27-гадовы спявак, акцёр і выкладчык Яўген Курчыч — сапраўдны баец і працаголік. Іншы, напэўна, не пратрымаўся б восем гадоў, якія спатрэбіліся артысту, каб выйграць нацыянальны адбор на конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Гэта творчае спаборніцтва традыцыйна праходзіць у межах міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» — сёлета ўжо 27-ы раз, і спаборнічаць за Гран-пры ў ім будуць прадстаўнікі 21 краіны, ад Арменіі да Егіпта і Гвінеі.
— Яўген, восем гадоў спрабаваў прабіцца на «Славянскі базар» — гэта вельмі вялікі тэрмін. У многіх апусціліся б рукі. Як лічыце, што не складвалася раней?
— Мяркую, у 2010 годзе, калі я заявіўся на адбор упершыню, усё ж быў занадта юны, «зялёны», амбіцыі захлёствалі. Насамрэч згодны: тады было рана, варта было даспець. Цяпер мне ўжо 27, я праехаў вялізную колькасць канцэртаў у розных гарадах і краінах, перамог у тэлепраекце «Акадэмія талентаў» у 2012-м і наогул назапасіў таго самага сцэнічнага вопыту, якога не хапала раней, каб з брыдкага качаняці вырас лебедзь.
— Наконт брыдкага качаняці можна яшчэ паспрачацца: ранейшы вобраз цёмнавалосага хлопца з чубам, мне здаецца, быў больш рамантычны, чым новы імідж — гэткі модны мача з белай бародкай...
— Часта пытаюцца, навошта так кардынальна змяніў знешнасць. Насамрэч сёння мне так больш камфортна. Калі я сышоў з калектыву, дзе працаваў доўгі час — Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, то знаходзіўся ў пэўным ступары, не ведаў, куды рухацца далей, але разумеў, што неабходна мяняцца. Таму адмовіўся ад псеўданіма Слуцкі, і трэці год выступаю пад сваім родным прозвішчам, а таксама вырашыў змяніць вобраз. Але ўсё адно даволі часта мяне пазнаюць як Слуцкага.
Дзе ўзяць такую песню
— Песня, з якой вы набралі максімальныя балы на адборы і якую выканаеце на конкурсе, — «Крык птушкі» Уладзіміра Мулявіна. Дзіўная рэч: песня не новая (напісаная ў 1974 годзе), нефарматная (доўжыцца ажно 9 хвілін), вельмі няпростая для выканання, але рэгулярна за яе бяруцца маладыя артысты. Толькі ў найноўшы час яе спявалі на конкурсе «Славянскага базару» Уладзімір Аўчароў (2004 год, 2-я прэмія) і Віталь Гардзей (2008 год, 1-е месца). А вы чаму спынілі выбар на ёй?
— Я не зацыкліваўся на іншых выканаўцах, для мяне была важная толькі першакрыніца. «Крык птушкі» — песня знакавая, брэндавая, і нават сам Уладзімір Мулявін рэдка яе выконваў, бо яна неканцэртная. Гэта вялікая арыя, якую трэба прачуць, пражыць... Па рэгламенце конкурсу ў Віцебску песня мусіць гучаць не больш за чатыры хвіліны, таму мы вымушаныя былі перааранжыраваць, перарабіць кампазіцыю. Згодны, што песня драматычная, вельмі складаная і вакальна, і эмацыянальна, і я дагэтуль не ўяўляю, як яна прагучыць у Віцебску — з аркестрам, на адкрытай пляцоўцы на шэсць тысяч гледачоў. Але мы рабілі ўхіл на тое, што песня ўсё ж вядомая, многімі любімая, і спадзяюся, не прамахнуліся з выбарам.
— Успамінаючы шэраг скандалаў апошніх гадоў, калі вядомыя кампазітары канфліктавалі з выканаўцамі, не магу не спытацца — як з аўтарскімі правамі?
— Безумоўна, мы заўжды пытаем дазволу. Вось свежы прыклад: на Дзень Незалежнасці я спяваў песню «Дзякуй, што ты была» Юрыя Багаткевіча на словы Леаніда Пранчака — і пытаў дазволу ў аўтараў. Але заўважу, што па рэгламенце міжнародных конкурсаў, калі гучыць савецкі альбо сусветны хіт, гэтага можна і не рабіць, бо песня выконваецца разава і не прыносіць ніякіх дывідэндаў.
— Дарэчы, на сусветны хіт вы замахнуліся таксама няблага — «Cryіng», адна з самых вядомых песень гурта Aerosmіth. Гэта даніна павагі рок-музыцы ці ўласнае захапленне?
— Я вельмі люблю рок. Літаральна кайфую ад таго, як у прыватнасці Aerosmіth трымаюцца на сцэне. Натуральна, у нас будзе іншае прачытанне — усё ж такі, на «Славянскім базары» свае нормы і каноны, але рокавы настрой мы вырашылі падкрэсліць касцюмам, аранжыроўкай, манерай выканання. А ў паўфінале прагучыць «Святая Асветніца» на музыку Алены Атрашкевіч і словы Настассі Лебедзевай — беларускамоўная, глыбокая, таксама вельмі знакавая для мяне песня, з ёй я летась перамог на фестывалі мастацтваў «Песенны Спас» ва Украіне. Гэта было вельмі крута, калі ўся зала ўстала... Словам, увесь конкурсны рэпертуар няпросты, але ён вывераны і, спадзяюся, прынясе поспех у Віцебску.
Свая траекторыя
— Давайце зноў адматаем час крыху назад. У 2012 годзе вы перамаглі ў тэлепраекце «Акадэмія талентаў», праз два гады выпусцілі першы сольны альбом, а потым... неяк зніклі?
— Справа ў тым, што ў нас не такі шоу-бізнес, як у Расіі ці Украіне, у маладых артыстаў не так шмат магчымасцяў заявіць аб сабе. З 2012 года я ішоў ад песні да песні, але ў адзін цудоўны момант зразумеў, што гэта надакучыла — працаваць па зададзенай схеме, што я ўпёрся ў столь і, мабыць, трэба ўзяць паўзу. Мы па-сяброўску развіталіся з калектывам Ірыны Дарафеевай, і я вельмі ўдзячны Тэатру песні за каштоўны вопыт і жыццёвую школу — гастролі працягласцю ў некалькі месяцаў, выступленні перад самай рознай публікай у глыбінцы... Той час успамінаю з цеплынёй, але, напэўна, я гэта перарос. І тут проста ўсё так удала склалася: я скончыў універсітэт культуры і мастацтваў — і атрымаў размеркаванне на кафедру мастацтва эстрады. Новая работа дазволіла не толькі працаваць выкладчыкам, але і ўдзельнічаць у спектаклях «Дуброўскі», «Казанова», потым у межах універсітэта з'явіўся гурт «Маракасы», якім я кірую... Адным словам, гэта новы рэпертуар, развіццё, рух, новы штуршок у творчасці — тое, чаго мне неставала. Сёння я сам займаюся сваёй гісторыяй, вырашаю, што і як спяваю, якія выбіраю касцюмы, ці хачу я задзейнічаць балет, запрашаць музыкантаў. У прынцыпе, для нашай краіны гэта не так ужо і складана, і многія артысты працуюць самі на сябе. Хоць, зразумела, часу і сіл патрабуе нямала: апошнія два месяцы кожны дзень распісаны літаральна па гадзінах, бо вельмі шмат падзей і спраў, баюся, каб нічога не забыцца.
— У родны Слуцк з усёй гэтай мітуснёй ёсць магчымасць завітваць?
— На жаль, вельмі рэдка. Але мама разумее і заўжды мяне падтрымлівае: мы штодня выходзім на сувязь па тэлефоне, яна збіраецца прыехаць у Віцебск на конкурс, але нармальна мы сустрэнемся і пагаворым, напэўна, толькі пасля «Славянскага базару».
(Заўважым, у Яўгена музычная сям'я: маці шмат гадоў займалася самадзейнасцю і зацікавіла спевамі ўсіх дзяцей, сястра скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «народныя спевы», і прафесія ў яе, як і яшчэ ў аднаго з братоў, таксама звязаная з музыкай.)
— Гледзячы ўжо з пазіцыі педагога на цяперашніх юнакоў і дзяўчат: наколькі яны змяніліся ў параўнанні з тым, якім былі вы дзесяць гадоў таму?
— Вельмі моцна. Цяпер час іншы. У нас не было гаджэтаў, YouTube ды іншых інтэрнэт-рэсурсаў, і мы крочылі напрасткі ў кожнае сэрца, да кожнага гледача, запрашаючы на канцэрты. Сёння ж, прынамсі, я бачу па студэнтах, што яны больш зацыкленыя на раскрутку ў інтэрнэце, дзе можна сабраць сотні, тысячы падпісчыкаў і «лайкаў», стаць папулярным. Многія дзеці, якія прыходзяць вучыцца на клас вакала, не разумеюць, што гэта вельмі складаная прафесія. І вельмі грашовая — не ў сэнсе заробкаў, а перадусім у плане выдаткаў. Ты мусіш мець значны стартавы капітал, каб замаўляць песні, аранжыроўкі, касцюмы. Насамрэч гэта ўсё вельмі дорага. Я за больш чым 10 гадоў прафесійнай творчай дзейнасці стала ўкладваў грошы, проста нейкую неверагодную колькасць...
— Палову кватэры?
— Па праўдзе, нават не вяду падлікі, каб не засмучацца. Але, паўтаруся, гэта вельмі дарагая прафесія.
Прага дасканаласці
— Вы — мастацкі кіраўнік шоу-гурта «Маракасы». Па якім прынцыпе адбіраеце яго ўдзельнікаў сярод студэнтаў?
— Склад гурта ўжо сфарміраваны, бо калектыў з'явіўся яшчэ пры нашым былым рэктары, цяперашнім міністры культуры Юрыю Паўлавічу Бондару. Дзякуй яму вялікі за тое, што падтрымаў крыху вар'яцкую ідэю стварыць яркі творчы калектыў, куды ўвайшлі найлепшыя студэнты двух факультэтаў: музычнага і традыцыйный беларускай культуры. Узялі для пачатку другакурснікаў, каб быў час паглядзець, як гурт будзе развівацца. Калектыву пайшоў толькі другі год, а ён ужо выступаў на высокім узроўні: на Прэзідэнцкім бале, у Савеце Рэспублікі, летась запрасілі на «Славянскі базар у Віцебску». Мы выступаем толькі з жывым гукам, уздымаем старую песенную класіку і распрацоўваем уласны рэпертуар.
— Вы арганічна выглядаеце ў розных вобразах: і ў нефармальным рокерскім стылі, і ў стрыманай класіцы — успомнім выступленне ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне», і ў дызайнерскай вышыванцы... Але ў якім вобразе пачуваецеся найлепш?
— Па шчырасці, усе гэтыя вобразы — тое, што мне блізка. На сёння не зацыкліваюся на якім-небудзь адным музычным стылі, магу спяваць і рок, і класіку, і беларускую эстраду, стараюся эксперыментаваць. Вядома, бывае складана «трапіць» у гледача: музычны рынак перанасычаны, ёсць інтэрнэт з найшырэйшым выбарам. Але я стаўлю і перад сабой, і перад калектывам такую задачу: нават калі выходзіш з адной-дзвюма песнямі, выканаць іх трэба так, каб паставіць кропку, каб потым успаміналі, маўляў, вось у іх быў самы класны нумар... Таму я вельмі патрабавальны ў працы, за якасць гатовы разарваць — я памру, але дасягну таго выніку, да якога імкнуся, каб музычны матэрыял гучаў сучасна і крута. Пры гэтым вельмі жорстка крытыкую сябе самога і шчыра кажу, калі нешта не падабаецца ў рабоце іншых.
— Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам, таму на конкурсе ў Віцебску зычу толькі перамогі. І ўсё ж, незалежна ад вынікаў «Славянскага базару», — куды хочацца рухацца далей? Расія, Украіна, Польшча, далёкае і блізкае замежжа?
— Беларусь. Паспрабаваць сябе можна дзе заўгодна — паехаць на шоу «Голас», «Х-Factor»... Але нават калі паспрабаваў, асабіста я ўсё адно вярнуся сюды. Тут мая радзіма, мая сям'я, тут мяне ведаюць слухачы, і я адчуваю, што магу тут прынесці карысць — як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Таму і пасля Віцебска, спадзяюся, працягну займацца тым, чым займаюся цяпер: працаваць на беларускай сцэне і прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні.
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з асабістага архіва артыста
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-kurchych