Іван Шамякін: вядомы і невядомы
Да 100-годдзя з дня нараджэння таленавітага пісьменніка, сцэнарыста, грамадскага дзеяча Івана Шамякіна выйшла кніга «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», аўтарам якой з’яўляецца дачка пісьменніка Таццяна Шамякіна.
Выданне ўяўляе сабой збор самых сакавітых цікавінак. Тут матэрыялы энцыклапедычнага кшталту, успаміны дачкі пра бацьку, звесткі пра радавод І. Шамякіна, адлюстраваныя ў трох планах: тэрыторыя любові (маці пісьменніка), тэрыторыя кахання (жонка пісьменніка) і тэрыторыя шчасця (дзеці пісьменніка). Асаблівую цікавасць уяўляюць урыўкі з дзённіка дачкі Таццяны пра падзеі аднаго года ў жыцці І. Шамякіна — 1980-га. Яны дазваляюць паглядзець на пісьменніка не вачыма чытача (як гэта заўсёды бывае), а вачыма дачкі — пазнаёміцца з І. Шамякіным з іншага, раней не вядомага, боку.
У кнізе ёсць навукова-папулярныя артыкулы пра маладаследаваныя аспекты творчасці народнага пісьменніка Беларусі, эсэістычныя нататкі, у якіх вобраз І. Шамякіна яскрава і шматгранна паўстае на фоне эпохі, сяброўскіх і сямейных адносін, адлюстроўваецца стаўленне пісьменніка да архітэктуры, музыкі, выяўленчага мастацтва.
Тэрыторыя кахання, якая расказвае чытачу факталагічную гісторыю знаёмства І. Шамякіна з яго жонкай Марыяй, плаўна працягваецца мемуарнай аповесцю пісьменніка «Слаўся, Марыя!» — гісторыяй кахання, любові і жыцця. Інакш і не магло быць: усе лёсавырашальныя сустрэчы, людзі і жыццёвыя сітуацыі, што пакінулі адбітак у жыцці І. Шамякіна, пісьменнік адлюстраваў у літаратурным аздабленні і захаваў у сваёй творчасці.
Кніга «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» прадстаўляе пісьменніка як творчую асобу ў розных, часам незвычайных, ракурсах. Таццяна Шамякіна звяртае ўвагу чытача на родзічаў літаратара, яго стасункі з людзьмі, на розныя абставіны ў жыцці пісьменніка, яго цікавасць да мастацтва — усё, што вызначала Івана Пятровіча як асобу. Між тым выданне цікавае сваім неардынарным падыходам да гісторыі грамадства, мастацкай літаратуры, таму будзе карысным усім, хто цікавіцца айчыннай культурай.