Ёсць у нас сямейны анекдот. Калі кумы ехалі ў касцёл хрысціць маю цётку, па дарозе забыліся, якое імя хацелі даць дзяўчынцы бацькі. Вяртацца не было магчымасці, таму, доўга не думаючы, вырашылі назваць так, як і будучую хросную, — Леангінай. Цётка заўсёды крыўдавала, калі бабуля са смехам расказвала гісторыю яе незвычайнага імені. Але паводле беларускіх традыцый кумы прынялі правільнае рашэнне, бо ў даўнія часы імя дзіцяці давалі менавіта хросныя, а ўжо вярнуўшыся з храма, паведамлялі яго бацькам і гасцям сямейнага свята.
Гледачы тэлеканала «Беларусь 3» на працягу ўсяго лістапада маюць магчымасць больш даведацца пра тое, як ладзілі хрышчэнне нашы продкі, паслухаць песні, што выконваліся падчас гэтага абраду ў розных рэгіёнах краіны. Выпускі праграмы «Наперад у мінулае» з экспедыцый на Жыткавіччыну і Ашмяншчыну ўжо выходзілі ў эфір. А ў нядзелю, 20 лістапада, аматары беларускай песні ўбачаць, як спрадвек праводзілі свята ў вёсцы Азіна, што на Полаччыне. Традыцыйна разам з камандай праекта вандруе і карэспандэнт «Звязды».
Каб дзіця расло здаровым і шчаслівым
Нашы продкі лічылі: падчас хрышчэння задаецца формула жыцця чалавека, вызначаецца яго лёс. Таму не дзіўна, што гэты абрад суправаджаецца мноствам прыкмет, рытуалаў і забабонаў. Да хрышчэння нават імя немаўляці не давалі, каб абараніць яго ад уздзеяння злых сіл. Так, у вёсцы Буразь на Жыткавіччыне першыя тры месяцы немаўля закручвалі ў ношаныя кашулі, а спаць клалі ў ночвы, пакрытыя полагам, — каб ніхто не сурочыў. Хлеб, які кум дарыў бацькам падчас абраду хрэсьбін, павінны былі адкусіць усе госці — каб дзіця хутка загаварыла. Таксама тут прынята пры першым знаёмстве з малым класці яму гро-шы пад падушку — на дзіця нельга глядзець «голым» вокам.
Яшчэ больш правілаў павінна было выконвацца гасцямі і хроснымі на Ашмяншчыне. У вёсцы Паляны з даўніх часоў існуе традыцыя: апроч кумоў, запрашаць хросную бабку-павітуху — кабету сталага ўзросту. Быць хроснай бабкай — вялікі гонар. Тут кажуць, што тая жанчына, якая ніколі не выконвала гэтую пачэсную ролю на хрэсьбінах, на тым свеце будзе зайцоў пасвіць. Павітуха павінна згатаваць «бабіну» кашу і разам з іншымі падарункамі для хрэсніка прынесці яе на свята. Перад хрышчэннем немаўля купалі, а калі збіралі дзіця ў храм, каля правага боку клалі хлеб — каб чалавек заўсёды быў сытым, а каля левага — соль, каб не баяўся сурокаў. Пасля абраду хрышчэння немаўля тры дні не мылі і не здымалі тую кашулю, у якой яно стаяла «пад Хрыстом». У гэтай жа кашулі трэба было хрысціць і наступных дзяцей, якія нараджаліся ў сям'і, — каб яны жылі ў ладзе і згодзе.
Кума несла ў дом немаўляці хлеб, які сімвалізаваў дастатак у хаце. Выпраўляючыся ў храм разам з немаўлём, хросныя павінны былі пераступіць парог, на які клалі прылады працы — каб дзіця не было гультаём, у будучыні стала добрым майстрам. Па дарозе ў царкву кумам забаранялася спыняцца, злазіць з воза, збочваць, саступаючы дарогу іншым, а таксама размаўляць — каб дзіця не было крыклівае.
Калі хросная бабка сустракала кумоў з царквы ў хаце, яна апранала кажух, вывернуты калматым бокам наверх, — дзеля здароўя і багацця дзіцяці, а пад парог клалі аўчыну — дзеля дабрабыту кумоў. Вяртаючы бацькам дзіця, кумы паведамлялі, якое імя атрымаў хлопчык ці дзяўчынка, а таксама казалі: «Ваша нараджонае, а наша — хрышчонае. Хай стаіць пад вянцом, як сёння — пад Хрыстом». Ужо ахрышчанае немаўля клалі на стол, каб дзіця спала спакойна, цягалі яго за ножкі — каб было высокае і прыгожае. За святочным сталом кумам дазвалялася выпіць толькі цотную колькасць чарак. Лічылася, што гэта будзе спрыяць таму, каб хлопчык ці дзяўчынка заўсёды былі ў пары. Падчас бяседы нельга маўчаць, госці павінны жартаваць, весяліцца і спяваць — каб дзіця хутка загаварыла і прыязна ставілася да людзей. Таму і песні, што спяваюць у гэтай мясцовасці падчас хрэсьбін, у асноўным жартоўна-здзеклівыя. Натуральна, жартавалі з кумоў і хроснай бабкі. У вёсцы Паляны на Ашмяншчыне ведаюць, напрыклад, такую песню:
А ў садзе явар зелянюсенькі,
На куце кумок маладзюсенькі.
А ў садзе вішня зелянюсенька,
На куце кума маладзюсенька.
Пад гарой вярба сукаватая,
На куце бабка гарбатая.
Госці павінны працягнуць жарт і дадаць гучна: «Але багатая», тады і пачыналі дарыць малому падарункі.
Кіруемся ў Азіна
Гэтая маляўнічая вёска на Полаччыне месціцца на беразе прыгожага возера Белае. Легенда распавядае, што ў далёкія часы на яго берагах пасялілася племя людзей, якія пакланяліся Перуну. Аднойчы гэтаму богу не спадабалася ахвярапрынашэнне, і ён наслаў на зямлю магутны вецер. Ён разбураў жытло, ламаў дрэвы. Калі бура сціхла, уся зямля і возера былі ўсыпаныя белымі кветкамі яблынь. З той пары і вёску, і возера сталі называць Белае. Згадкі пра мястэчка Белае сустракаюцца ў дакументах з часоў вайны 1654—1669 гадоў. Спачатку яно складалася з мураванага касцёла і царквы пры дарозе з Полацка. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя тут пабудавалі царкву. Сама вёска большала і большала. Значным для яе жыхароў стаў 1975 год, калі гістарычная назва была зменена.
Сёння ў назве вёскі ўшаноўваецца памяць Уладзіміра Азіна, удзельніка Грамадзянскай вайны. Хоць даследчыкі і лічаць яго латышом па нацыянальнасці, нарадзіўся Азін на Беларусі, у вёсцы Мар'янава колішняга Полацкага павета. У часы вайны ён быў вядомы як вельмі смелы, мужны і адважны салдат. Дывізію, якую ўзначальваў, нават называлі «жалезнай» — столькі перамог яна атрымала.
Але цяпер Азіна можна лічыць не толькі турыстычным цэнтрам, дзе на бегарах возера ўлетку адпачывае мноства вандроўнікаў, але і мясцінай, знакавай для нашай культуры. Тут па ўспамінах старажылаў узноўлены ўнікальны абрад хрышчэння, які пашанцавала пабачыць здымачнай камандзе праекта «Наперад у мінулае» і нашаму карэспандэнту. Для нас правёў абрад гурт «Бела чайка», што існуе пры Азінскім сельскім Доме культуры.
«Мая кумка маладзее»
Так, выпраўляючы кумоў з немаўлём у храм, тут спрадвеку бацькі разам з хроснымі абыходзілі тры разы вакол стала — у тым напрамку, як рухаецца сонца. Каля дзіцяці клалі гліну і соль. Па дарозе на хрышчэнне, на скрыжаванні дарог, кумы абавязкова павінны іх выкінуць, каб немаўля ніхто не сурочыў. Перад дарогай, каб шлях быў добры, усе сядалі і хвіліну сядзелі моўчкі. Адметна, што насупраць дзвярэй сядзець не дазвалялася. Каля парога ў хаце клалі лён і іголку — каб дзяўчынка была добрай гаспадыняй. Кумы тройчы падымалі дзіця перад парогам і рушылі ў храм. Пры гэтым усе павінны былі выйсці з хаты — каб правесці дзіця на хрышчэнне.
Тут таксама выконвалі мноства правілаў. Каб дзіця загаварыла хутка і выразна — кумы павінны адразу назваць імя, якое далі немаўляці пры хрышчэнні. На здароўе, спакойны сон і як абарону ад злых сілаў у калыску, дзе будзе спаць ужо хрышчонае дзіця, клалі вугольчык, хлеб-соль і лыжачку.
Песня — важная частка абраду хрышчэння. Спачатку песняй віталі маці, а потым славілі бацьку. Дарэчы, для маці спявалі досыць сумную песню, а бацьку прысвячалі жартоўную і ў той жа час вельмі сімвалічную. Яна зашыфравана распавядае пра зачацце і нараджэнне дзіцяці:
А спасіба кавалю,
Што скаваў нам дзіця.
Ну а кузня ў яго
Вельмі цёплая была.
А сама каваліха
Добры мех надула.
Святочная бяседа распачыналася зазвычай адмысловым абрадам надзялення першай чаркай. Выпіваючы першую чарку, усе госці казалі: «Бачылі пад Хрыстом, дай Божа ўбачыць пад вянцом». Тым самым прарочылі шчаслівае жыццё немаўляці, а сабе — доўгі век. За сталом праводзілі яшчэ адзін абрад: кумам налівалі гарэлку, яны клалі ў чаркі манеты, крыху адпіўшы, астатняе вылівалі як мага вышэй угору са словамі: «Божа, блаславі, каб наш(а) хрэснік(ца) вось так высока скакаў(ла)».
Кумы, як і бабуля, за сталом лічыліся аднымі з галоўных асоб. Ім надавалася пільная ўвага. Так, кум і кума павінны сядзець блізка і не перакрыжоўваць ногі — каб іх хрышчонае дзіця мела роўныя зубы.
З нагоды гэтай вымушанай застольнай «блізкасці» госці часта жартавалі і пыталіся ў кумоў, ці не паспелі яны закахацца адно ў аднаго. Натуральна, кумам прысвячаліся песні. Напрыклад, вось такая:
Каб я знала, каб я ведала,
Што ты ў мяне кумой будзеш,
Пасадзіла б я цябе
ў гародзе на траве
Чырвонаю ружаю.
Дожджык ліе, сонца грэе,
Мая кумка маладзее.
Асаблівым чынам аддавалі пашану і бабулі. Гэта, як традыцыйнае для гэтай мясцовасці катанне ў карыце, ці ночвах, гульня з выкраданнем бабуліных падарункаў кумам. Таксама гасцей запрашалі на «бабіну» кашу — ёй частавалі не проста так, а за грошы. Пры гэтым «продаж» ператвараўся ў цэлы спектакль з пажаданнямі дзіцяці, яго маме і тату. Усе сабраныя грошы потым аддавалі бацькам.
Адметна, што хрышчэнне дзіцяці станавілася святам не толькі для сям'і, а і для ўсёй вёскі. Так, катанне бабулі ў начоўках зазвычай адбывалася пад гучныя спевы, плясканне ў ладкі і грукат палкамі аб пустыя вёдры. Так аднавяскоўцы ведалі: у гэтай хаце вялікая радасць і свята. Святкаванне доўжылася да глыбокай ночы, гульні і песні былі амаль бясконцымі.
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:vesіaluha@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/naperad-u-minulae-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/abrad
[9] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[10] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[11] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury