14 лістапада 2016 года ў 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё румынска-беларускай выстаўкі скульптуры, жывапісу, графікі і фотаздымка «Амаж Брынкушу», арганізаванай Пасольствам Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Музеем гісторыі горада Мінска, Мэрыяй горада Тыргу Жыу (Румынія), Цэнтрам даследаванняў, дакументацыі і развіцця «Канстанцін Брынкуш», Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.
У вернісажы выстаўкі прыме ўдзел дэлегацыя з г. Тыргу Жыу, які называюць “горадам Брынкуша”.
Выстаўка прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага скульптара румынскага паходжання Канстанціна Брынкуша (1876–1957). Канстанцін Брынкуш з’яўляецца адным з самых уплывовых скульптараў XX стагоддзя, а таксама лічыцца заснавальнікам абстрактнай скульптуры.
У межах арт-праекта свае работы прадставяць знакамітыя румынскія скульптары: Улад Чабану, Валер Няг, Іаан Поп-Вярэта, Максім Думітраш, Дaрые Дуп, Іаан Грэку, Міхай Цопеску, Мікалае Флейсіг, Панаіце Кіфу, Некулай Пэдурару, Іанэл Ішток. Беларускі бок прадставяць вядомыя майстры і маладыя таленты: Міхаіл Баразна, Уладзімір Зінкевіч, Юрый Якавенка, Сяргей Ашуха, Фёдар Шурмялёў, Яўген Іваноў.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віарэл Машану так вызначае важнасць праекта:
«Арганізуючы гэту выстаўку, мы хацелі не толькі надаць новы імпульс развіццю культурных стасункаў паміж Румыніяй і Беларуссю, але і садзейнічаць двухбаковаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі, а ў больш шырокім плане, паміж ЕС і Беларуссю».
Куратар выстаўкі ад Беларусі Кацярына Кёнігсберг (Беларусь):
«Авангарднаму мастацтву ХХ стагоддзя, і, у прыватнасці, абстрактнай скульптуры, у якой працаваў Канстанцін Брынкуш, уласціва пераасэнсаванне рэалізму. Паколькі румынскія ўдзельнікі выстаўляюць абстрактную скульптуру, мне падалося цікавым прадставіць пераасэнсаванне рэальнасці ў працах беларускіх аўтараў. Задача куратара – фарміраванне адзінай мастацкай прасторы, дзе кожная праца, хай гэта будзе твор мастака або куратарскі тэкст, будзе дарэчы».
Куратар выставы ад Румыніі Улад Чабану (Румынія):
«Будучы ўніверсальнай мовай, скульптура можа перадаваць спецыфічныя элементы кожнага народа, кожнай ідэнтычнай культуры, узводзячы такім чынам масты разумення».
Партнёры праекта: РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"», Белтэлерадыёкампанія, Беларуская дзяржаўная філармонія, гасцініца «Crowne Plaza Minsk», кампанія «ХімМедСінтэз», гасцінічны комплекс «Юбілейны».
14 лістапада 2016 года ў 16.00 у канферэнц-зале Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам куратараў выстаўкі, а таксама дэлегацыі з горада Тыргу Жыу (Румынія).
За дадатковай інфармацыяй звяртацца:
Пасольства Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь
e-mail: minsk@mae.ro [2], тэл. (017) 292 73 99
Выстава працуе да 20 лістапада 2016 года.
Адрас: г. Мінск, пл. Свабоды, 15, тэл. (017) 321 24 30
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] mailto:minsk@mae.ro
[3] https://zviazda.by/be/tags/skulptura
[4] https://zviazda.by/be/tags/rumyniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstancin-brynkush