Праект указа аб павышэнні памеру дапамогі па беспрацоўі знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе, паведаміў учора начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун на брыфінгу «Практычныя аспекты рэалізацыі дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў прэс-цэнтры БЕЛТА [3].
Праект указа ўжо падтрыманы Мінэканомікі і Мінфінам. Дакумент прадугледжвае павышэнне памеру дапамогі па беспрацоўі для двух катэгорый беспрацоўных. У першую катэгорыю былі аднесены тыя, хто звольнены ў сувязі са скарачэннем колькасці штату работнікаў або ліквідацыяй прадпрыемства. У міністэрстве прапануюць плаціць такім беспрацоўным дапамогу па беспрацоўі ў памеры 100% ад бюджэту пражытковага мінімуму. Да другой катэгорыі прылічылі тых, хто быў звольнены па ўважлівых прычынах, напрыклад у сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта і іншых. Такім беспрацоўным суму дапамогі па беспрацоўі прапануецца прызначыць у памеры 50% бюджэту пражытковага мінімуму. У аналагічных памерах Мінсацабароны прапануе павысіць памер стыпендыі для тых грамадзян, якія праходзяць навучанне па накіраванні дзяржаўнай службы занятасці.
Разам з тым Міністэрства па падатках і зборах накіравала каля 50 тысяч паведамленняў на аплату збору для тых працаздольных жыхароў краіны, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Аб гэтым на брыфінгу паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. «Аднак, калі хтосьці мае права на льготы, але адпаведную інфармацыю не прадставіў у падатковыя органы, ён можа прынесці дакументы ў інспекцыю, пасля чаго будзе прынята рашэнне пра выплату або вызваленне ад яе», — растлумачыла намеснік міністра.
Больш падрабязна аб захадах дзяржавы супраць сацыяльнага ўтрыманства чытайце ў наступных нумарах газеты.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.belta.by/
[4] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/bespracoue
[6] https://zviazda.by/be/tags/bespracounyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pracy-i-sacyyalnay-abarony
[8] https://zviazda.by/be/tags/aleg-tokun-0