Мінулы год быў няпростым для многіх беларусаў. Наша краіна сутыкнулася з шэрагам цяжкасцяў у эканоміцы, а працэсы мадэрнізацыі і рэструктурызацыі могуць павялічваць рызыку беспрацоўя. Што ў гэтай сітуацыі больш за ўсё хвалюе прафсаюзы, якія шляхі вырашэння праблем яны прапануюць і чым могуць дапамагчы людзям? Разам са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Ордам вызначаем болевыя кропкі сённяшніх рэалій і шукаем выйсце.
— Міхаіл Сяргеевіч, як прафсаюзны лідар, якія вы можаце адзначыць галоўныя падзеі мінулага года?
— Галоўны вынік для нас — гэта ў першую чаргу тое, як мы змаглі дапамагчы людзям, нашым сябрам прафсаюза. І я хачу сказаць, што зроблена нямала. Толькі за 6 месяцаў мінулага года пры непасрэднай дапамозе прафсаюза на працы былі адноўленыя каля 80 чалавек, людзям вярнулі каля 20 млрд недэнамінаваных рублёў, якія былі незаконна ўтрыманыя або не выплачаныя.
Таксама хачу сказаць, што летась мы сталі на пастаяннай аснове праводзіць маніторынг сацыяльна-эканамічнага становішча на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Гэта, можна сказаць, сітуацыйны маніторынг. Калі да нас паступае інфармацыя аб тых ці іншых праблемах на прадпрыемстве, мы аператыўна вывучаем прычыны такога становішча і сумесна з нашымі сацыяльнымі партнёрамі шукаем магчымыя варыянты вырашэння пытанняў. Самае галоўнае пры гэтым, каб былі ўлічаны правы людзей.
Дзякуючы маніторынгу мы змаглі ўбачыць самыя вострыя праблемы, якія сёння хвалююць людзей. Гэта дазваляе нам ставіць дадзеныя пытанні перад урадам, адпрацоўваць і ўносіць прапановы па іх вырашэнні. Як правіла, такія прапановы агучваюцца на пасяджэннях Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Гэта якраз тая пляцоўка, якая дае магчымасць ураду, прафсаюзам і наймальнікам абмяркоўваць самыя актуальныя пытанні, шукаць шляхі іх вырашэння, знаходзіць кампраміс па спрэчных пытаннях.
— Што вы можаце сказаць пра сітуацыю на рынку працы?
— Трэба сказаць, што ў параўнанні са студзенем мінулага года колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных цяпер крыху паменшылася. Знізіўся і каэфіцыент напружанасці на рынку працы.
Але прафсаюзы вельмі хвалюе той факт, што па-ранейшаму дастаткова вострай застаецца праблема няпоўнай занятасці. Таму адным з галоўных пытанняў для нас з'яўляецца эфектыўная занятасць людзей. У мінулым годзе мясцовым органам улады была пастаўлена задача стварыць 50 тысяч рабочых месцаў. Па выніках года іх было створана 54 тысячы. Гэта нядрэнны вынік.
Мы будзем дамагацца ад нашых сацыяльных партнёраў, каб створаныя рабочыя месцы былі годнымі па заработнай плаце, умовах працы. Акрамя таго, людзей трэба навучыць, перавучыць для працы на гэтых новых месцах. Кожны чалавек, які хоча працаваць, павінен мець такую магчымасць.
— Вы раней агучвалі даныя, што толькі 1,4% ад усіх звольненых у першым паўгоддзі мінулага года былі скарочаныя. Многія кіраўнікі прадпрыемстваў імкнуцца проста не працягваць кантракты і тым самым эканоміць на кампенсацыях пры афіцыйным скарачэнні. Як можна павысіць прававую абарону людзей, якія працуюць па кантракце?
— Сапраўды, вынікі нашага маніторынгу выявілі тэндэнцыю схаванага скарачэння. Пры мадэрнізацыі, рэструктурызацыі наймальнікі ўсё часцей замест таго, каб скараціць работніка, проста не працягваюць яму кантракт. У выніку чалавек не па сваёй віне літаральна застаецца ні з чым. Выплат няма, перанавучання няма, матэрыяльнай дапамогі па беспрацоўі ў першы месяц таксама няма.
Яшчэ мы заўважылі тэндэнцыю да памяншэння тэрмінаў, на якія заключаецца кантракт. Ёсць прадпрыемствы, дзе 90, а часам і ўсе 100% кантрактаў заключаны на адзін год. Гэта робіцца з той жа мэтай схаванага скарачэння, каб у выпадку чаго хутка і танна звольніць работніка.
Яшчэ адзін метад схаванага скарачэння — прымус да звальнення праз змяненне істотных умоў працы. Работнікам устанаўліваецца мінімальны рэжым працы, у выніку чаго памяншаецца заработная плата, і чалавек вымушаны прыняць рашэнне аб звальненні, нібыта не па ініцыятыве наймальніка.
Улічваючы гэтыя тэндэнцыі, на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях мы ўнеслі прапанову па абароне тых, хто працуе па кантракце: адпрацаваў чалавек год без заўваг — кантракт з ім павінен быць прадоўжаны з яго згоды мінімум на тры гады. Гэта дасць упэўненасць у заўтрашнім дні людзям і пазбавіць наймальніка ад спакусы парушаць правы работнікаў.
Калі ж ёсць рэальная патрэба ў аптымізацыі штату, павінна прымяняцца ўстаноўленая форма скарачэння, якая абараняе работнікаў. Яны атрымліваюць кампенсацыю, маюць магчымасць апераджальнага навучання і іншыя гарантыі.
— Як можна павысіць сацыяльную абарону тых, хто стаў беспрацоўным?
— Урад, прафсаюзы і наймальнікі, падпісаўшы Генеральнае пагадненне на 2016 — 2018 гады, узялі на сябе абавязацельства павысіць дапамогу па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытачнага мінімуму. І цяпер вядзецца работа ў гэтым кірунку.
Акрамя таго, мы прапанавалі ўвесці дадатковую абарону для работнікаў. Я кажу пра ініцыятыву прафсаюзаў па ўвядзенні страхавання па беспрацоўі і пра механізмы кампенсацыі заробку пры банкруцтве прадпрыемства.
Упершыню мы агучылі гэтыя ідэі на рабочай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы яшчэ ў снежні 2015 года. Прэзідэнт даручыў дэталёва прапрацаваць гэтыя тэмы. Мы вывучылі міжнародны вопыт, правялі шматлікія кансультацыі з беларускімі і замежнымі экспертамі. І практычна ўсе — і наймальнікі, і органы ўлады, і навукоўцы — падтрымалі нашу ідэю.
На наш погляд, ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі, аптымізацыі колькасці штату на шэрагу прадпрыемстваў гэтыя меры неабходныя. Па даных Мінэканомікі, за студзень — верасень 2016 года ў працэдурах эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) знаходзіцца больш за тры тысячы арганізацый. І практычна ў кожнай трэцяй арганізацыі ёсць запазычанасць па выплаце заработнай платы.
Ужо ў наступным месяцы павінны быць прадстаўлены канкрэтныя схемы ўвядзення страхавання па беспрацоўі і страхавання ад нявыплаты зарплаты работнікам пры банкруцтве. І прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел у гэтай рабоце.
Што яшчэ хачу сказаць: сёння і самому работніку вельмі важна клапаціцца аб тым, каб быць запатрабаваным спецыялістам. Гэта раней можна было адвучыцца адзін раз і працаваць усё жыццё на адным прадпрыемстве. Сёння зусім іншыя патрабаванні. Каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, трэба ўвесь час вучыцца, павышаць сваю кваліфікацыю. У заходніх краінах каля 80% працаздольнага насельніцтва праходзяць навучанне і перападрыхтоўку на працягу ўсяго свайго працоўнага жыцця. У нас гэтая лічба ў разы меншая.
— Абарона інтарэсаў работнікаў шмат у чым залежыць і ад калектыўнага дагавора, прынятага ў арганізацыі...
— Безумоўна. На кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі, дзе ёсць прафсаюз, на аснове Генеральнага пагаднення павінен быць заключаны свой калектыўны дагавор. Гэты лакальны дакумент мусіць змяшчаць усе нормы Генеральнага пагаднення і, з улікам асаблівасцяў арганізацыі, паляпшаць іх. Мы сёння нацэльваем наш прафсаюзны актыў на тое, што кожны калектыўны дагавор павінен значна паляпшаць становішча работнікаў у параўнанні з заканадаўствам. Гэта значыць, калектыўны дагавор павінен змяшчаць канкрэтныя нормы, якія б абаранялі і падтрымлівалі людзей. Гэта самыя розныя пытанні — заработная плата, графік працы, заахвочванне, занятасць, аздараўленне і многае іншае.
— 50 рублёў прэміі гарантуе калектыўны дагавор «Белвеста» тым сваім работнікам, якія не кураць. Як яшчэ маральна і матэрыяльна можна матываваць работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця?
— Прафсаюзы заўсёды актыўна вялі і працягваюць сёння работу ў кірунку ўмацавання здароўя насельніцтва. Так, мы заклалі ў Генеральнае пагадненне рэкамендацыі аб тым, каб наймальнікі вылучалі сродкі на ўтрыманне і рамонт спартыўных аб'ектаў, адлічвалі грашовыя сродкі прафсаюзным арганізацыям на правядзенне культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў, прапаганду здаровага ладу жыцця. Акрамя таго, сёння Генеральнае пагадненне рэкамендуе прадугледжваць у калектыўным дагаворы меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання работнікаў, якія ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах.
А мінулым летам мы распрацавалі рэкамендацыі для кіраўнікоў арганізацый па актыўным ужыванні формаў і метадаў маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца фізічнай культурай і спортам.
Калі казаць пра маральнае заахвочванне, то гэта можа быць узнагароджанне граматамі, кубкамі, абсталяванне куткоў спартыўных дасягненняў. Матэрыяльная падтрымка можа быць у набыцці абанементаў на заняткі спортам, абсталяванні ў арганізацыях спецыяльных памяшканняў для заняткаў фізкультурай і спортам, дадатковым прэміраванні і многім іншым.
— Гэтым летам прайшла навіна аб тым, што прыёмныя мамы стварылі сваю першасную прафсаюзную арганізацыю. Цікава, што можа даць прафсаюз гэтай катэгорыі работнікаў?
— Для любой катэгорыі работнікаў прафсаюз — гэта ў першую чаргу абарона іх працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. І прыёмныя мамы — не выключэнне. У іх аформлены працоўныя адносіны з наймальнікам — аддзелам адукацыі, значыць павінен быць і прафсаюз.
Таму што любы наймальнік — заўсёды ў больш выгаднай пазіцыі, чым работнік. У яго ёсць адміністрацыйны рэсурс, апарат, а работнік менш арганізаваны, менш адукаваны ў юрыдычных пытаннях... І абараніць у адзіночку свае правы яму не заўсёды ўдаецца. Гэта задача прафсаюза. Ён павінен быць своеасаблівым буферам паміж работнікам і наймальнікам і вырашаць усе спрэчныя пытанні.
— Колькі створана першасных прафсаюзных арганізацый на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці? Якія вы бачыце тэндэнцыі?
— Наша практыка паказвае, што там, дзе няма прафсаюза, парушэнні працоўнага заканадаўства сустракаюцца часцей. Гэта самыя розныя пытанні — ад афармлення працоўных адносін і выплаты заработнай платы да кампенсацыі шкодных умоў працы і выхаду на пенсію.
Таму сёння мы актыўна займаемся стварэннем нашых арганізацый, у тым ліку і ў прыватным сектары эканомікі. І ёсць пэўныя, я б нават сказаў нядрэнныя, вынікі. За апошнія паўтара года было створана больш за 1200 новых першасных прафсаюзных арганізацый, прычым 75% з іх — у арганізацыях прыватнай формы ўласнасці.
Святлана БУСЬКО
busko@zviazda.by [3]
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:busko@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-orda-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/kalektyuny-dagavor
[6] https://zviazda.by/be/tags/rabotnik
[7] https://zviazda.by/be/tags/prafsayuz
[8] https://zviazda.by/be/tags/bespracoue
[9] https://zviazda.by/be/tags/praca
[10] https://zviazda.by/be/tags/federacyya-prafsayuzau-belarusi-0