На 57-е Венецыянскае біенале, што адкрылася 13 мая ў знакамітых садах Джардзіні, Арсенале і па-за іх межамі, Беларусь прывезла «Стол». Чацвёрты раз мы прадставілі на самым знакамітым і прэстыжным форуме сучаснага мастацтва Нацыянальны павільён і гэтым разам яго ўвасобіў праект Рамана Заслонава ў жанры відэаарта. Мастак ствараў канцэпцыю і прамалёўваў эпізоды, Сяргей Талыбаў стаў рэжысёрам фільма, а Віктар Лабковіч — прадзюсарам праекта. «Стол» быў абраны спецыяльнай камісіяй з васямнаццаці варыянтаў, і з гэтага ўсё закруцілася — пошук пляцоўкі, сотні працэдур падрыхтоўкі да выставы, рэклама, аздабленне павільёна, уласна адкрыццё. Куратар павільёна і дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч ужо вярнулася з Венецыі і ў першую чаргу мы ў яе запыталіся ўласна аб уражаннях, у тым ліку ад выставы найвядомейшага сучаснага мастака Дэм'ена Хёрста.
— Выстава Дэм'ена Хёрста не з'яўляецца часткай Венецыянскага біенале, але аўтар рыхтаваў свой праект спецыяльна на час яго правядзення і зразумела чаму: за сем месяцаў работы біенале па венецыянскіх арт-маршрутах праходзіць велізарная колькасць людзей (так званы арт-турызм). Дырэкцыя выставы рыхтуе бясплатныя каталогі і карты, з якімі лягчэй арыентавацца і знаходзіць нацыянальныя павільёны, бо шмат краін выстаўляецца па-за межамі садоў Джардзіні. Здымаць памяшканні — нармальная практыка, якая стала асабліва распаўсюджанай са з'яўленнем новых удзельнікаў. Напрыклад, былы павільён Савецкага Саюза ў садах Джардзіні стаў павільёнам Расіі, а Украіна, Азербайджан, Арменія, Беларусь штогод шукаюць пляцоўкі.
Маё галоўнае ўражанне ад сёлетняга біенале звязана з разнастайнасцю поглядаў і трактовак дэвізу («Няхай жыве жывое мастацтва»), якое аказалася, відаць, найбуйнейшым за ўсе часы, што я сюды прыязджаю. Сёлета тут можна ўбачыць вострасацыяльныя рэчы, як, напрыклад, ва ўладальніку Залатога льва павільёне Германіі, які быў ператвораны ў своеасаблівы акварыум з двайным дном, шклянымі сценамі і падлогай. Прадстаўленне «Фауст» доўжыцца каля пяці гадзін: пад тваімі нагамі з'яўляюцца людзі ў цёмным адзенні і скураных накаленніках, якія не маюць магчымасці ўстаць у поўны рост і выбрацца на вуліцу — дарогу ім перагароджваюць ахоўнікі і сабакі. У павільёне, які ў 1933 годзе адкрываў Гітлер, створана замкнёная прастора, квінтэсэнцыя несвабоды чалавека, такі імправізаваны канцлагер. Фінскі павільён паказаў гратэскную відэаінсталяцыю, дзе спалучаюцца сатыра на сучасныя расавыя стэрэатыпы і бюракратыю. Мне асабіста больш за ўсё спадабаўся павільён Японіі, якая кожны раз паказвае абсалютна фантастычныя рэчы. Гэтым разам аўтары адлюстравалі, што адбылося з краінай пасля трагедыі ў Фукусіме, але вельмі нечакана: кіруючыся знакамі ты ідзеш не ў парадныя дзверы, а накіроўваешся да лесвіцы, стаіш у чарзе, падымаешся і глядзіш на павільён знізу, праз дзірку ў падлозе. Ты высоўваеш галаву — вакол цябе велізарная колькасць раскіданых тканін і першае ўражанне, нібыта ты знаходзішся ў эпіцэнтры катастрофы, але калі яно праходзіць, ты разумееш, што высунуў галаву з даху павільёна і іншыя наведвальнікі бачаць твой здзіўлены твар. Потым ты заходзіш у павільён з іншага ўвахода і апынаешся сярод тых, хто бачыць гэтыя высунутыя галовы. З аднаго боку, ты ў эпіцэнтры інсталяцыі з яе сэнсам, з другога, атрымліваецца вельмі цікавая гульня, нязмушаны перформанс.
Гледзячы на праекты, што паказваюцца на Венецыянскім біенале ў апошнія гады, можна сказаць, што сучаснае мастацтва патрабуе высокіх тэхналогій, яно існуе на стыку з навукай, адыходзячы ад традыцыйных жанраў мастацтва. Другая асаблівасць, якая выяўляецца на біенале, у тым, што сучаснае мастацтва ідзе ад жадання ўражваць — велізарнасцю, колерам, тэхналогіямі (сёлета некаторыя ўдзельнікі нават разбіралі дахі сваіх павільёнаў, каб умясціць інсталяцыі). Наш павільён не выключэнне, бо мы таксама выкарыстоўваем тэхналогіі, а маляўнічасць і яркасць выдатна зробленага відэаарта Рамана Заслонава спыняе на сабе погляд.
— У нейкай размове вы сказалі, што гэты праект «вельмі беларускі». Што вы мелі на ўвазе?
— Фільм уяўляе сабой набор вялікай колькасці міні-сцэн, якія адбываюцца за адным вялікім сталом. Камера нібыта рухаецца ўздоўж стала, і гэта працягваецца бясконца. Па-першае, Раман Заслонаў запрасіў здымацца вядомых беларускіх акцёраў. Па-другое, мы бачым бытавыя моманты з нашымі, беларускімі, адчуваннем жыцця і менталітэтам, якія ў рэальным жыцці не заўважаем, — як чалавек зранку п'е каву, як сядзіць за сталом з нацюрмортам з прадуктаў, як дыктар чытае прагноз надвор'я, як людзі размаўляюць адно з адным, як перажываюць некаторыя рэчы, як слухаюць радыё. Гэтыя сцэны для нас блізкія, цёплыя і знаёмыя, бо тут нашы атмасфера, жыццё, паўсядзённасць. Раман Заслонаў жыве ў Парыжы, але вельмі часта бывае ў Беларусі, і яму ўдалося заўважыць характэрныя рысы беларускага асяроддзя як бы з боку. Калі глядзіш гэтыя сцэны, з'яўляецца адчуванне, што ты зайшоў у родны дом і зараз ты ў ім жывеш. Да Венецыі фільм быў паказаны замежным крытыкам і мастацтвазнаўцам, каб зразумець, наколькі адлюстраванне беларускага менталітэту цікава замежніку, і аўтары ўпэўніліся, што гэта звяртае ўвагу. Важна, што відэаарт як жанр дазваляе гледачу далучыцца да прагляду ў любы момант: сцэны не звязаны паміж сабой сюжэтам. Бо які б выдатны ні быў праект, наведвальнік падчас біенале звычайна не затрымліваецца ў павільёне больш за дзесяць-пятнаццаць хвілін. Таму было важна знайсці форму, якая б зачапіла ўвагу гледача хай сабе нават на пяць хвілін, і Раману Заслонаву гэта ўдалося. Калі міжнароднае журы прыйшло ў наш павільён, гэта было на маіх вачах, яно зрабіла кароткую, але прыемную адзнаку. Раману як куратару было сказана, што яго праект вельмі эмацыянальны. Журы далёка не заўсёды агучвае каментарыі, а значыць, праект «Стол» іх зачапіў.
— Беларусь не мае свайго павільёна на Венецыянскім біенале. Што гэта значыць у арганізацыйным плане і якіх высілкаў нам каштуе ўдзел у форуме?
— Гэта каштуе вялікіх высілкаў пры падрыхтоўцы і вялікіх фінансавых выдаткаў. Удзел у біенале фінансуе Міністэрства культуры, адгукнуўся і «Белэксімгарант» у якасці спонсара. Мінкульт забяспечвае арэнду памяшкання і цэлы цыкл працэдур, неабходных для работы павільёна. Недастаткова проста знайсці пляцоўку: трэба давезці творы да Венецыі і вярнуць іх назад, сем месяцаў даглядаць павільён, адкрываць і закрываць дзверы, сачыць за тэхнікай, прыбіраць памяшканне, забяспечваць рэкламу. Дарэчы, заяўляць Нацыянальны павільён мае права толькі Міністэрства культуры краіны і больш ніхто. Дырэкцыя біенале пасля таго, як краіна заявіла Нацыянальны павільён, дае доступ да картатэкі, дзе сабраны памяшканні, рэкамендаваныя для арэнды. Па просьбе Заслонава мы знайшлі памяшканне ў пяці хвілінах хады ад садоў Джардзіні — мастацкую галерэю ў доме 1640 года пабудовы, які ў свой час маляваў знакаміты італьянскі пейзажыст Каналета. Наш павільён выходзіць на канал, а з другога боку — на сады Джардзіні. Нам трэба было зрабіць знешняе аздабленне, і Раман Заслонаў знайшоў спосаб вылучыцца і адначасова натуральна ўпісацца ў венецыянскае асяроддзе. Справа ў тым, што італьянцы беражліва захоўваюць старажытную напаўразбуранасць, а наш павільён знаходзіцца ў вельмі старым доме, і Раман гэта выкарыстаў. Вокны ў нас закрыты бачнымі здалёк плакатамі з кадрамі з фільма, а на драўляным порціку над уваходам велізарнымі кірылічнымі літарамі стылізавана напісана слова «стол». Калі ідзеш па вуліцы, у першы момант нават не разумееш, як нелацінскае слова з'явілася ў гэтым асяродзі.
— Праект, што будзе прадстаўляць краіну на Венецыянскім біенале, адбірае спецыяльная камісія. Наколькі яна ўлічвае крытэрый, звязаны са складанай сістэмай тэндэнцый сучаснага мастацтва, каб беларускі павільён не быў аўтсайдарам, а ўліўся ў агульную плынь?
— Звычайна менавіта гэта і ўлічваецца. Камісія ацэньвае, наколькі сучасны, канцэптуальны падыход у куратара, ці ёсць тут еўрапейская афарбоўка і наколькі праект прачытаецца замежным гледачом (падчас работы камісіі імёны аўтараў зашыфраваны). Улічваецца, наколькі моцная куратарская канцэпцыя, важна, каб праект быў падпарадкаваны адной ідэі і знаходзіўся ў суладдзі з дэвізам выставы. У гэтым сэнсе «Стол» Рамана Заслонава быў абраны амаль аднагалосна, бо камісія ўбачыла ў ім завершаную еўрапейскасць і ў той жа час выразную беларускасць. Сёлета немагчыма было нават адгадаць аўтара, той жа Заслонаў, вядомы даволі традыцыйным жывапісам, нечакана прапанаваў відэаарт.
— Беларусь прадстаўляе Нацыянальны павільён на Венецыянскім біенале чацвёрты раз, чаму нам важна працягваць
удзел у форуме?
— Нельга абмяжоўвацца сваёй тэрыторыяй. Нам важна звярнуць на сябе ўвагу (прычым напачатку да цябе ставяцца крытычна) і прымусіць выказацца міжнародную крытыку, а ёй цікава параўнанне, якое яна можа зрабіць менавіта на Венецыянскім біенале. Форумаў, дзе краіна можа прадставіць сваё мастацтва, вельмі мала, і звычайна яны ўключаюць праекты, абраныя галоўным куратарам, як на выставе сучаснага мастацтва «Дакумента» ці Стамбульскім біенале. Нацыянальныя павільёны можна арганізаваць толькі ў Венецыі, гэта самы стары і знакаміты форум. Галоўнае, што краіна паказвае сваё мастацтва і атрымлівае магчымасць стаць цікавай на міжнароднай прасторы. Дарэчы, пра беларускае мастацтва пачынаюць пісаць: у мінулыя два гады ў артыкулах вельмі важных выданняў згадваўся беларускі павільён. Гэта значыць, што мы ўліліся ў гэты мэйнстрым і наша мастацтва стала адкрытым.
Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:katsyalovich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/venecyyanskae-bienale
[7] https://zviazda.by/be/tags/natallya-sharangovich
[8] https://zviazda.by/be/tags/videaart
[9] https://zviazda.by/be/tags/mastactva