
Кошур Святлана
Святлана Кошур нарадзілася ў 1958 годзе ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Скончыла Карэліцкую СШ (1974), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1979). Працавала настаўніцай у навучальных установах Карэліцкага раёна. А на працягу 25 гадоў — у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі. У беларускіх перыядычных выданнях і навуковых зборніках пачалі рэгулярна з’яўляцца краязнаўчыя артыкулы і нарысы карэліцкай даследчыцы. Каля 300 публікацый пабачылі свет на старонках газет «Культура», «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», «Рэспубліка», «Краязнаўчая газета», у бюлетэні Скарынаўскага навукова-асветніцкага цэнтра «Кантакты і дыялогі», у розных навуковых зборніках. У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Музейны работнік года». У 2008 годзе атрымала Падзяку дырэкцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2012 годзе Святлану Андрэеўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. За кнігу «Залатая падкова Свіцязі», выдадзеную ў 2016 годзе, Святлана Кошур была другі раз узнагароджана прэміяй імя А. І. Дубко — у намінацыі «Пісьменнік года».