Больш як 5,5 тысячы фізічных асоб — жыхароў Гомельшчыны ўжо вызвалены ад неабходнасці выплаты так званага падатку за ўтрыманства. У асноўным гэта людзі, якія ў 2015 годзе працавалі за мяжой. Дарэчы, «лісты шчасця» ў вобласці ўручылі 92 тысячам чалавек.
Намеснік начальніка абласной падатковай інспекцыі Дзмітрый Дайнэка расказаў на брыфінгу, што 35 чалавек вызвалілі ад выплаты па рашэнні мясцовых органаў улады. Нагадаем, што ўжо сёлета ў Дэкрэт №3 «Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства» былі ўнесены змяненні. У тым ліку дапоўнены пералік асоб, якім не трэба выплачваць збор.
Тыя ж, хто не аспрэчвае абавязак выплаты збору, пачалі ўносіць плацяжы. Штодня з дзяржавай за сацыяльныя выгоды разлічваюцца 230—250 чалавек. Унесці аплату неабходна да 20 лютага.
Тым часам старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік на нарадзе ў аблвыканкаме даручыў забяспечыць калегіяльнасць у прыняцці рашэнняў па пункце 15-1 Дэкрэта №3, які прадугледжвае назначэнне льгот па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Кіраўнік вобласці даў распараджэнне аператыўна стварыць пры ўсіх райвыканкамах камісіі, у якія будуць уключаны спецыялісты розных сфер дзейнасці.
Да таго ж з 24 студзеня да 1 сакавіка падатковыя інспекцыі ва ўсіх раёнах Гомельшчыны будуць штодня з 10.00 да 12.00 праводзіць прамыя тэлефонныя лініі па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства». Нумар прэс-цэнтра інспекцыі МНС па Гомельскай вобласці — 8 (0232) 79 88 28.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [3]
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/darmaedy
[5] https://zviazda.by/be/tags/padatak
[6] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/utrymanstva
[8] https://zviazda.by/be/tags/padatkovaya-inspekcyya