У Пінскім раёне ў Год малой радзімы арганізуюць конкурс чытальнікаў вершаў Яўгеніі Янішчыц, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі.
Мерапрыемства будзе праходзіць на працягу ўсяго года. Конкурс абвесцяць сярод устаноў адукацыі, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый. "Тэрыторыя Пінскага раёна дазваляе правесці занальныя чытанні. Затым арганізуем вялікае юбілейнае мерапрыемства, прысвечанае Яўгеніі Янішчыц, на якім падвядзем вынікі, узнагародзім лепшых чытальнікаў вершаў нашай вядомай зямлячкі", - падкрэсліў Дзмітрый Палхоўскі.
Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў 1948 годзе ў вёсцы Рудка. У Пінскім раёне ў гонар яе названа цэнтральная бібліятэка, імя паэткі носіць родная Парэцкая школа. "Гэта знакавая асоба не толькі для нашага раёна. Мы шануем яе памяць, у літаратурным музеі ў Парэцкай школе сабраны асабістыя рэчы. Па месцах дзяцінства Яўгеніі Янішчыц праводзяцца экскурсіі", - распавёў намеснік старшыні райвыканкама.
У цяперашні час у Пінскім раёне намечаны план мерапрыемстваў у рамках Году малой радзімы. У прыватнасці, актывізавана праца па ўсталяванні кантактаў з выбітнымі землякамі. Таксама плануецца арганізаваць розныя фестывалі і акцыі, якія будуць спрыяць прасоўванні і пазнавальнасці раёна ў Брэсцкай вобласці і за яе межамі.
"У нас ёсць задумка правесці гістарычны фестываль, зрабіць невялікую рэканструкцыю. У час мерапрыемства хочам пазнаёміць людзей з фальклорнай музыкай, правесці майстар-класы па традыцыйных рамёствах", - адзначыў Дзмітрый Палхоўскі.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/pinski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugeniya-yanishchyc