Пачаць гэты расказ хацелася б прыгожа. Напрыклад, словамі рускага класіка: «Мороз и солнце, день чудесный!..» Альбо беларускага: «Надышлі марозы, рэкі закавалі...» Аднак і першае, і другое ў тую зіму здаралася рэдка, значыць, расказ пачну без вершаў.
Дзядзька Іван быў чалавекам вельмі майстравым: ён, што называецца, з нічога і сваімі рукамі чаго толькі не зрабіў! Сабраў, у прыватнасці, трактар. Няхай без кабіны, няхай без глушыцеля, але ж ён вёз — і гаспадара, і ўсё, што той пакладзе...
Дык вось. Адным цёплым лютаўскім днём вырашыў Іван паехаць у лес па дровы. Ускінуў на плечы целагрэйку, на макаўку — шапку-аблавушку, заткнуў за пояс сякеру і завёў стальнога каня.
Ехаць да лесу было далекавата — кіламетраў з пяць і там яшчэ парачку. Але ж у такое прыгожае надвор'е адлегласці Іван не заўважаў. Трактарок яго роўненька, хоць і на ўсю ваколіцу лапатаў, на кожнай ямінцы гаспадара свайго лёгка падкідваў, «вушамі» ад шапкі вецер ганяў...
Што важна, вушы ў Івана былі адкрытыя...
І тым не менш за грукатам ён не чуў, што на вузкай дарозе, ззаду за ім, амаль ад самай вёскі, прыстроіўся «жыгулёк» з трыма хлопцамі-пасажырамі. Куды яны ехалі і чаго, ці моцна спяшаліся, гісторыя змоўчвае, а я прыдумваць не буду. Але ж факт, што абагнаць Іванаву тарахцелку яны вельмі хацелі і дзеля гэтага чаго толькі не рабілі: і сігналілі трактарысту, і фарамі міргалі, і крычалі-галёкалі, і свісталі... У адказ жа бачылі адно — вясёлае калыханне «спіны» ды «вушэй» у шапцы.
Толькі ў лесе хлопцы неяк злаўчыліся — заехалі наперад, абагналі самаробны трактар і, загарадзіўшы дарогу, сталі. Іван спыніўся таксама: як нічога ніякага пайшоў да людзей.
Думаеце, атрымаў па шапцы?
Не, тады яшчэ завядзёнак такіх не было. Хлопцы проста вылезлі з машыны, рушылі насустрач трохі здзіўленаму Івану, парукаліся. Адзін пры гэтым заўсміхаўся, разглядаючы трактар, другі — паляпаў умельца па плячы, трэці — самы сур'ёзны, кіроўца, апусціў у Іванавай шапцы вушы і надзейна, на два вузлы, пад самай шыяй завязаў іх.
Пасля гэтага хлопцы моўчкі селі ў свае «жыгулі» і паехалі.
Дзядзька паспрабаваў быў развязаць вузел — навобмацак не атрымалася, а люстэрка пры сабе ён не меў. Паспрабаваў быў парваць завязкі — дудкі: хтось прышыў як сабе. Была думка неяк скарыстацца сякерай... Не прылаўчыўся...
Так і працаваў бедны, — мокры, як мыш... Ведама — дровы... З пілой, з сякерай...
І дамоў потым ехаў, як першакласнік — з завязанымі вушамі.
Добра, што жонка ў хаце была: уратавала небараку, а то і еў бы ў шапцы.
... Змяніліся цяпер і часы, і норавы. Мала такіх людзей, як Іван, як яго спадарожнікі. Не носіць амаль ніхто шапак-аблавушак са штучнага футра. Няма і такіх прыгожых пагодных зім.
Але ж гэта было, як і гісторыя, якую я расказаў.
Генадзь Рыняк, г. Бялынічы
Непадалёк ад нас, у суседніх вёсках жылі два былыя аднакласнікі, якія трымалі сабак. У аднаго быў прыгажунчык Рэкс, чыстапародная аўчарка, у другога — трохі... падобная на яе (то-бок на аўчарку) сучка Лада. Не скупілася яна — час ад часу прыводзіла гаспадару досыць мілых шчанят, але ж, можна сказаць, «двортэр'ераў». А яму хацелася, каб пародзістых, каб і сабе нарэшце «хлопчыка» пакінуць, і іншым прапанаваць.
Гаспадар казаў гэта Ладзе і нават не раз, яна слухала, але ж, падобна, не чула, бо па-ранейшаму выбірала «кавалераў» не цвярозым розумам з мэтай палепшыць пароду, а парывамі душы (як, дарэчы, і большасць істот жаночага полу). А ў выніку ў кожны новы прыплод «цешыла» то рабенькай поўсцю, то абвіслымі вушамі, то крывымі лапамі...
«З гэтым трэба нешта рабіць», — лічыў гаспадар і нават дадумаўся, што канкрэтна: ён дамовіўся са сваім аднакласнікам «пазнаёміць», «сасватаць» сабак.
Правілы этыкету пасля непрацяглых дэбатаў мужчыны вырашылі адкінуць: наладзіць сустрэчу на тэрыторыі «кавалера».
Сказана — зроблена: вечарам пэўнага дня, разагнаўшы з падворка ўсіх прэтэндэнтаў на Ладзіны лапу і сэрца, гаспадар вывеў сваю, як яму здавалася, надзейна схаваную «нявесту», пасадзіў яе ў каляску ІЖа і адправіўся ў суседнюю вёску.
Абуранае гэтым учынкам сабачае «вяселле» (і як толькі ўнюхалі?!) дружна рушыла следам: «ганаровы эскорт» складаўся з добрага дзясятка асобін.
Ладзін гаспадар, убачыўшы гэта, вырашыў уцячы, паддаць газку — думаў, што «світа» адстане. Ды дзе там: амаль упоравень з матацыклам «каціўся» нават самы маленькі з сабак — белалапы Шарык! Прычым — аж да сялібы Рэкса...
Далей за брамку мужчыны «эскорт» не пусцілі, наадварот — шуганулі так...
Ладу адну павялі ў гумно. Туды ж следам запусцілі Рэкса. Гаспадары абодвух сабак праз шчыліну ў дзвярах яшчэ «адсачылі» працэс «знаёмства»: тыя абнюхаліся, трэба разумець адно да аднаго паставіліся прыязна? А значыць, мужчынам падалося, што справа зроблена, бо «маладыя» ж засталіся нанач...
Што далей было — таямніца, пакрытая цемрай, — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Бо першае, што раніцай і яшчэ на подступах да гумна згледзелі «сваты», — быў падкоп пад дзвярыма.
Не ўсцешыла і тое, што ўбачылі потым: на сене соладка спаў прыгажунчык Рэкс. «Нявесты» і след прастыў.
Але ж надзею гаспадару яго Лада пакінула, прычым аж да той пары, пакуль не прывяла пяцярых здаровенькіх тоўсценькіх шчанючкоў. Кожны з іх «цягнуў» на аўчарку — чыстапародную... Калі б не рыжая афарбоўка і не белыя «шкарпэтачкі-гольфікі» — якраз як на лапках у Шарыка.
Алена Несцяронак, г. Докшыцы
...Шчыра кажучы, маладыя вяскоўцы жылы цяпер не рвуць. І сапраўды: навошта трымаць карову, калі ў краме і малако, і смятана, і тварог з ёгуртам? І парасят навошта купляць, калі на іх то грып, то чума, то яшчэ якая бяда? Пусцеюць падворкі. Дык, значыць, і гароды паменшыць можна — сотак да пяці?
Праўда, і дзякуй богу, думаюць так не ўсе. Ёсць яшчэ, засталіся ў тутэйшых вёсках «дыназаўры»: не адмовіліся яны, трымаюць жыўнасць. А для гэтага кожную вясну садзяць гоні бульбы ды сеюць збожжа. І, вядома ж, потым убіраюць зусім не рыдлёўкамі і не сярпамі. Ім на дапамогу (клопатам дырэктара гаспадаркі) прыходзіць спецыяльная тэхніка. І, напрыклад, за штурвалам камбайна тады важна сядзіць Віцёк.
Да вяскоўцаў на прыватныя гоні ён, вядома ж, едзе не хаўтурыць: на працы чалавек знаходзіцца, яму заробак ідзе. І людзі пра гэта ведаюць, але ж самі таксама разлічыцца хочуць — аддзячыць чалавеку той жа бутэлечкай вінца альбо першаку. Віця гэтых гасцінцаў не просіць, ён проста не адмаўляецца. Але ж каб сесці піць... Ды Божа барані! Гэта — хіба пасля працы.
Дык вось. Закончыў ён уборку ў суседнім сяле, паставіў камбайн і толькі тады падаўся да хлопцаў, каб разам адзначыць дажынкі.
Выпіць у іх было што, закусіць — таксама, адзінае — чаравікі. Гарачыя і цяжкія, яны яшчэ зранку абцугамі сціскалі ногі, а ўжо бліжэй да вечара... Ступні ў іх аж гарэлі!
Віця рады быў, што разуўся. А яшчэ — што нарэшце дажынкі, можна сказаць, свята, што добрая кампанія, што выпіўка ёсць і закуска, што... «Зорка Венера ўзышла над зямлёю».
Карацей, у той вечар жонка ледзь прыждала яго.
Але ж прывеціла, заўважыла яшчэ, што муж кіслы нейкі, спытала, чаго?
— Ды вось, — уздыхнуў гаспадар, — быў конь ды, мусіць, з'ездзіўся. Захварэў я, падобна... Прыйдзецца да доктара заўтра ехаць: ногі ў ступнях — як сабакі рвуць!
— А Божухна! Ты ж нічога не казаў, — захвалявалася гаспадыня. — Ты ж раніцай з хаты як быццам здаровы пайшоў. Што ж з тваімі нагамі зрабілася? Не трымаюць?
— Не.
— То сядай хутчэй.
Віцёк памалу, асцярожненька апусціўся на канапу. Хацеў быў разуцца — жонка апярэдзіла:
— Давай дапамагу. Бедненькія ножкі...
Прысела ля іх і тут жа ўстала:
— Не дзіва, што яны баляць! Ты ж вочы разуй — паглядзі, як абуўся: на правай назе левы чаравік, а на левай — правы. Скідай... Як бачыш палягчэе. Можа і да доктара ехаць не спатрэбіцца.
Як у ваду кабета глядзела: боль амаль што сціх, прычым — у той жа вечар.
...Аднак тыя цесныя і цяжкія чаравікі Віцёк усё роўна не выкінуў, бо... чароўныя, бо дадому, да жонкі прывялі, нягледзячы на тое, што на правай назе быў левы, а на левай — правы.
Альфрэд Тычко, в. Ідолта, Мёрскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] mailto:dounar@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou