Арганізатары агульнарэспубліканскага мерапрыемства заклікаюць удзельнікаў рабіць добрыя справы для сваёй краіны. На ўрачыстым адкрыцці акцыі ў сталічным Доме моладзі сабраліся прадстаўнікі студэнцтва, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, вучоныя, пісьменнікі, спартсмены, музыканты, артысты, мастакі і тэлевядучыя, якія з’яўляюцца прыкладам для многіх хлопцаў і дзяўчат.
Госці стасаваліся, дзяліліся гісторыямі пра дабро і ўзаемадапамогу, а таксама выказвалі добрыя пажаданні незвычайным спосабам — праз удзел у інтэрактыўных майстар-класах “Азбука беларускага арнаменту”, “Беларуская выцінанка”, “Арыгамі” і іншых. Цэнтральным элементам адкрыцця стала “Карта добрых спраў”, на якой удзельнікам прапанавалі напісаць пра добрыя справы, здзейсненыя для блізкіх або незнаёмых людзей, калектыву, горада, краіны ў цэлым.
— Добрыя справы трэба рабіць, не выхваляючыся, — адзначыла адна з гасцей сустрэчы, старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэта Лідзія ЯРМОШЫНА. — Калі ў грамадстве на такім высокім узроўні кажуць пра каханне, то гэта прыкмета дабрабыту грамадства. Я дзякую Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі за тое, што ён кажа пра галоўнае нефармальным спосабам, праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне беларускай нацыянальнай ідэі. Няхай гэтая акцыя радуе людзей і працягвае абуджаць найлепшыя чалавечыя пачуцці!
Па задумцы арганізатараў, “Карты добрых спраў” у рамках акцыі “За любімую Беларусь” з’явяцца ўва многіх рэгіёнах краіны і на працягу года будуць запаўняцца вялікімі і маленькімі перамогамі ўдзельнікаў. На іх будуць таксама размяшчацца адрасы месцаў, у якіх патрэбна дапамога, напрыклад, кватэр людзей сталага ўзросту, шматдзетных сем’яў. Гісторыі добрых спраў будуць у адкрытым доступе на сайце БРСМ. Акрамя гэтага, у рамках акцыі пройдуць і іншыя мерапрыемствы: святы (Дзень Незалежнасці, Дзень Дзяржаўнага сцяга), марафоны добрых спраў, дабрачынныя эстафеты, працоўныя дэсанты, маладзёжныя форумы, флэшмобы, круглыя сталы, семінары, віктарыны і іншыя.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lyskavets@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/lidziya-yarmoshyna-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus