З 1 кастрычніка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» з'явіўся новы штотыднёвы этнаграфічна-краязнаўчы праект «Край». Рэдактар аддзела спецпраектаў тэлерадыёкампаніі «Брэст» Таццяна Болтуць працуе над цыклам перадач па гісторыка-культурнай спадчыне для названага праекта. Маладая журналістка мае намер пазнаёміць гледача з творчымі асобамі, народнымі майстрамі, носьбітамі абрадаў і традыцый свайго і суседніх рэгіёнаў,
а таксама значнымі культурнымі падзеямі. Абяцае шмат цікавага.
Наогул, Таццяна лічыць, што менавіта ў гэтым праекце знайшла сябе:
— Даведалася, што буду займацца гэтай работай, дзесьці ў сярэдзіне лета. Час прайшоў на адным дыханні, здаецца, як села за камп'ютар тады, а цяпер вось устала, паглядзела ў акно: восень глыбокая, хутка снег пойдзе. І яшчэ, дазволю сабе падзяліцца адным назіраннем. Некалькі разоў выязджалі на здымкі, і літаральна на вачах псавалася надвор'е, пачынаўся дождж. Разумееце, настрой у такіх выпадках робіцца, што хоць ты садзіся і плач. Але як толькі прыязджаем на месца, не толькі распагоджваецца, праз колькі часу сонейка выглядае. І атрымліваем магчымасць як трэба адзняць матэрыял. Ці не цуд? І ні разу не было інакш! Так што міжволі падумаеш, што богаўгодную справу робім. Таму хочацца ездзіць, знаходзіць сваіх герояў у самай аддаленай глыбінцы, расказваць пра іх усёй краіне.
«Нашы перадачы, — зазначае Таццяна Болтуць, — умоўна дзеляцца на чатыры рубрыкі. Першы раздзел складае падборка пад назвай «Асобы»: гэта людзі, найчасцей вяскоўцы, якія праявілі сябе ў нейкай творчай справе альбо як захавальнікі абрадаў і традыцый. Напрыклад, не так даўно я рабіла перадачу пра Генрыха Міхайлавіча Траццяка, які купіў былую панскую сядзібу ў Флер'янове Ляхавіцкага раёна і адраджае яе фактычна ў адзіночку. 80-гадовы чалавек, былы старшыня калгаса, траціць значную частку сваёй пенсіі, прыцягвае аднадумцаў, заразіў ідэяй жонку, дзяцей блізкіх сяброў. І ў яго многае атрымліваецца!» («Звязда», дарэчы, таксама расказвала пра Генрыха Міхайлавіча ў нумары за 27 кастрычніка 2015 года. — Аўт.)
— Я, можна сказаць, улюбілася ў апантанасць чалавека сваёй справай — расказвае Таццяна. — Далёка не ўсё ўвайшло ў перадачу, але да гэтай пары помняцца многія дэталі, што здольныя выклікаць замілаванне. Напрыклад, Генрых Міхайлавіч расказваў, як да яго аднойчы зайшоў хлопчык, малодшы школьнік, і спытаў: «Дзед Генрых, чаму дзверы тут не пафарбаваныя?» На што дзед яму, як даросламу, адказаў, што значная справа не робіцца хутка, як нам хочацца, бо на ўсё грошы патрэбныя. Тады малы, падумаўшы, заўважыў: «Ты не хвалюйся, дзед. Я вырасту, сам куплю фарбу, сам і пафарбую». ...Асабліва ўсяляе надзею той факт, што герой перадачы дзейнічае не сам па сабе, ён праводзіць у вёсцы ў тым ліку асветніцкую работу з дзецьмі, вучыць іх шанаваць сваю спадчыну, заўважаць прыгажосць. І яшчэ, ён шмат гадоў быў на кіруючай пасадзе, можна сказаць, у гушчыні жыцця. Цяпер таксама мае магчымасць адчуваць сябе патрэбным, быць чалавекам справы. У яго сітуацыі неабходна пэўная смеласць, каб не звяртаць увагі на выпады нядобразычліўцаў, пераадольваць шматлікія цяжкасці. Адным словам, справа яго натхняе ды служыць прыкладам іншым.
Гэтаксама ў добрым сэнсе шакіруе многіх і пазіцыя другога героя праграмы «Край» — Веніяміна Бычкоўскага, які павандраваўшы ледзь не па ўсім свеце, аб'ехаўшы Памір, Цянь-Шань, убачыў палескае неба... і застаўся тут, зразумеў, што шукаў гэты край усё жыццё. Так ён сам расказваў тэлевізійнікам — былы жыхар Уфы, цяперашні жыхар Івацэвіцкага раёна. Ён літаральна перайначыў сваю маленькую мясцінку, стварыў музей, сабраў аднадумцаў і ўзвёў невялікую царкву, якую зусім нядаўна асвячалі. «Люблю людзей, пра якіх кажуць, што на іх свет трымаецца, — прызнаецца Таццяна Болтуць. — У іх, несумненна, ёсць чаму павучыцца чалавеку любога ўзросту».
Ёсць таксама шмат павучальнага ў старадаўніх народных абрадах. «Абрады» — другая рубрыка вялікага цыкла. «Мы пастараліся паказаць не толькі традыцыйныя, знаёмыя абрады, такія як вяселле альбо дажынкі, але і невялікія, характэрныя для адной вёскі альбо мясцовасці. Напрыклад, на Пружаншчыне знайшлі такі звычай — талакой квасіць капусту. Вечарам у нечым доме збіраюцца разам некалькі гаспадынь, разам крышаць капусту, праводзяць усе неабходныя маніпуляцыі, каб прадукт захаваўся на ўсю зіму. Дзеянні суправаджаюцца асаблівымі песнямі, прымаўкамі, прыпеўкамі. Гаспадыні расказалі пра свае прыкметы-забабоны, якімі кіруюцца, калі вырошчваюць капусту, каб ураджай быў добры. Напрыклад, пад корань трэба каменьчык класці, у іншых выпадках — лупіны ад яйка. «Ой, што яны толькі не робяць над той капустай: і чыгуном накрываюць, і па месяцы звяраюць праполкі! — смяецца Таццяна. — Здавалася б, банальная капуста, якую мы прывыклі купляць у магазіне ці на рынку, можа стаць цэнтрам вясковага альбо местачковага звычаю. Калі там прысутнічаеш і ўсё бачыш, то здаецца, што бабулькі маюць у галовах цэлую энцыклапедыю ведаў па адной толькі капусце. Хіба такіх бабулек можна не палюбіць?»
Наогул, для каманды тэлевізійнікаў ці не кожная камандзіроўка па родным краі прыносіла новыя адкрыцці, адзначае мая суразмоўца:
— Яшчэ пра адзін цікавы абрад варта сказаць. Ён называецца «Вяночкі». Перадачу здымалі ў Дзівіне Кобрынскага раёна. Гэта перадвясельны абрад. Цяпер мы пайшлі ў краму, купілі бутаньеркі на машыну, кветкі для жаніха і нявесты, іншую атрыбутыку, а некалі збіраліся сяброўкі нявесты і рабілі вяночкі сваімі рукамі. Пры гэтым абавязкова спявалі. Так што дзявочнік — не прадукт XXІ стагоддзя, былі падобныя звычаі задоўга да нас. І былі яны прыгожыя, напоўненыя зместам, а не так, як, на жаль, здараецца цяпер. З навін успамінаецца: дружкі нявесты так пагулялі напярэдадні, што ранкам трапілі ў міліцыю і, адпаведна, у крымінальную хроніку.
...І вось падчас здымак «Вяночкаў» на стале сабралася столькі кветак, што я не ўтрымалася, папрасілася паўдзельнічаць разам з майстрыхамі. І майстар-клас удаўся! Я навучылася рабіць прыгожыя кветкі, і гэта было здорава.
А потым разгаварыліся з бабулькамі. Адна кажа: «Вось вы, гарадскія, там сядзіце на паверхах і нічагусенькі не ўмееце. Прыязджайце, навучым вас і бульбу капаць, і карову даіць». А другая ўстаўляе слоўка: «А я навучу козачку даіць».
Апошнюю, што называецца, злавілі на слове. Ведаеце, мне неяк крышачку крыўдна стала за нас, гарадскіх, што нас такімі няўмекамі ўяўляюць. Усе канікулы майго дзяцінства прайшлі ў бабулі ў вёсцы, мае карані адтуль. І мне захацелася паказаць бабулькам, на што здатныя гарадскія дзяўчаты, ну і, вядома, з карысцю для справы — нашай перадачы. Аднойчы мы патэлефанавалі бабульцы і сказалі: «Мы едзем козачку даіць». Калі прыехалі, высветлілася, што наша гераіня сваю казу прадала. Але гэта не бяда, знайшлі ў суседкі казу па мянушцы Нюра. Праўда, спачатку не вельмі атрымлівалася, потым крыху налаўчылася, і козачку мы агульнымі намаганнямі падаілі.
Тая козачка — гэта адзін маленькі эпізодзік з многіх дзён камандзіровак, якія даюць мне натхненне і сілкуюць энергіяй. Бо пасля працэсу здымак мы з гэтымі гераінямі, часцей, вясковымі бабулькамі, пераабдымаемся, нагаворым адна адной самых лепшых слоў. Не ведаю, што такое адбываецца, але ўсё выходзіць шчыра, адчуваецца нейкая еднасць, можа, нават на ўзроўні падсвядомасці. Мы ж робім адну справу: яны з'яўляюцца носьбітамі народнай культуры, сваім існаваннем падтрымліваюць яе, а мы па меры сваіх сіл прапагандуем сваё, нацыянальнае. Ці паверыце, ні разу не было, каб я прыехала з такой камандзіроўкі расчараваная. Яшчэ адно назіранне: малыя дзеці, што нярэдка ўдзельнічаюць у здымках абрадаў, часам не могуць патлумачыць, што ж іх прыцягвае сюды, але яны ходзяць на тыя гурткі без прымусу. Значыць, гэта ў іх гавораць гены, спрацоўвае закладзенае яшчэ прабабулямі, прадзедамі, што не можа не ўсяляць аптымізму. Калі ў людзей гараць вочы, калі яны любяць тое, чым займаюцца, то і сам набіраешся той любові. Памятаю, як здымалі абрад «Ваджэнне Куста». Дык жа і я не ўтрымалася, і мяне Кустом прыбралі. Усё ў нас тады атрымалася.
У рубрыцы «Падзеі» мне найбольш запомнілася мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння паэта Міхася Рудкоўскага. Надзвычай добрую праграму зрабілі мясцовыя бібліятэкары. Усе прысутныя, можа, нават тыя, хто не чытаў ні радка паэта, адчулі, які гэта быў чалавек-глыба, чалавек-духоўнасць, інтэлігент з вясковай душой. Мы пастараліся хоць крышачку адлюстраваць тое ў перадачы.
Галоўны рэдактар тэлебачання ТРК «Брэст» Ірына БАЛАБАНОВІЧ падкрэсліла пераемнасць традыцый на брэсцкай студыі тэлебачання менавіта ў справе работы на карысць культуры, спадчыны. Шмат гадоў у Брэсце рыхтавалася і выходзіла ў эфір праграма «Край з Міколам Пракаповічам». Пачынаючы з 70-х гадоў Мікалай Мікалаевіч знаёміў сваіх гледачоў з культурнымі падзеямі рэгіёна, з паэтамі, пісьменнікамі, народнымі майстрамі. І хоць Мікола Пракаповіч ужо на заслужаным адпачынку, падрыхтаваныя ім перадачы ўвайшлі ў першы дзясятак праграм штотыднёвага этнаграфічна-краязнаўчага часопіса «Край» на канале «Беларусь 3».
Даведка «Звязды»
Мэта праекта «Край» — пазнаёміць тэлегледачоў з яркімі прадстаўнікамі самых розных відаў народнага мастацтва, спрадвечнай беларускай культуры, сярод якіх — мастакі, акцёры, майстры, якія ствараюць унікальныя вырабы сваімі рукамі, паэты, самадзейныя музычныя калектывы і г. д. Кожны выпуск праграмы «Край» дэманструе пэўныя цікавінкі: выставы твораў саломапляцення і чорнаглянцаванай керамікі, узоры ткацтва ручнікоў, кулінарныя экспедыцыі, а таксама ўнікальныя беларускія абрады!
Як расказалі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, праект «Край» для культуралагічнага тэлеканала ствараюць творчыя групы ўсіх абласных тэлерадыёкампаній — кожная пра свой рэгіён. А распачалі гэты цыкл выпускі праграм, падрыхтаваныя карэспандэнтамі тэлерадыёкампаніі «Брэст».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/praekt-kray
[9] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-boltuc
[10] https://zviazda.by/be/tags/narodnyya-maystry
[11] https://zviazda.by/be/tags/abrad