнтаў нашых студэнтаў — гэта дзяўчаты. І нават на фізіка-матэматычным факультэце дзяўчат ужо большасць».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/ruben-mirzahanyan
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-pedagagichny-universitet-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/armyanski-dzyarzhauny-pedagagichny-universitet
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhuk