Тры гады таму, да 75-годдзя Хатынскай трагедыі, «Звязда» правяла круглы стол. З таго часу шмат змянілася — прынамсі, некаторыя ўдзельнікі той размовы памянялі месца работы. Але не змянілася галоўнае — сутнасць самой размовы — аб памяці, ад адказнасці...
Заўтра спаўняецца роўна 75 гадоў, як фашысцкія карнікі спалілі разам з людзьмі невялікую лясную вёсачку Хатынь пад Лагойскам. 26 хат, 149 жыхароў, у тым ліку — 76 дзяцей. 22 сакавіка, колькі б гадоў ні мінула, будзе чорнай датай у гісторыі Беларусі, бо Хатынь — гэта застылы ў вечнасці і прасторы жывы чалавечы боль, сабраны тут з усіх беларускіх вёсак, спаленых разам з жыхарамі, і гэтага нельга забыць...
Або ўсё ж — можна? З-за тэрміну даўнасці, з-за зменаў у прыярытэтах чалавечага быцця, з-за спроб перапісаць гісторыю, якія аказваюцца ўдалымі...
Ці можам мы гэтаму супрацьстаяць? Што мы павінны зрабіць, як дзейнічаць, пра што ведаць, каб Хатынь на нашай зямлі, на нашым кантыненце, на нашай планеце ніколі не паўтаралася? Менавіта так — праз прызму сучаснасці — на трагедыю беларускіх спаленых вёсак мы вырашылі паглядзець падчас круглага стала, які правялі ў рэдакцыі за некалькі дзён да гадавіны хатынскай трагедыі. У абмеркаванні ўдзельнічалі: Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук, Аляксей ЛІТВІН, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, доктар гістарычных навук, Ірына ВАРАНКОВА, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, Артур ЗЕЛЬСКІ, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», кандыдат гістарычных навук, Марыя ГАРЭЛІКАВА, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
«Звязда»:
— З дня хатынскай трагедыі мінула 75 гадоў. Ці не ёсць такі адрэзак часу адпраўной кропкай, калі ўспрыняцце падзей, якія былі нядаўна, але ж ужо і даўно, можа ў свядомасці людзей мяняцца, асабліва пад уплывам знешніх фактараў. Калі не застаецца жывых сведак, прытупляецца і боль? Хатынь сёння ў свядомасці многіх перастала быць спаленай вёскай, у якой гарэлі жывыя рэальныя людзі, дзеці, старыя... Цяпер гэта проста сімвал мінулай вайны, якая была задоўга да нараджэння сённяшніх маладых пакаленняў. І нашы дзеці ў сацыяльных сетках абсалютна шчыра, з найлепшых пабуджэнняў пішуць, што хутка будзем адзначаць (святкаваць) юбілей хатынскай трагедыі...
Аляксандр Каваленя:
— Менавіта таму мы павінны казаць сёння не толькі пра трагедыю Хатыні і іншых знішчаных беларускіх вёсак, але і перасцерагчы грамадскую думку ад мэтанакіраванай фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння назіраецца небывалы і свядомы перагляд не толькі найважнейшых геапалітычных вынікаў вайны, але і маральна-этычных вынікаў перамогі над нацызмам. На нашых вачах адбываецца не проста рэвізія вынікаў Другой сусветнай вайны, але і рэабілітацыя злачынных ідэалогій, іх інстытуцыянальнае адраджэнне і легалізацыя...
Вячаслаў Даніловіч:
— Безумоўна, 75 гадоў — тэрмін даволі значны. Тым больш што зараз сапраўды ў свеце — а мы не можам ізалявацца ад свету — гісторыя мінулай вайны актыўна перапісваецца, скажаюцца факты, дадаецца нічым не пацверджаная інтэрпрэтацыя тых падзей. Аддзел ваеннай гісторыі ў нашым інстытуце, цэнтральная тэма якога — гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, фактычна застаецца на сёння адзіным такім спецыялізаваным навуковым падраздзяленнем на ўсёй постсавецкай прасторы. Беларускімі вучонымі дзеля таго, каб памяць і праўда аб той страшнай вайне захавалася, робіцца шмат, рыхтуюцца грунтоўныя працы. Але мы разумеем, што навуковымі даследаваннямі можна зацікавіць толькі абмежаванае кола людзей, таму робім усё магчымае, каб факты, сведчанні, памяць аб вайне знайшлі водгук у грамадстве. Мы штогод праводзім рэгіянальныя канферэнцыі, на кожнай з якіх абавязкова ўздымаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. На гэтыя мерапрыемствы прыцягваецца вучнёўская, студэнцкая моладзь, яны самі рыхтуюць адпаведныя матэрыялы, паведамленні, і значная іх частка прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай...
Артур Зельскі:
— Сорак дзевяць гадоў назад на месцы спаленай беларускай вёскі быў створаны самы несавецкі з савецкіх помнікаў — там не было вялікіх фігур салдат, там не было духу мілітарызму — быў толькі скамянелы, але жывы чалавечы боль. Магчыма, сёння гэты боль сапраўды не заўсёды адчуваецца. Сама вайна перастала ўспрымацца як боль. Вайна ўспрымаецца амаль як гульня: гэта ж так цікава — «танчыкі», стралялкі. Ужо ніхто не тое што не ведае, а менавіта не адчувае, што вайна — гэта кроў, гэта страх, гэта жах... Добра, канешне, што выдаюцца навуковыя працы, зборнікі дакументаў, але, на жаль, пры ўсёй іх прабіўной сіле яны мала значаць для грамадскасці, бо людзей, якія іх чытаюць, няшмат. Мемарыялы, музеі ў гэтым плане іграюць больш значную ролю, пагадзіцеся. Несумненна, вельмі патрэбна пашыраць і працягваць працу навуковую, працаваць са сведкамі, якіх застаецца ўсё менш. І гэта вельмі важны момант, таму што гадоў трыццаць-сорак назад гэта можна было рабіць лёгка, без праблем, але, давайце будзем шчырымі, хто асабліва гэтым займаўся, акрамя некалькіх пісьменнікаў і журналістаў... Але вельмі важна і пашыраць веданне пра жахі той вайны і ў самых простых, даступных, папулярных формах. І Хатынь застаецца адной з такіх формаў. У Хатынь сёння людзі едуць. За мінулы год мемарыял наведалі 226 тысяч чалавек.
Ірына Варанкова:
— Варта заўважыць, што праблема захавання памяці пра вайну ў маладога пакалення ўзнікла не сёння. Як толькі з'явіліся на свет і выраслі дзеці, якія вайны не бачылі і не перажылі, гэта праблема стала актуальнай. Магчыма, гэта адбывалася таму, што мы спрабавалі дастукацца да пачуццяў людзей (а тут важныя менавіта эмоцыі) не праз той матэрыял. Я доўгі час працавала ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і займалася ў тым ліку і гісторыяй стварэння самога музея. План камплектавання фондаў музея стваралі яшчэ ў 1942 годзе кіраўнікі БССР, і нават сёння ўражвае, як прафесійна гэта было зроблена. У тым плане пераважалі дзве тэмы: трагедыя беларускага народа падчас акупацыі і партызанскі рух. Але потым, у пачатку 60-х гадоў — і гэта добра прасочваецца па музейных дакументах, па паступленнях у фонды, — крэн быў узяты на гераізм, а трагедыя засталася на другім плане. Галоўнай тэмай музейнай экспазіцыі стаў менавіта подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта адбілася ў той час і на камплектаванні музейных фондаў. Героіка павінна была пераважаць, але, на жаль, у многіх момантах яна ілюстравалася толькі фотапартрэтамі саміх герояў...
А вось з трагедыяй было не ўсё проста нават у гады стварэння музея. Так, былі жывыя сведкі тых страшных падзей, менавіта дзякуючы іх успамінам устанавілі нават імёны многіх ахвяр. І першая кніга ўражанняў музея — гэта сапраўдная кніга ўспамінаў. Але было і іншае. Напрыклад, на месцы Трасцянецкага лагера, дзе заставаліся яшчэ нават бярвенні, на якіх фашысты спальвалі целы забітых, меркавалася зрабіць філіял музея. Уяўляеце, якой бы моцнай па эмацыйнасці была гэта экспазіцыя пад адкрытым небам! Але, калі ўзяліся, высветлілася, што Трасцянецкі лясгас ужо спаліў тыя бярвенні... І доўгі час у Трасцянцы стаяў сціплы помнік...
Аляксей Літвін:
— А вы не задумваліся, чаму так здарылася, што павінна было прайсці дваццаць гадоў, каб загаварылі пра спаленую вёску і пачалі ствараць сімвалічны мемарыял? Дагэтуль, як сказала мая калега, галоўнай тэмай было ўшанаванне памяці тых, хто змагаўся і загінуў на тэрыторыі Беларусі. Але ў 1963 годзе адбылася 3-я Міжнародная канферэнцыя па гісторыі руху Супраціўлення ў Карлавых Варах, да якой было прымеркавана выданне зборніка «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі 1941—1944 гг.», у якім, а таксама падчас канферэнцыі, беларусы ўпершыню заявілі аб генацыдзе, які чынілі фашысты на нашай зямлі, ахвярамі якога сталі сотні тысяч мірных жыхароў. У 1965 годзе выйшла 2-е дапоўненнае выданне. Зборнік атрымаў шырокі рэзананс як у СССР, так і за яго межамі. Дзякуючы чаму тэма знішчэння беларускіх вёсак упершыню атрымала шырокае асвятленне. Выданне зборніка мела асаблівую актуальнасць у сувязі з прыняццем у ФРГ закона аб спыненні пераследу нацысцкіх злачынцаў «у сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці» праз дваццаць гадоў пасля вайны.
У сувязі з гэтым кіраўніцтва БССР у тэрміновым парадку выступіла з рэзкім асуджэннем такога рашэння ўрада ФРГ. Каб зафіксаваць гэты жах на доўгія гады не толькі дакументальна, але і манументальна, у студзені 1966 года Прэзідыум ЦК КПБ прыняў пастанову аб устанаўленні мемарыяльных знакаў на месцы спаленай вёскі Хатынь, адкрыцці тут філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Пастанова аб стварэнні мемарыяла ў Хатыні стала штуршком для разгортвання вялікай даследчыцкай працы. Гісторыкі паехалі па рэгіёнах падымаць дакументы, апытваць сведак, бо не было дакладнай інфармацыі: колькі вёсак было спалена, дзе канкрэтна яны знаходзіліся...
У 1945 годзе на Беларусі працавала Дзяржаўная надзвычайная камісія, паводле заключэння якой у Беларусі было знішчана 209 гарадоў і 9200 вёсак. Калі пачалі рабіць Хатынскі мемарыял, знайшлі звесткі толькі аб 5295 паселішчах... На сённяшні час, дзякуючы дзейнасці супрацоўнікаў Дзяржаўнага нацыянальнага архіва і ў прыватнасці Вячаслава Селяменева, мы маем звесткі пра 9093 спаленыя вёскі...
Артур Зельскі:
— Звычайна Хатынь успрымаюць або як помнік знішчанай фашыстамі вёскі, або як помнік усім беларускім спаленым вёскам. Прынамсі такая думка распаўсюджана і ў грамадстве, і ў СМІ, і сярод навукоўцаў. Але гэта не зусім так, бо Хатынь — гэта не толькі помнік адной або ўсім спаленым вёскам. Гэта помнік усім мірным людзям, якія сталі ахвярамі палітыкі нацызму, акупацыі. Хатынь — гэта і Трасцянец, і Азарычы, і Чырвоны Бераг...
Аляксей Літвін:
— Да 1990 года на Беларусі было пастаўлена 8800 помнікаў. З іх — 3533 загінулым воінам, 2255 — загінулым партызанам, і толькі 1378 — ахвярам фашысцкага генацыду. Тысячы спаленых вёсак не абазначаны ніякім чынам. І даведацца пра іх месцазнаходжанне сёння вялікая, амаль невырашальная праблема. І яна яшчэ ўскладняецца тым, што за пасляваенныя гады вялізная колькасць вёсак, жыхары якіх або іх нашчадкі маглі памятаць, дзе было суседняе спаленае немцамі паселішча, проста перасталі існаваць.
Не менш значная праблема — захаваць памяць пра тыя вёскі, якія вядомыя. Што ведаем мы нават пра 185 сясцёр Хатыні — тыя, што былі спаленыя і не адрадзіліся, чые назвы ўвекавечаныя ў Хатыні? Яны ўсе належным чынам павінны быць адзначаны на месцах іх знаходжання. У раёнах кожны школьнік павінен ведаць аб трагічным лёсе сясцёр Хатыні...
«Звязда»:
— Мемарыялы і музеі, якія дзейнічаюць сёння, стаяць перад няпростым пытаннем. Стараючыся дастукацца да сучаснай публікі, да яе патрэб, як захаваць сакральнасць памяці пра вайну, як не пераступіць мяжу? Не ствараць жа аб хатынскай ці трасцянецкай трагедыі інтэрактыўную гульню...
Артур Зельскі:
— Ёсць тое, што не падлягае сумненням, і мяняцца не будзе ні ў якім разе, — гэта сам мемарыял, які ўжо сапраўды стаў своеасаблівым храмам пад адкрытым небам. У Хатыні вельмі цяжка прымяняць аўдыягіды, таму што інфармацыя падаецца сухім тонам, а тут патрэбны эмоцыі, за якімі людзі сюды найперш і едуць.
«Звязда»:
— Але ж ёсць і іншыя спосабы данесці сучаснай публіцы інфармацыю, і гэтым карыстаюцца музеі ва ўсім свеце. Напрыклад, у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў экспазіцыю, прысвечаную спаленым вёскам, уваходзіш, нібы ў сапраўднае полымя. Здаецца, гэта ўзрушыць і прымусіць хоць на секунду ад жаху заплюшчыць вочы кожнага...
Марыя Гарэлікава:
— Цэнтральнае месца экспазіцыі залы «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі» займае інсталяцыя «Спаленыя вёскі». Экспануюцца абгарэлыя бярвенні і сельскагаспадарчыя прылады з вёскі Хатынь, макет зруба калодзежа, у які падчас карнай аперацыі ў вёсцы Шунеўка Докшыцкага раёна гітлераўцы кінулі дзяцей і настаўніцу. Побач — калодзежны журавель з вёскі Літавец Дзяржынскага раёна, якая была спалена разам са 196 жыхарамі ў студзені 1943 года. Усе прадметы наведвальнік бачыць на фоне рэалістычных кадраў з фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі», калі карнікі заганяюць жыхароў вёскі ў адрыну... На жаль, усё менш застаецца жывых сведак, якія маглі б расказаць пра тыя трагічныя падзеі. Аднак пры дапамозе інфармацыйнага тэрміналу «Спаленыя вёскі» наведвальнік мае магчымасць пачуць аўдыязапіс успамінаў сведак спалення вёсак. Напрыклад, «жывы голас» Марыі Кот — сведкі знішчэння вёскі Вялікія Прусы Мінскай вобласці. Аўдыявізуальныя сродкі спрыяюць больш эмацыянальнаму ўспрыманню тэмы, якая да сённяшняга часу працягвае кранаць душы людзей. У кнізе водгукаў наведвальнікі пішуць, што менавіта ў гэтай зале зашкальваюць эмоцыі, а на вачах з'яўляюцца слёзы... Але, на жаль, так рэагуюць не ўсе. Дзеці і падлеткі, здараецца, пачынаюць рабіць у зале акупацыі сэлфі. Аднак тут больш пытанняў да дарослых, з якімі яны прыйшлі, да выхавання дзяцей у сям'і. Мне здаецца, варта разумець, найперш дарослым — і настаўнікам, і бацькам, што экскурсія ў наш музей, паездка ў Хатынь — гэта не забаўляльная прагулка. Мы ўдзячны тым неабыякавым настаўнікам, якія прывозяць да нас на экскурсію школьнікаў не толькі дзеля таго, каб у справаздачы аб пазакласнай рабоце паставіць яшчэ адну галачку... Для ўспрымання такой складанай і трагічнай тэмы як спаленыя вёскі ў гады вайны дзяцей трэба рыхтаваць, настройваць. Напрыклад, перад уваходам у залу неабходна папярэдзіць, што побач з такімі трагічнымі экспанатамі нельга смяяцца. Некалькі слоў, прыкладаў — і можна змяніць адносіны да тэмы, бо дзіцячая душа яшчэ не ачарсцвелая. Праца з моладдзю патрэбна зараз і для таго, каб яны захавалі і здолелі перадаць сваім дзецям разуменне таго, што такая трагедыя не павінна паўтарыцца. А для гэтага трэба ўспамінаць Хатынь не толькі ў чарговую «юбілейную» гадавіну знішчэння, неабходна ствараць сучасныя творы мастацтва, спектаклі, фільмы, пасля знаёмства з якімі ў музей прыйдзе наведвальнік, эмацыянальна падрыхтаваны да ўспрымання матэрыялу. Прыцягваць увагу розных пакаленняў, не абавязкова моладзі, можна толькі праз лёсы канкрэтных людзей. Калі проста фіксаваць факты сухой акадэмічнай мовай, што ў пэўную дату адбылося тое і тое, была знішчана такая колькасць людзей — такая статыстыка не кране нікога.
Артур Зельскі:
— Калі наведвальнікам Хатыні пачынаеш расказваць, што Толіку Яскевічу, які згарэў разам з маці, было ўсяго сем тыдняў, бачыш, як у многіх людзей на вачах наварочваюцца слёзы...
«Звязда»:
— Але, наколькі вядома, паездка ў Хатынь, экскурсія ў музей гісторыі вайны, у Брэсцкую крэпасць цяпер у праграме школьнага навучання не абавязковая, хоць некалькі гадоў таму ў Міністэрстве адукацыі агучвалася ідэя зрабіць менавіта так...
Марыя Гарэлікава:
— Не, сёння гэта неабавязкова. Таму, каб данесці сапраўдную інфармацыю пра вайну для большай колькасці моладзі, мы актыўна працуем там, дзе моладзь сёння праводзіць шмат часу, — у сацыяльных сетках. Напрыклад, нядаўна мы распачалі праект «Галасы з пажаўцелых старонак». У фондах музея захоўваецца вельмі шмат запісаных успамінаў сведак аб подзвігах і жахах той вайны. Саміх сведак ужо няма ў жывых, але іх успаміны гучаць цяпер на відэа — іх чытаюць нашы супрацоўнікі. Праект толькі распачаўся, а некаторыя сюжэты ўжо набралі па дзесяць тысяч праглядаў...
Ірына Варанкова:
— Сапраўды, нават калі няма сведак, ёсць дакументы. У музеі гісторыі вайны захоўваецца ўнікальная калекцыя асабістых лістоў — дзве з паловай тысячы. І за кожным з іх — канкрэтныя чалавечыя пачуцці, чалавечыя лёсы.
Аляксей Літвін:
— Вядома, што ў нас у фондах радыё і тэлебачання захаваліся аўдыя- і відэазапісы ўспамінаў менавіта саміх сведак.
Калі б выкарыстоўваць іх у музейных экспазіцыях, калі б рабіць іх часткай запісаў аўдыягіда — эфект, думаю, быў бы вельмі моцны...
Аляксандр Каваленя:
— Як, дарэчы і зачытаныя ўрыўкі з кнігі «Говорят погибшие герои. Предсмертные письма борцов с фашизмом», якая была выдадзена яшчэ ў часы СССР і вытрымала дзевяць перавыданняў. Не павінны пакінуць раўнадушнымі сённяшніх 17—19-гадовых словы іх равесніцы са Слуцка, якая загінула ў нацысцкіх засценках: «Боря, нас ночью убьют; поганые чувствуют, что им скоро конец. Я им в лицо сказала, что наша возьмет. Боря, ты меня прости, что я тебя огорчила. Знаешь, не всегда так говоришь и делаешь, как хочется, а я тебя так люблю, так люблю, что не умею сказать. Боря, я сейчас прижалась к тебе, и ничего мне не страшно, пусть ведут. Вчера, когда очень били, я про себя повторяла: «Боренька», а им ничего не сказала — не хочу, чтобы они слышали твое имя. Боренька, ты прощай, спасибо тебе за все».
Вячаслаў Даніловіч:
— Мне падаецца няправільным, што наведванне знакавых месцаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, не з'яўляецца ў школах абавязковым. Калі пусцім гэта на самацёк, калі нашы дзеці не ўбачаць Хатынь ці Брэсцкую крэпасць падчас школьнай экскурсіі, яны знойдуць інфармацыю пра іх у інтэрнэце. Але ў якой падачы — вось у чым пытанне... У гэтым кантэксце ідэя музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з сацыяльнымі сеткамі сапраўды цікавая і сучасная. Мне здаецца, не менш увагі прыцягнулі б выставы з музейных экспанатаў у розных рэгіёнах краіны...
Аляксандр Каваленя:
— А яшчэ варта было б на дзяржаўным узроўні аб'явіць 22 сакавіка, дзень Хатынскай трагедыі, Днём нацыянальнай памяці і смутку. У беларусаў, якія ў той вайне страцілі кожнага трэцяга, павінен быць такі дзень. Каб кожны, хто жыве на гэтай зямлі сёння, успомніў і задумаўся...
«Звязда»:
— На пачатку 90-х асобныя рупліўцы спрабавалі культываваць думку аб тым, што жыхары Хатыні і іншых спаленых вёсак сталі ахвярамі не фашысцкай нялюдскай ідэалогіі, а масіўнага партызанскага руху, у адказ на які і праводзіліся карныя аперацыі. Маўляў, сядзелі б ціха, былі б мірныя жыхары жывыя. Тады гэтыя меркаванні вельмі хутка сціхлі, у тым ліку дзякуючы сведкам. Але сёння, калі на вачах перапісваецца гісторыя, падобныя «меркаванні» пачынаюць гучаць зноў.
Аляксандр Каваленя:
— Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, рабавання нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыі дзяржаўнага ладу. Такіх злачынстваў, якія чынілі акупанты, па сваёй жорсткасці, бесчалавечнасці і масавасці не ведала гісторыя. Вось факты першых дзён акупацыі, калі аб партызанскім руху гаварыць яшчэ не даводзілася. У ліпені 1941 года паліцэйскі полк «Цэнтр» арганізаваў карную акцыю ў Белавежскай пушчы і прылеглых да яе раёнах, у ходзе якой спалена 34 населеныя пункты. Падчас правядзення аперацыі «Прыпяцкія балоты» ў ліпені—жніўні 1941 года спалены наступныя вёскі: Хатынічы Ганцавіцкага раёна (знішчаны 73 чалавекі); Запясочча (300 чалавек), Пагост (69 чалавек), Рыдча (26 чалавек), Старажоўцы (30 чалавек), Чэрнічы (40 чалавек) Тураўскага раёна; Вялікая Гаць (123 чалавекі), Святая Воля (436 чалавек) Косаўскага раёна; Асташкавічы (120 чалавек), Славень (72 чалавекі) Парыцкага раёна; Боркі, Выброды, Глушэц, Залессе, Клетнае, Радзецк (13 чалавек), Чадзель (38 чалавек), Хідры Пружанскага раёна...
«Звязда»:
— А ці ведаюць пра гэту страшную праўду як мінімум тыя, хто наведвае Хатынь?
Артур Зельскі:
— Наш мемарыял адчынены для ўсіх у любы час сутак, у яго не прадаюцца ўваходныя квіткі. Прычым большасць наведвальнікаў тыя, хто прыязджае самастойна. Мала хто з іх замаўляе экскурсіі — яны прыязджаюць менавіта паглядзець. Яны атрымліваюць эмоцыі — гэта несумненна, Хатынь уздзейнічае на кожнага, але не ўсе атрымліваюць інфармацыю... Хатыні сёння вельмі не хапае музейнага памяшкання, дзе можна было б уражанні ад мемарыяла ўзмацніць ведамі аб генацыдзе, які праводзілі нацысты на нашай зямлі...
Групы, у тым ліку і замежных турыстаў, нярэдка прыязджаюць са сваімі замоўленымі экскурсаводамі, і мы не можам кожны раз адсачыць, што тыя экскурсаводы пра хатынскую трагедыю ім гавораць, у якім ключы падаюць... Мы спрабавалі паўплываць на сітуацыю, давалі тэкст экскурсіі ў Нацыянальнае агенцтва па турызме, якое і курыруе экскурсаводаў, але, наколькі яны, нават здаўшы «залік», падчас экскурсій прытрымліваюцца нашага тэксту, адсачыць досыць складана.
Вячаслаў Даніловіч:
— Мы ўсведамляем, што гэта сапраўды праблема. І разам з Міністэрствам спорту і турызму на бліжэйшы час запланавалі семінар экскурсаводаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі менавіта з фактурай па Вялікай Айчыннай вайне. Будзем расказваць ім, як працаваць, каб пазбегнуць у сваіх экскурсійных аповедах скажэння і фальсіфікацыі.
Аляксей Літвін:
— Увогуле не пашкодзіла б прафесійным гісторыкам азнаёміцца з тэкстамі экскурсій, якія сёння праводзяцца. Магчыма, трэба задумацца пра тое, каб на экскурсію, асабліва па тэме Вялікай Айчыннай, выдавалася адпаведная ліцэнзія, і толькі тады чалавек меў бы права яе праводзіць...
Артур Зельскі:
— А так часам у Хатыні даводзіцца чуць, як вёску спалілі ўкраінцы.
Аляксей Літвін:
— Хоць ва ўсіх дакументах Хатынь спаліў 118-ы шуцманшафт-батальён СС. Трэба разумець, што гэта было менавіта нямецкае фарміраванне, а людзі якіх нацыянальнасцяў у іх служылі, гэта ўжо не так важна, бо здраднікі і калабаранты ёсць у кожнай вайне. Увогуле вось так употай ідзе нацкоўванне: маўляў, пад эгідай СС дзейнічалі ўкраінцы, рускія, беларусы, палякі — хто заўгодна, толькі не немцы, якія нібыта абсалютна ні пры чым. Нездарма палякі цяпер змагаюцца за праўду аб Асвенцыме, які ўжо ў Еўропе абвяшчаюць польскім канцлагерам... Тым самым, сёння ўвага акцэнтуецца не на «хваробе» — сутнасці чалавеканенавіснай нацысцкай палітыкі і яе выканаўцах — немцах, а на розных іх памагатых, здрадніках, якія супрацоўнічалі з акупантамі. Пры такім падыходзе асноўныя віноўнікі трагедыі застаюцца як бы збоку, што зусім не адпавядае гістарычнай праўдзе.
Артур Зельскі:
— Гэта так склалася апошнім часам: калі мы гаворым пра ахвяр, мы пакідаем па-за ўвагай катаў. А трэба казаць і пра іх. Бо ваяваў і чыніў зверствы на гэтай зямлі не нейкі ўмоўны фюрэр, а канкрэтныя людзі — мікра-гітлеры. Чаму яны засталіся па-за пакараннем ці панеслі мінімальнае пакаранне?
Вось тут гаварылі аб тым, як палякі ўзяліся ахоўваць нацыянальную памяць. Ці ўспомнім той жа Яд ва-Шэм у Ізраілі, аб якім ведае ўвесь свет. Мы ж застаёмся неяк убаку, і свой боль трымаем у сабе. Сёння чэхі гавораць усяму свету пра трагедыю Лідыцы. Ніколькі не хачу паменшыць маштаб той трагедыі, але ж там расстралялі толькі мужчын, а жанчынам і дзецям далі пэўны шанц выжыць. У хатынскіх дзяцей, у дзяцей соцень беларускіх спаленых вёсак такога шанцу не было. Але хто ў свеце аб гэтым ведае сёння? Хто захоча пра гэта ведаць, калі мы аб гэтым будзем сціпла маўчаць? Гэта той вялікі вельмі красамоўны матэрыял, на якім мы павінны выхоўваць не толькі сваё грамадства, мы маем права на ім выхоўваць міжнародную супольнасць. Усе памятаюць факт, калі канцлер Германіі Вілі Брант у 1970 годзе ў Варшаве стаў на калені перад помнікам паўстанню ў Варшаўскім гета, — гэта лічыцца актам пакаяння. А хто з нямецкіх лідараў стаў на калені ў Хатыні? Хто ўвогуле з нямецкіх лідараў за амаль пяцьдзясят гадоў існавання мемарыяла ў ім пабываў? Хто папрасіў прабачэння, хто пакаяўся перад нашым народам?
Ірына Варанкова:
— Некалькі дзесяцігоддзяў назад мы назіралі, як у музеі гісторыі вайны некаторыя групы з Германіі, акрамя карт, нічога не цікавіла. Аказалася, гэта тыя, хто ваявалі на баку фашыстаў, прыязджалі паглядзець на «месцы баявой славы»...
«Звязда»:
— Усё ж якая сёння найперш місія беларусаў у захаванні памяці і праўды пра вайну і яе ахвяр: клапаціцца аб тым, каб пра гэта помніў і ведаў увесь свет, ці думаць больш пра тое, каб ва ўласным грамадстве, у галовах і душах уласных нашчадкаў гэта памяць і праўда не сказіліся?
Вячаслаў Даніловіч:
— Усё гэта, несумненна, узаемазвязана, але я глыбока перакананы, што прыярытэт трэба аддаваць працы з маладым пакаленнем тут, у Беларусі. Мы, несумненна, павінны несці праўду пра жахі той вайны на міжнароднай арэне, але, калі мы ўпусцім выхаваўчы момант тут, ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў гэту справу ніхто не працягне. Гэта павінна стаць прыярытэтам для дзяржаўнай сістэмы адукацыі — каб на працягу вучобы кожны наш школьнік абавязкова наведаў знакавыя месцы, звязаныя з той вайной — і з гераізмам, і з трагедыяй — Хатынь, Брэсцкую крэпасць, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, працаваць з моладдзю неабходна і на мясцовым матэрыяле — гэта ўжо адказнасць настаўнікаў і краязнаўцаў.
Артур Зельскі:
— Канешне, перш за ўсё трэба працаваць тут, у Беларусі. У свой час у школах быў асобны падручнік «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны». Цяпер яго няма, больш за тое — мы ўжо замест «Вялікая Айчынная» пачалі казаць «Другая сусветная». Але ж яна, гэта вайна, у нашай Айчыне, больш чым дзе пакінула свае страшныя сляды... Гадоў пяць назад па просьбе ізраільскага боку мы рыхтавалі інфармацыю аб Хатыні для падручніка, які там выдаваўся. Пасля нам яго даслалі. Вялізная тоўстая кніга, прысвечаная трагедыі яўрэйскага народа ў той вайне. І — асобная старонка, прысвечаная беларускай вёсцы Хатынь. У нашым жа падручніку гісторыі для 10 класа аб хатынскай трагедыі — усяго адзін абзац. А варта было б зрабіць у школах асобны курс, падчас якога гаварылі б не толькі пра перамогі і подзвігі з дэманстрацыяй партрэтаў герояў. Гэта таксама вельмі важна, але гэтага мала. Чаму мы баімся старшакласнікам, студэнтам паказаць жахлівыя фотаздымкі, якія рабіліся або самімі акупантамі, што любілі пазіраваць на фоне сваіх ахвяр, або адразу пасля вызвалення? А яны б сказалі нашмат больш, чым скупыя радкі, што ёсць сёння ў падручніках...
Ірына Варанкова:
— Сёння варта звярнуць увагу яшчэ вось на што. Мы кажам пра трагедыю беларускіх вёсак, але ж была і трагедыя беларускіх гарадоў, пра якую і сёння няшмат ведаем. Мы ведаем колькасць гарадоў, знішчаных падчас вайны, — 209, але не ведаем і ўжо ніколі, пэўна, не даведаемся, колькі ў іх загінула жыхароў, а ўжо тым больш іх імёнаў. У Мінску, напрыклад, зафіксавана лічба каля 300 тысяч. Але ж там былі і ваеннапалонныя, і бежанцы з іншых месцаў. А колькі загінула карэнных мінчан? І так у кожным горадзе...
Хто сёння ведае, што на мінскіх могілках захаваліся магілы ахвяр першых фашысцкіх бамбардзіровак? Можа, варта было б і туды сёння вадзіць экскурсіі?
Аляксей Літвін:
— Я мяркую, што прыйшоў час заняцца перавыданнем ці хоць бы аблічбоўкай кніг «Памяць», і для гэтага патрэбна адпаведная дзяржаўная праграма. Бо дзе, як не ў іх, падаць, зафіксаваць інфармацыю пра тыя чатыры тысячы спаленых вёсак, звесткі аб якіх з'явіліся ўжо пасля падрыхтоўкі да выдання серыі «Памяць». Праца над новай версіяй гэтых кніг або над іх дапаўненнем у віртуальнай прасторы дазволіла б актывізаваць дзейнасць па захаванні гістарычнай памяці на месцах. Гэта павінна стаць адным з прыярытэтаў нашай дзяржаўнай палітыкі, бо мы рызыкуем беззваротна страціць тыя сведчанні, што маем.
Вячаслаў Даніловіч:
— А што датычыцца ўвекавечання тых тысяч спаленых вёсак, то, зразумела, сёння ўжо цяжка даведацца, дзе дакладна знаходзілася тая ці іншая знішчаная вёска, але ў кожным раёне дакладна вядома, якія вёскі на яго тэрыторыі былі спаленыя і не адрадзіліся. Элементарна паставіць у райцэнтры помнік з іх пералікам — і гэта ўжо будзе значнай справай у захаванні памяці аб іх.
Аляксандр Літвін:
— Калі ў 70-я гады рыхтавалася серыя «Памяць», многія даваенныя карты, па якіх можна было адсачыць па рэгіёнах, дзе і якія вёскі да прыходу фашыстаў былі засакрэчаныя. Сёння гэтыя карты амаль у вольным доступе, прынамсі для спецыялістаў і яны могуць стаць добрай дапамогай у падрыхтоўцы абноўленай версіі «Памяці».
Артур Зельскі:
— І не трэба нават ствараць нейкія новыя рэсурсы. У кожнага раёна ёсць свой афіцыйны сайт. На ім можна зрабіць асобную старонку, дзе будзе адкрывацца мясцовая кніга «Памяць» з магчымасцю дадаць інфармацыю. Упэўнены: людзі адгукнуцца. Але павінна быць нейкая ўстанова, якая будзе цэнтралізавана, мэтанакіравана за гэта адказваць.
Марыя Гарэлікава:
— І звесткі з кніг «Памяць» можна было б загрузіць у наш інфармацыйны тэрмінал, у раздзел «Спаленыя вёскі», які сёння вельмі запатрабаваны карыстальнікамі.
Вячаслаў Даніловіч:
— Дарэчы, якраз сёлета выдатная нагода і для актывізацыі пошукавай працы на месцах, і для вывучэння трагедый асобна ўзятых паселішчаў у розных куточках Беларусі, і для разгортвання працы па падрыхтоўцы абноўленай друкаванай або аблічбаванай версіі кніг «Памяць» па кожным раёне краіны — Год малой радзімы. Бо менавіта паняцце «малая радзіма» — гэта найперш веданне гісторыі месца, дзе нарадзіўся, і лёсаў людзей, якія жылі і паміралі тут.
Дарэчы
У захаванні памяці пра спаленыя вёскі «Звязда» сказала сваё важкае слова — на старонках газеты праводзіўся публіцыстычна-доследны праект «Нашчадкі вогненных вёсак». Гэты праект стаў своеасаблівым працягам кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка, выдадзенай у 1975-м, дзе сабраны і зафіксаваны ўспаміны сведкаў, якія цудам засталіся жывымі. Аўтар праекта Таццяна Падаляк паставіла перад сабой задачу ўжо ў ХХІ стагоддзі адшукаць апошніх сведкаў нацысцкіх злачынстваў. Адгукнулася больш як 70 сведкаў (у час вайны яны былі дзецьмі і падлеткамі). Актыўны ўдзел у праекце бралі школьнікі, студэнты, настаўнікі, краязнаўцы.
Вынікам праекта стала кніга дакументальных нарысаў «Нашчадкі вогненных вёсак», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Таццяна Падаляк, аўтар гэтай і яшчэ адной кнігі — «Вайна — самы страшны грэх», атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-lyaukovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/dyyalog
[5] https://zviazda.by/be/tags/hatyn
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna