Наступны тыдзень стане вельмі насычаным на імяніны вядомых дзеячаў мастацтва, у гонар якіх сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў адмысловыя святочныя праграмы.
Так, да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Янкі Брыля яго вядомыя творы будуць чытаць у эфіры акцёры тэатра і кіно — у прыватнасці, у спецыяльных відэароліках прагучаць урыўкі з апавяданняў «Маці» і «Галя». Пра малавядомыя факты з жыцця і творчасці пісьменніка нагадае гледачам 4 жніўня перадача «Святло далёкай зоркі».
Зрэшты, аўтар і вядучы «Святла далёкай зоркі» Аляксандр Дамарацкі раскажа ў асобных серыях цыкла і пра іншых юбіляраў тыдня. 1 жніўня праграма будзе прысвечана 80-годдзю дырыжора Юрыя Яфімава, 2 жніўня — раскажа пра народную артыстку БССР, адну з дзвюх жанчын-дырыжораў Савецкага Саюза Таццяну Каламійцаву. 3 жніўня вядучы ўспомніць пра мастака Мікалая Селешчука, а 5 жніўня пагаворыць з гледачамі пра яркія ролі заслужанай артысткі БССР, актрысы Алімпіяды Шах-Парон, 95-годдзе з дня нараджэння якой святкуецца сёлета.
У нядзелю «Беларусь 3» адзначыць перад'юбілейны дзень нараджэння славутага беларускага кампазітара, народнага артыста СССР Ігара Лучанка — спецвыпускам праекта «Легенды беларускай эстрады», а таксама творчым вечарам «Неспакойнае сэрца».
Акрамя таго, увечары 6 жніўня заўзятыя тэатралы змогуць прычыніцца да святкавання 60-гадовага юбілею мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Мікалая Пінігіна. Менавіта ў ягоную творчую лабараторыю завітаюць тэлевізійнікі ў чарговым выпуску праграмы «Майстры і куміры», а крыху пазней тэлегледачы ўбачаць запіс спектакля «Сымон-музыка» ў пастаноўцы юбіляра.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-telebachanne
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2