Пры нашым дзіцячым садзе — сярэдняй школе не адно дзесяцігоддзе існуе клуб «Міласэрнасць». Яго задача — дапамагаць састарэлым, на справе клапаціцца пра тых, хто застаўся зусім адзінокім.
Зіма і сапраўды час, які выпрабоўвае людзей на трываласць. Таму цяпер вучні 5—11 класаў кожны тыдзень (а калі ёсць неабходнасць, то і часцей) наведваюць сваіх падшэфных. Раней гэта былі ў асноўным ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, цяпер — ветэраны працы. Яны ведаюць, хто і калі да іх завітае, да каго можна звярнуцца з просьбай згрэбці лісце, скласці дровы і г.д. У зімовы час «графік наведвання» вызначае само надвор'е. Пасля снегападаў, напрыклад, дзеці разам з класнымі кіраўнікамі заходзяць да сваіх падшэфных, каб расчысціць сцежкі, нанасіць у хаты дроў...
Але ж не толькі. Як паказвае вопыт сустрэч, нашым пажылым, апроч дапамогі, патрэбны і звычайныя чалавечыя зносіны. Яны ахвотна расказваюць дзецям, як выжывалі пасля вайны, як вучыліся ў школе, што шанавалі і чым ганарыліся, як ваявалі іхнія бацькі...
Усё пачутае выхоўвае ў дзецях пачуцце спагады, вучыць дабрыні і чалавечнасці, без якой, паводле Пімена Панчанкі, не будзе вечнасці.
Валянціна Емельяновіч, класны кіраўнік 8-га класа, в. Мілевічы, Жыткавіцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvarotnaya-suvyaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-sad
[4] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga
[5] https://zviazda.by/be/tags/veteran
[6] https://zviazda.by/be/tags/vayna