Яйя Абдул-Азіз Джамус Джункунг Джамэ, які займаў пасаду прэзідэнта Гамбіі больш за 20 гадоў, заявіў аб тым, што ён адмаўляецца ад барацьбы за ўладу і саступае месца Адама Бэроу (у снежні ён перамог на выбарах). Рашэнне было прынята пасля працяглых перамоў Джамэ з прэзідэнтамі Ліберыі, Гвінеі і Маўрытаніі, якія выступілі ў якасці пасрэднікаў для вырашэння палітычнага крызісу. Экс-прэзідэнт заявіў па тэлебачанні, што ў Гамбіі не павінна праліцца ні кроплі крыві. А Адама Бэроу ў «Твітары» напісаў, што па выніках перамоў Джамэ пагадзіўся пакінуць Гамбію і саступіць пасаду. Краіна знаходзілася літаральна за паўкроку ад вайны — на яе тэрыторыю ўжо былі ўведзены войскі некалькіх афрыканскіх дзяржаў. Як удалося вырашыць канфлікт, што прыцягнуў увагу ўсяго свету?
Пятая рэспубліка
Гамбія — невялічкая дзяржава ў Заходняй Афрыцы (фактычна паўанклаў), адзіным суседам якой з'яўляецца Сенегал. Ён акружае яе з трох бакоў за выключэннем 80 кіламетраў ўзбярэжжа акіяна. Гамбія выцягнутая ўздоўж ракі, якая дала ёй назву, і ў самай вузкай частцы шырыня дзяржавы не перавышае 50 км. Гэта самая маленькая краіна кантынентальнай Афрыкі (тэрыторыя — 11,3 тыс. кв. км). Колькасць насельніцтва складае каля 2 млн чалавек. Сталіца — Банджул (35 тыс. жыхароў).
Гэта былая партугальская калонія, у ХVІ стагоддзі прададзеная брытанскай кароне. А дагэтуль уваходзіла ў імперыю Малі. Яе тэрыторыя для еўрапейскіх каланізатараў была крыніцай таннай працоўнай сілы — рабоў. За тры стагоддзі, што еўрапейцы дамінавалі ў Гамбіі, яны вывезлі 3 млн чалавек.
Краіна дэ-факта атрымала незалежнасць 18 лютага 1965 года як канстытуцыйная манархія ў рамках брытанскай Садружнасці нацый. Праз некаторы час урад правёў рэферэндум, якім меў намер ператварыць краіну ў рэспубліку. Дзве трэці галасоў, неабходныя для ўнясення змяненняў у канстытуцыю, сабраць не ўдалося. Але галасаванне стала прарывам: нядаўняя калонія змагла на належным узроўні забяспечыць тайнае волевыяўленне з выкананнем правоў і свабод чалавека. Таму быў праведзены другі рэферэндум, і ў 1970 годзе краіна стала рэспублікай.
Хоць незалежнасць Гамбія абвясціла яшчэ ў 1965-м, да нядаўняга часу тут было толькі два кіраўнікі. Спачатку — Дауда Джавара, прэм'ер-міністр краіны пры каралеве Лізавеце ІІ, а пасля і першы прэзідэнт, які кіраваў 24 гады. Джавара стаў прэзідэнтам у 1970-м. Ён пераабіраўся пяць разоў. Але гэта не значыць, што яго кіраванне было бясхмарным. Так, у 1980-х яго ўжо спрабавалі скінуць. Незадаволенасць кіраўніцтвам краіны сярод насельніцтва справакавалі падзенне эканомікі і карупцыя сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Пераварот спрабавалі арганізаваць мясцовыя левыя, пакуль сам Джавара знаходзіўся з візітам у Лондане. Тады на дапамогу прэзідэнту прыйшоў той жа Сенегал, які для падаўлення бунту накіраваў 2700 салдат. Пераварот не адбыўся, але каштаваў жыцця амаль 800 чалавекам. Верагодна, у якасці платы за дапамогу Сенегал запатрабаваў ад Джавары яшчэ большай інтэграцыі. І Гамбія ў 1982-м на сем гадоў стала членам канфедэрацыі Сенегамбія.
А ў 1994 годзе адбыўся яшчэ адзін пераварот, які завяршыўся поспехам. На яго чале стаяў камандуючы Узброенымі сіламі Часовага кіруючага савета лейтэнант Яйя Джамэ. 3 кастрычніка 2013 года краіна выйшла з Садружнасці нацый з фармулёўкай «Гамбія ніколі не будзе членам неакаланіяльнай установы». У 2015-м Джамэ абвясціў Гамбію ісламскай рэспублікай, на той час пятай у свеце (такі статус таксама ў Ірана, Пакістана, Афганістана і Маўрытаніі). Канстытуцыя ўтрымлівае норму аб свабодзе веравызнання, але галоўнай рэлігіяй стаў іслам (гэтую рэлігію вызнаюць каля 90 працэнтаў насельніцтва). У тым жа годзе краіна адмовілася ад англійскай мовы і перайшла на арабскую.
У кастрычніку 2016 года краіна абвясціла і пра выхад з членства ў Міжнародным крымінальным судзе. «Гэтае рашэнне тлумачыцца тым, замест таго каб быць Міжнародным крымінальным судом, гэта насамрэч Міжнародны еўрапейскі суд, які пераследуе і прыніжае каляровых людзей, асабліва афрыканцаў», — заявіў тагачасны міністр інфармацыі краіны Шэрыф Боджанг.
Зёлкі ад СНІДу
Гамбія застаецца слабаразвітой аграрнай дзяржавай — 3/4 працаздольнага насельніцтва краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Паводле звестак ААН, каля паловы жыхароў жывуць за мяжой беднасці. ВУП Гамбіі за мінулы год самы нізкі ў Афрыцы — $886 млн. Па гэтым паказчыку краіна знаходзіцца на 179-м месцы ў свеце, тады як суседні Сенегал — на 116-м. ВУП на душу насельніцтва — $1,7 тыс. (40-е месца з 54 краін Афрыкі). Мінімальная заработная плата складае 1,25 долара ў дзень, што ніжэй усталяванай мяжы беднасці ($1,9).
Гамбія гандлюе арахісам — гэта аснова яе экспарту і наогул эканомікі. Пастаўляе за мяжу таксама рыбу, ядры пальмавых арэхаў. Для ўнутранага спажывання тут вырошчваюць рыс, кукурузу, маніёк. Турызм прыносіў каля 20% ВУП, але паток прыезджых скараціўся з 2014 года ў сувязі з распаўсюджваннем віруса Эбола ў суседніх краінах Заходняй Афрыкі.
Калі Яйя Джамэ прыйшоў да ўлады, яму было ўсяго 29 гадоў. Тады, а пасля яшчэ ў 2001-м і 2006-м ён трапляў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы малады з дзеючых кіраўнікоў дзяржаў. Дарэчы, лейтэнант Джамэ праходзіў ваенную падрыхтоўку ў ЗША, вучыўся ў Mіlіtаrу Роlісе Оffісеrs Bаsіс Соursе ў Форт-Маклелане ў штаце Алабама і якраз у 1994 годзе атрымаў дыплом па ваеннай справе.
Стаўшы прэзідэнтам і хутка «прайшоўшы» шлях да палкоўніка, Джамэ ўвёў для сябе дадатковыя рэгаліі. Цалкам яго тытул гучаў наступным чынам: «Яго правасхадзіцельства прэзідэнт шэйх прафесар Аль-хаджы доктар Яйя Джамэ». Дарэчы, за прыхільнасць да квяцістых тытулаў яго неаднаразова параўноўвалі з іншымі экстравагантнымі афрыканскімі лідарамі, такімі, напрыклад, як кіраўнік Заіра (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) Мабуту Сесе Сека, а таксама «Уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, Заваёўнік Брытанскай імперыі» Ідзі Амін з Уганды.
У 2010-м нязменны прэзідэнт (усенародна абіраўся ў 1996, 2001 і 2006 гадах) выказаў жаданне стаць каралём Гамбіі, але, зрэшты, сам жа і адмовіўся ад гэтай ідэі. Замест каранацыі Джамэ зноў заняў пасаду прэзідэнта — у 2011-м. Імкненне стаць абсалютным манархам зусім не перашкодзіла Джамэ ў пачатку 2000-х паўдзельнічаць у сустрэчы тагачаснага прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага з лідарамі заходнеафрыканскіх дзяржаў з дэмакратычнай формай праўлення.
На пасадзе прэзідэнта Джамэ, сярод іншага, праславіўся заявай, што знайшоў лекі ад СНІДу і астмы. Гэтыя цяжкія захворванні ён прапаноўваў лячыць адварамі з зёлак. У 2009 годзе яго адміністрацыя абвясціла кампанію па збавенні краіны ад ведзьмакоў, пасля таго як Джамэ абвясціў, што менавіта тыя вінаватыя ў смерці яго цёткі. Прэзідэнт Гамбіі сцвярджаў, што і сам валодае звышнатуральнымі здольнасцямі. Джамэ таксама вызначыўся барацьбой за дысцыпліну. «Моладзь, якая гуляе ў футбол у сезон дажджоў і адмаўляецца працаваць на краіну, будзе сядзець у турме», — заявіў лідар на сустрэчы з грамадзянамі ў 2003 годзе. Зрэшты, нязменны прэзідэнт выкарыстоўваў не толькі пугу, але і пернік. У 2013-м Джамэ прыняў рашэнне аб усталяванні чатырохдзённага працоўнага тыдня, прыплюсаваўшы да ўік-энду яшчэ і пятніцу.
«Ніхто, апроч Алаха»
Джамэ спачатку прызнаў паражэнне, аднак пасля адмовіўся перадаваць паўнамоцтвы абранаму новаму кіраўніку дзяржавы. Хоць Адама Бэроу атрымаў бясспрэчную перамогу: вядомага ў краіне бізнесмена, які займаецца нерухомасцю, падтрымалі 45,5% выбаршчыкаў, тады як дзеючы кіраўнік набраў толькі 36,7% галасоў. Бэроу вывучаў асновы бізнесу ў Вялікабрытаніі, а з 2013 года займаў пасаду скарбніка кіруючай партыі.
Джамэ заявіў, што ніхто не можа пазбавіць яго перамогі, апроч Алаха, і ўвёў на 90 дзён ваеннае становішча ў краіне. Напярэдадні нацыянальная асамблея Гамбіі падоўжыла яго паўнамоцтвы. У Банжуле пачаліся акцыі пратэсту. Пасля гэтага ўлады Сенегала вырашылі ўвесці ў Гамбію войскі, каб «стабілізаваць напружаную сітуацыю ў краіне». Да іх падключыўся ваенны кантынгент Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў (ЭКОВАС), які задзейнічаў сухапутныя, паветраныя і марскія рэсурсы армій 15 краін. Дзеянні Сенегала падтрымалі ваенна-паветраныя сілы Нігерыі. Кантынгент арміі ўключыў «значныя сухапутныя, паветраныя і марскія сілы», адзначыў палкоўнік сенегальскай арміі Абду Ндзіайе. У інтэрвенцыі ў Гамбію ў рамках аперацыі «Аднаўленне дэмакратыі» ўдзельнічалі каля 7 тысяч вайскоўцаў кааліцыі і тэхніка, уключаючы знішчальнікі, сродкі транспартнай авіяцыі, лёгкія шматмэтавыя верталёты, а таксама паветраныя судны. У выпадку паўнавартаснай інтэрвенцыі стрымаць нападнікаў арміі Гамбіі было б цяжка, нягледзячы на рэгулярны ўдзел вайскоўцаў краіны ў міратворчых аперацыях у краінах Афрыкі, Афганістане, Косаве іншых гарачых кропках — колькасць жывой сілы складае ўсяго каля тысячы чалавек (два пяхотныя батальёны, рэспубліканская гвардыя і ахова прэзідэнта). Таксама на ўзбраенні арміі краіны адзін франтавы штурмавік Су-25.
Вайсковую аперацыю падтрымаў Дзярждэп ЗША. Аналагічную пазіцыю занялі ў ААН — генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш павіншаваў Бэроу з яго «інаўгурацыяй», якая прайшла 19 снежня ў сталіцы Сенегала Дакары, і выказаў занепакоенасць дзеяннямі Джамэ. Прэзідэнт Францыі Аланд таксама выказаў гатоўнасць сустрэцца з Бэроу як з новым прэзідэнтам краіны. Між тым жыхары масава ўцякалі з краіны: з моманту пачатку баявых дзеянняў Гамбію пакінулі ўжо больш за 50 тысяч чалавек.
На шчасце, вайны ўдалося пазбегнуць. Як заўважыў загадчык Цэнтра даследавання расійска-афрыканскіх адносін і знешняй палітыкі краін Афрыкі Інстытута Афрыкі РАН Яўген Карэндзясаў, умяшанне Сенегала абумоўлена яшчэ і іншымі прычынамі. «Тэрыторыя Гамбіі не толькі пранізвае сенегальскую ад Атлантыкі да Сахары, але мяжа яшчэ і ідзе ўздоўж раёнаў Сенегала, дзе актыўныя сепаратысты. Яму не патрэбна лішняя нестабільнасць у рэгіёне, — растлумачыў афрыканіст. — Будуць зроблены ў першую чаргу дыпламатычныя намаганні, каб вярнуць падзеі ў легітымнае рэчышча». Так яно, дарэчы, і атрымалася. Джамэ атрымаў прытулак у Экватарыяльнай Гвінеі, а Бэроу рыхтуецца да сапраўднай інаўгурацыі. Магчыма, краіна здольная будзе зноў стаць «берагам усмешак».
Захар БУРАК
burаk@zvіаzdа.bу [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burаk@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/gambiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/yayya-abdul-aziz-dzhamus-dzhunkung-dzhame
[7] https://zviazda.by/be/tags/adama-berou