У Палацы Рэспублікі члены рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" падвялі вынікі ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Удзельнікі арганізацыі абмеркавалі кампанію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, а таксама магчымыя формы ўзаемадзеяння дэпутатаў з "Белай Руссю".
"Удзел нашай арганізацыі ў выбарчай кампаніі – гэта ўжо не проста традыцыя, а палітычная неабходнасць, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня “Белай Русі” Аляксандр Радзькоў. – З 2008 года "Белая Русь" прымае ўдзел у кампаніях па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў".
Падчас мінулых выбараў арганізацыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў для працы ва ўчастковых камісіях, прадастаўляла офісы для кандыдатаў-членаў "Белай Русі" і аказала сур'ёзную падтрымку ў фарміраванні выбарчых фондаў сваіх кандыдатаў. Усе дзеянні былі ўзгоднены са стратэгіяй, прынятай на адным са з'ездаў грамадскага аб'яднання.
Акрамя таго, у перыяд выбараў "Белая Русь" актыўна супрацоўнічала з міжнароднымі арганізацыямі. Па словах Аляксандра Радзькова, пацвярджэннем палітычнага аўтарытэту аб'яднання з'яўляецца той факт, што з пачатку кампаніі назіральнікі АБСЕ наведалі практычна ўсе структуры арганізацыі. Па выніках выбараў міжнародныя назіральнікі неаднаразова падкрэслівалі, што задаволены супрацоўніцтвам з "Белай Руссю".
У выніку кампаніі большасць выбраных дэпутатаў – гэта члены "Белай Русі". На думку Аляксандра Радзькова, дэпутатам новага склікання трэба будзе прымаць рашэнні, якія дапамогуць пераадолець негатыўныя з'явы ў эканоміцы. Плённая работа ў першую чаргу павінна быць заснавана на даверных адносінах з суграмадзянамі, бо пастановы дэпутатаў павінны прыносіць карысць грамадству.
Адным з кірункаў, у якім грамадскае аб'яднанне можа пачаць працу, з'яўляецца супрацоўніцтва арганізацыі з сацыяльнымі сеткамі. Як зазначыў член аналітычнай групы "Белай Русі" Аляксей Дзермант, арганізацыі неабходна распрацоўка ўласнай інфармацыйнай палітыкі, накіраванай непасрэдна ў грамадства.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaya-rus-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/parlamenckiya-vybary-1