У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў — адукацыі, а таксама працы і сацыяльнай абароны. У той жа дзень члены Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі пазнаёмілі новапрызначаных асоб з калектывамі іх ведамстваў.
Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер міністр, прадставіў калектыву Міністэрства працы і сацыяльнай абароны новага міністра Валерыя Малашку. Па яго словах, урад чакае ад кіраўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны свежага погляду на праблемы сацыяльнай сферы. Кіраўнік Саўміна звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення сістэмы, але пры гэтым падкрэсліў эвалюцыйнасць шляху. «Гаворкі пра карэнную ломку не ідзе, у нас такіх прэтэнзій да міністэрства, каб нешта ламаць, не было і, спадзяюся, не будзе. А вось эвалюцыйна ўдасканальваць работу трэба. На гэтым варта будзе засяродзіцца міністру і яго намеснікам», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Урад зацікаўлены ў здаровых ініцыятывах па каардынаванні рынку працы, сістэмы матэрыяльнага стымулявання работнікаў, разняволенні дзелавой ініцыятывы, забеспячэнні збалансаванасці пенсійнай сістэмы, укараненні новых форм сацыяльнага абслугоўвання, паведамляе прэс-служба Саўміна. «Першае патрабаванне — набрацца духу, дзесьці амаладзіцца і паглядзець на функцыянаванне сацыяльна-працоўнай сферы, работу цэнтральнага апарату міністэрства, мясцовых органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне свежым, уважлівым позіркам для таго, каб максімальна ўзважана прадумаць, дзе работу можна аптымізаваць», — адзначыў кіраўнік урада.
У сваю чаргу, намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА, прадстаўляючы калектыву ведамства новага міністра адукацыі Ігара Карпенку, адзначыла, што сістэма адукацыі ў Беларусі добра выбудаваная. «Асноўнае пытанне, на якім робіцца акцэнт сёння, гэта эфектыўная работа кожнай установы — ці гэта дашкольная ўстанова адукацыі, вышэйшая навучальная ўстанова або ўстанова ў сістэме дадатковай, спецыяльнай адукацыі», — сказала віцэ-прэм'ер.
Пытанням матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і капітальнага рамонту школ больш увагі павінны ўдзяляць мясцовыя органы ўлады, адзначыла Наталля Качанава. Каардынуючую ролю ў гэтым мусіць займаць Міністэрства адукацыі. Разам з тым кожны кіраўнік у рэгіёне — у раённым цэнтры, у горадзе — павінен выразна ўяўляць, як будзе развівацца сістэма адукацыі ў плане адкрыцця або закрыцця школ, дзіцячых дашкольных устаноў. Калі прымаюцца такія рашэнні, яны павінны быць дакладна выверанымі і прадуманымі.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kabyakou
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[7] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-malashka
[8] https://zviazda.by/be/tags/igar-karpenka