На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? Ці можна сёння выжыць, займаючыся толькі навукай? Якім чынам трэба арганізаваць навуковую дзейнасць моладзі, каб атрымаць для эканомікі максімальны эфект? Ці патрэбна ў навуцы масавасць? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі круглага стала «Маладзёжная навука: падтрымка, перспектывы, праблемы», які прайшоў у рамках Рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі.
«Школы аксакалаў»
На думку старшыні савета маладых вучоных БДУ Ганны КАРАЛЁВАЙ, сёння адной з асноўных праблем з'яўляецца недастаткова высокі ўзровень абароны кандыдацкіх дысертацый выпускнікамі аспірантуры: «Менавіта таму пры нашым савеце была створана «школа аксакалаў» — супрацоўнікаў БДУ, якія паспяхова абараніліся і гатовы падзяліцца з «моладдзю» сваім практычным досведам: як прайсці даволі складаную шматступеньчатую працэдуру па абароне кандыдацкай з захаваннем ўсіх бюракратычных патрабаванняў? Тым больш, што калі першая спроба абароны аказваецца няўдалай, вельмі цяжка бывае адважыцца на паўторны штурм».
Як вядома, у ідэале кожны выпускнік аспірантуры павінен выйсці на абарону кандыдацкай або да заканчэння сваёй вучобы, або ў першы год пасля выпуску. Але так адбываецца далёка не заўсёды. І прычын на гэта шмат.
— Калі я заканчвала вучобу ў аспірантуры, мне было вельмі нявыгадна ў матэрыяльным плане не абараніцца ў тэрмін, — канстатавала Ганна Каралёва, — таму што стаўка старшага выкладчыка была значна меншая за стаўку дацэнта. І мне даводзілася пастаянна сябе падганяць, працаваць па начах. Але пасля павышэння старшым выкладчыкам, якія не абаранілі дысертацыю, тарыфнай стаўкі на 50 працэнтаў стымулу для атрымання навуковай ступені цяпер у аспірантаў няма.
Дарэчы, у савецкія часы аклад асістэнта складаў 100 рублёў, а дацэнта — 240 рублёў. Розніца — відавочная.
Метад бізуна і перніка
Агульнавядома, што мала хто з навучэнцаў дзённай формы аспірантуры і дактарантуры жыве за стыпендыю, усе яны або займаюцца выкладаннем, або рэалізуюць сябе ў іншых сферах. І вось тут паўстае ўжо іншая праблема: дзе знайсці час для таго, каб працаваць яшчэ і над сваёй будучай кандыдацкай ці доктарскай працай? Як трапна заўважыла адна з удзельніц, напісанне доктарскай — яшчэ больш складаная задача: за тры гады ты павінен фактычна зрабіць адкрыццё, здзейсніць прарыў у нейкай сферы. Дык навошта ставіць людзей у «сітуацыю выжывання» — прымушаць іх зарабляць сродкі на існаванне замест заняткаў навукай?
Прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пахваліліся, што ў іх колькасць абароненых у тэрмін аспірантаў павялічылася апошнім часам у 3,5 раза. Але як удалося дасягнуць такога фантастычнага прагрэсу ў рэгіянальнай ВНУ? Высветлілася, што дзякуючы метаду бізуна і перніка... Перад аспірантамі паставілі ўмову: калі яны абараняюцца адразу пасля заканчэння аспірантуры, то застаюцца працаваць ва ўніверсітэце, а калі кіраўніцтва бачыць, што аспірант на абарону навуковай працы не выходзіць, то кантракт з асістэнтам кафедры заключаецца толькі на год. З улікам цяперашняй няпростай сітуацыі на рынку працы колькасць ахвотных застацца без работы паменшылася, адпаведна ўзрасла і колькасць абароненых навуковых прац. А своеасаблівым пернікам для паспяховых выпускнікоў аспірантуры становіцца прэмія, якой іх заахвочваюць пасля абароны. Акрамя таго, на час праходжання абароны аспірантам змяншаецца вучэбная нагрузка на кафедры, плюс ім пакрываюцца ўсе камандзіровачныя выдаткі, паколькі ўсе саветы па абароне знаходзяцца ў Мінску.
Але ў сталічных ВНУ назіраецца іншая сітуацыя. Аспіранты за работу ва ўніверсітэтах не моцна трымаюцца. Больш таго, маладыя хлопцы ўвогуле часта кідаюць вучобу...
Колькасць ці якасць?
— У эканамічным універсітэце абараняюцца пераважна дзяўчаты, якіх, напэўна, утрымліваюць хлопцы, што былі адлічаны з аспірантуры раней, — жартуе старшыня Савета маладых навукоўцаў БДЭУ Вольга МАРАЗЕВІЧ. — Натуральна, што для маладых людзей, якія ствараюць сем'і, фінансавае пытанне стаіць вельмі востра. У сілу аб'ектыўных прычын разважаць пра змяненне фінансавання падрыхтоўкі маладога навукоўца нам сёння не даводзіцца. А вось пра больш матываваны адбор у аспірантуру трэба казаць услых. Для таго, каб ісці ў аспірантуру і дактарантуру, павінен быць створаны навуковы зачын. Калі ісці туды «пустым», то за тры гады вучобы нічога ў навуцы здзейсніць дакладна не атрымаецца. Павінна быць стратэгія, упэўненасць у тым, што выканаеш навуковае даследаванне, напішаш дысертацыю, абаронішся... Аспірантура прызначана толькі для тых, каму ёсць куды рухацца, і гэта трэба даводзіць да моладзі. Адназначна, пры такім падыходзе і ў аспірантуру, і ў дактарантуру прыйдзе менш людзей, але эфектыўнасць на выхадзе павысіцца. Масавасць у навуцы зусім не патрэбная. Вучоны — гэта «штучны тавар». Не з кожнага спартсмена можна зрабіць алімпійскага чэмпіёна, і не з кожнага атрымаецца добры навуковец.
ФабЛабы і стартапы
У Магілёўскім дзяржаўным педагагічным універсітэце пайшлі яшчэ далей і вырашылі рыхтаваць будучых даследчыкаў... за школьнай партай. Тут упэўненыя, што вучні педагагічных класаў матываваныя не толькі на атрыманне педагагічнай прафесіі, але і на даследчую працу, і арганізавалі для іх творчую лабараторыю «Навуковы свет педагагічнай прафесіі».
Не сакрэт, што ў педагогіцы абараняецца не так шмат навуковых работ. Аспіранты часта скардзяцца, што ім не хапае эксперыментальнай базы для правядзення навуковых даследаванняў і праектнай дзейнасці. Калі гісторыкам дастаткова пасядзець у архіве, каб напісаць навуковую працу, то ў педагогіцы ўсё нашмат больш складана — патрабуецца аўдыторыя для правядзення эксперыменту: школьнікі, навучэнцы, студэнты... Даказаць у Вышэйшай атэстацыйнай камісіі актуальнасць прадмета даследавання так сама бывае праблематычным. Увогуле ў гуманітарных навуках не ўсё так відавочна — для асэнсавання часта патрабуецца час.
Праўда, дацэнт кафедры бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі БНТУ, кандыдат тэхнічных навук Ігар ЯНКОЎСКІ сцвярджае, што і прадстаўнікам тэхнічных навук не менш складана знайсці базу для збору інфармацыі для сваёй навуковай працы. Куды ісці і за якія сродкі праводзіць даследаванні і вымярэнні? Натуральна, за свае: звяртайся на прадпрыемства з суперсучасным абсталяваннем і дамаўляйся...
Кіраўнік бізнес-цэнтра Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дацэнт кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынга Сяргей ШЫШЛО звярнуў увагу на неабходнасць стварэння ва ўніверсітэтах цэнтраў калектыўнага карыстання абсталяваннем, так званых фаблабаў, дзе маладыя вучоныя маглі б штосьці ствараць за мінімальныя сродкі. Яшчэ адна праблема — адсутнасць заканадаўства, якое б рэгулявала дзейнасць стартапаў на базе ўніверсітэтаў. «Заканадаўствам павінен быць дакладна вызначаны патэнцыял распрацоўкі з пункту гледжання размеркавання магчымага прыбытку: якую частку атрымлівае ўніверсітэт, якую — аўтарскі калектыў, а якую — ментар ці інвестар, — кажа Сяргей Шышло. — З-за таго, што распрацоўшчыкі не маюць гарантыі атрымання прыбытку, вельмі складана стымуляваць іх рухацца наперад. І калі згаданая праблема не будзе вырашана, то ўніверсітэцкія інфраструктуры ў выглядзе тэхнапаркаў і бізнес-інкубатараў будуць прастойваць і не прынясуць чаканага выніку.
Выхавальнікі талентаў
— Універсітэцкая навука працуе сёння марудна, — канстатаваў Сяргей Шышло. — Сярэдняя хуткасць стварэння інавацыйнай распрацоўкі павінна быць у межах аднаго квартала. Але ці можам мы пахваліцца такой аператыўнасцю?
Увогуле неабходнасць камерцыялізацыі навуковых распрацовак — адна з найбольш актуальных праблем. Ці правільна гэта — патрабаваць ад вучонага, які вылучае ідэю і даводзіць яе да канчатковага прадукту, каб ён яшчэ гэты прадукт і ўкараняў, і прадаваў? Саветы маладых навукоўцаў ва ўніверсітэтах ладзяць спецыяльныя семінары, дзе даследчыкаў вучаць, што трэба зрабіць, каб твая праца не пылілася на паліцы...
Закранулі падчас круглага стала і яшчэ адно важнае пытанне — ролю ў паспяховай абароне кандыдацкіх работ навуковых кіраўнікоў аспірантаў. Некаторыя з іх, на жаль, фармальна ставяцца да сваіх абавязкаў. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце дацэнтам, у якіх ёсць абароненыя на працягу трох гадоў аспіранты, змяншаюць нагрузку на кафедры: калі ў цябе адзін аспірант — на 50 гадзін у год, а калі два — то на 100 гадзін. Гэта робіцца для таго, каб яны больш часу і сваёй увагі выдаткоўвалі на «выхаванне» маладых навукоўцаў. Як прызналася Вольга Маразевіч, «вызваленыя ад работы ў лекцыйных аўдыторыях 100 гадзін мне зусім не перашкаджаюць». Праўда годна ацанілі такую «палёгку» не ўсе ўдзельнікі круглага стала, нагадаўшы, што ў савецкія часы нагрузка на дацэнтаў у прынцыпе была значна меншай, а прэстыжнасць працы — нашмат вышэйшай...
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/navuka
[5] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[6] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[7] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-festyval-maladzyozhnay-universiteckay-navuki
[8] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/god-navuki