Што было, — было. Не так важна, за куфлем піва ці кілішкам чаго мацнейшага разгаварыліся мужыкі пра самае-самае.
— Прызнайся, — папрасіў адзін, — у цябе з тваёй Люсяй да вяселля нешта было? Ну? Было?...
— Чаму ж не, — здзівіўся другі, — мы ж з ёй не маленькія. У мяне, помню, тэлевізар быў, у Люсі — шафа адзежы...
Што яшчэ? Ды тут, відаць, да бабкі не хадзі: каханне!
Скажам адразу, што гэтую выснову зрабілі не мы, — чытачы «Звязды»: так-так, гэта яны ўважліва паглядзелі на верхні здымак і, як заўсёды, узяліся жартаваць, прыдумляць свае подпісы, каб потым — ужо на старонках газеты — паглядзець, што ж атрымалася, а ўрэшце — вызначыць, хто каго болей насмяшыў, хто каго перасягнуў у трапнасці.
Зрэшты, вынікі мы будзем падводзіць пазней, а пакуль — вершы. Пра хлопца, які ну, згадзіцеся са спадарыняй Раісай Васільевай з Гомеля,
Нікому шанцаў не пакінуў,
Схапіў каханую дзяўчыну, —
Імчыць дамоў, каб хоць паспець
На пару Новы год сустрэць!
Разумнае жаданне, бо яно ж праўду кажуць: як сустрэнеш Новы год, так і пражывеш. Хлопцу хочацца пражыць з каханай.
Неяк дзіўна, кажаце, ён «імчыць»?
А вось гэта ўжо — як можа. На думку спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:
Ясь не мае «Мазэраці»
(Як, дарэчы, й «Лады»), —
Дзевак возіць на цыраце,
А яны і рады.
Пра тое ж прыкладна і радкі спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Як не маеш «Вольва»
Ці хаця б «Нісан»,
Каб падвезці Вольгу,
Запрагайся сам.
Думаеце, мала такіх — дурных ці хоць бы ахвотных?.. І памыляецеся, бо вось гэты, са здымка (паводле той жа спадарыні Чыгрынавай), сваю Вольгу не моўчкі вязе, а, можна сказаць, з песняю:
Я ў Мані на аркане,
А яна — у цэлафане.
Праз любоўны той дурман
Стане мілым і аркан.
Вы чамусьці не верыце? Тады — маленькая праўдзівая гісторыя ад спадарыні Алены Кулік з Валожыншчыны:
Пасля працы сіл — ні грама:
Не дайду сягоння з крамы.
І ў каханага мужчыны —
Каб кабылка, каб машына...
Але ж я сказала:
— Мілы,
Ты замчы мяне на... крылах!
Не спужаў яго мароз:
Ён запрогся і павёз!
Ёсць, ёсць мужыкі ў нашых сёлах! Хоць...
Не без таго: мае, відаць, рацыю і спадарыня Чыгрынава, якая лічыць, што
Гэта, людцы, выезд... пробны:
Кось-кось-кось — тады ў аглоблі.
Няясна, праўда, хто каго — завядзе ды потым запражэ. Адна маладзіца, прынамсі, скардзілася мужу: «Я ў цябе, дальбог, за Папялушку: то гатую, то мыю, то шыю, то прыбіраю...».
Ведаеце, што пачула ў адказ? «А я папярэджваў, што замуж выйдзеш і нібы ў казку патрапіш».
Падобна, што якраз яна, гэта «казка», і прадыктавала радкі мужу і жонцы Астроўскім з Мінска:
Плёткі развялі суседзі,
Што на жонцы Янка едзе...
Паказаў ім Ясь тады,
Хто тут едзе сапраўды.
Каб упэўніцца, што не Янка, можаце яшчэ раз глянуць на здымак і тады, магчыма, разам са спадарыняй Галінай Пятроўскай з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна задумаецеся: «А куды (канкрэтна) вось з гэткім імпэтам можна цягнуць маладзіцу? Чым (зноў жа канкрэтна) гэтая паездка можа скончыцца?» Для яе, у прыватнасці? І ці не трэба тут нагадаць крылатае:
Вецер вее ў завею —
Вішанька калышацца...
Ой, не вер, дзяўчына, хлопцу,
Покуль не распішацца!
Бо — можа ж стацца — паабяцае цэлы свет падарыць, а падорыць хіба што глобус, паабяцае машыну, а пасадзіць на цырату, альбо замуж узяць, жыццё пражыць, а сам...
Што галоўнае тады? Паводле спадарыні Пятроўскай, не губляць аптымізму, шукаць выйсце і нагадваць пра сябе (калі, крый Бог, давядзецца) неяк адмыслова, прыгожа, прыкладна так:
— Ой, муж, калі дуж,
Памагай маёй бядзе:
З'ела пеўніка жывога,
Варухнуўся ў жываце.
І кім жа трэба быць, каб тады не адгукнуцца: не паслухаць — як варушыцца, як дыхае, як ножкамі стукае, як песенькі пяе...
Не пеўнік, канешне...
А зрэшты і сапраўды:
Эх, каханне ты каханне...
Лёгкі смех з яго бярэ:
Каго любіш, той не гляне,
Каго не — дамоў вязе.
Ёсць пытанні: і чаму тады вязе?.. І чаму на мяшку? Паводле спадара Міколы Кісяля з Мінска, апошняе зразумела:
Нельга траціцца на санкі:
Эканоміць грошы Янка.
— Маня, — кажа ён, — не паня:
Добра ёй і ў цэлафане.
Нейкі час (пакуль Янак назбірае грошай на машыну) — магчыма...
А зрэшты, тут яшчэ адно выйсце ёсць. Расказвалі, унучак малы прыбег з коўзанкі і бразь канькі пасярод пакоя. «Дзіцятка, яны ж замінаць тут будуць», — робіць заўвагу дзед. — «А ты іх адкінь». Ну што ты будзеш рабіць: паслухаў стары малога — адкінуў... Некуды пад шафу. Унук тут жа ў крык: «Ур-ра! У нас машына будзе!» — «З чаго ты ўзяў?» — пытаецца дзед. — «Дык учора ж тата мамцы казаў, што купіць яе, калі дзед канькі адкіне».
Свят-свят-свят, няхай жывуць і стары, і малы, няхай усе радуюцца жыццю, спяваюць... Альбо хоць успамінаюць старыя песні (як спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў) і ствараюць з іх новыя. Такім чынам, папуры — дыялог паміж ІМ і ЁЮ:
— Завязу цябе я ў тундру,
Завязу на край зямлі...
— Можа, лепей на Гаваі,
У круіз на караблі?
— З неба зорачку дастану,
Для цябе я ўсё змагу...
— І ў» карэце» з цэлафану
Мы паедзем па даху?!.
Гэта (падкажам) футра такое — цёплае-цёплае. (Анекдот у тэму: жонка з раніцы села на скрыпцы іграць. Мужык трохі паслухаў, а потым кажа: «Ну, можа, досыць? Куплю табе новую сукенку».)
На футра, вядома ж, трэба даўжэй іграць. (Яшчэ адзін анекдот. «Нам на працы будуць даплачваць, 15 працэнтаў, за шкоднасць», — хваліцца жонка. «Там ты таксама ўжо ўсіх дастала?» — пытаецца муж.)
І нават больш за тое: ён (на думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды) пачынае дзейнічаць:
Галя ложак не заслала:
Прытамілася, заспала.
Галя посуд не памыла —
Да паўдня глядзела «мыла»...
Муж такую гаспадыню
Без увагі не пакіне:
Разам з трантамі ў канаву
Скіне лежня — і ўся справа!
А што: хай ведае, як «даставаць»...
Другі з варыянтаў ад спадара Віктара больш аптымістычны:
Вася з Маняй любяць госці.
Як ідуць — Васіль пяе,
Не замежнае там штосьці —
А «... як ехаў да яе».
Пасля трэцяй аглаблёвай
Зусім іншы «эксклюзіў»:
Ужо Маня цягне словы:
«Ты вязі, мяне, вязі...»
І — што ты будзеш рабіць?! — вязе бядак, трэба разумець, не зусім цвярозую жонку. І добра, калі гэта зрэдку, а калі...
«Мужчынскі алкагалізм сустракаецца куды часцей, чым жаночы, але апошні нашмат страшнейшы», — нагадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля і дадае, што на здымку ўбачыў адзін са спосабаў барацьбы з ім:
Напівацца стала жонка...
Муж схапіў яе спрасонку,
На старызну пасадзіў
І на звалку паруліў....
Страх адолеў маладзіцу.
Пачала яна прасіцца:
— Чалавекам заўтра буду:
Назаўжды віно забуду!
Во каб чутае ды пабачыць! Муж, відаць, дорага заплаціў бы?!
Што да парад, то яны, як вядома, бясплатныя. У тым ліку і вось гэтая, ад спадарыні Ніны Бурко з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна:
Знае хлопец, што рабіць,
Калі дзеўка сядзе піць:
Пакатае ў цэлафане,
Яна ўміг цвярозай стане.
А зрэшты, трэба прыгледзецца: можа, на здымку і не дзеўка зусім, і не маладзіца? Можа, гэта...
Слова сужэнцам Астроўскім:
Гаварыць тут можна смела:
Цешча зяцю плеш праела
Зносіць звягі — не выходзіць...
Ён тапіць яе адвозіць.
Куды можна яшчэ? Вось меркаванне спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:
Зіма... Раскоўзаны дарожкі...
Ганулька падвярнула ножку.
Васіль — спагадлівы мужчына —
Вязе ў ФАП такім вось чынам.
Малайчына, праўда? Здымаем капялюш, як той казаў! Прычым не толькі за тое, што пашкадаваў тую Ганульку (ці больш яе ножку?): ён, на думку сужэнцаў Астроўскіх, традыцыі продкаў шануе:
У нашых вёсках, сэрцу мілых,
Так радзіны адзначалі:
Мужыкі (зусім не з хілых)
Бабку ў саначках каталі.
Тут — мужык адзін застаўся
І ні санак, ні калёс...
Дык яму мяшок прыдаўся:
Бабцю ўкінуў ды павёз!
І, як бачыце, едзе: з боку «бабці» ніякіх прэтэнзій няма і нават быць не можа — на думку спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна, бо
Здаралася такое не штодня,
Даўно...
А людзі не забылі:
У санях, дзе мядзведзь замест
каня,
Магнаты пакуражыцца любілі...
І ў нашы дні, калі прыйшла зіма,
Ты, далібог, сябе адчуеш панам!
Няма мядзведзя? І каня няма?
Дык дзеўка ж ёсць! І плёнка з цэлафану...
Вось на гэтай жыццесцвярджальнай ноце і завяршыць бы чарговы агляд, ды папрасіліся ў яго — не зусім да здымка — але ж прыгожыя і патрэбныя радкі спадарыні Любові Чыгрынавай:
Цягнем, цягнем у дом
Без патрэбы і мэты
Цэлафан, паралон,
Пэтбутэлькі, пакеты...
А пасля ўсё — у смецце...
І нясі, буйны вецер,
Па лугах і палях,
Па шляхах ды ўзлессях...
Калі надыдзе вясна (а гэта абавязкова здарыцца!) і растане бялюткае снежнае покрыва, гэтыя залежы бруду мы, вядома ж, убачым, але ж, да яго стварэння самі не прычынімся?
Зрэшты, гэта іншая тэма і адпаведна — іншая размова. У гэтай жа — час падвесці вынікі.
Такім чынам на папярэднім здымку (гл. «Звязда» ад 7 снежня 2016 года [3]) быў статак гусей, якіх на беразе вадаёма спыніў грозны надпіс: «Купацца забаронена». Паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да гэтага сюжэта прыдумалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Васіль Мірончык з Бабруйска, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікола Кісель і муж і жонка Астроўскія з Мінска, а таксама спадарыні Соф`я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска і Раіса Васільева з Гомеля, з чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» (на другі квартал гэтага года) накіроўваецца ў Гомель.
Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце: нагадаем, што да 27 студзеня можна падпісацца на люты (сакавік альбо нават да канца паўгоддзя). Другі варыянт: уважліва глядзіце на новы здымак, прыдумвайце подпіс — кароткі (не больш за восем радкоў), дасціпны, на беларускай мове і дасылайце ў рэдакцыю. Шанцы на выйгрыш мае кожны.
Шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгі конкурсны адбор.
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] http://zviazda.by/be/pdf?date_filter%5Bvalue%5D%5Bdate%5D=2016%2F12%2F07
[4] mailto:dounar@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago