Адзінаццаць гадоў таму ў вёсцы Альманы Столінскага раёна была ахрышчана самая маленькая жыхарка — Улляна Гмір. Мне пашчасціла быць на гэтым свяце. Абрад праходзіў у доме Валерыя і Алены Шубічаў — дзядулі і бабулі Улляны, а праводзіў яго святар Сергій (Сяргей Іванавіч Кудрасевіч). «Звязда» змясціла фота, на якім святар трымае маленькую альманку. І вось я зноў апынуўся ў гэтай палескай вёсцы. Праязджаючы міма дома з птушкамі на вокнах, спыніўся, зайшоў на падворак, прывітаўся з гаспадарамі. А яны — Валерый Нічыпаравіч і Алена Дзмітрыеўна — адразу пазналі мяне, паказалі газету з гэтым здымкам, кажуць: «Зберагаем яе, любуемся, успамінаем падзею і вас! Нечаканая сустрэча для нас!» Яшчэ запыталі: мо паклікаць Ульянку?»
Вядома, хацелася ўбачыць падрослую дзяўчынку і даведацца, чым яна жыве. Цяпер Улляна пойдзе ў шосты клас, не першы год займаецца ў танцавальным гуртку, выступае на канцэртах. А яшчэ яна — добрая нянька для свайго малодшага брата Сяргея. На памяць пра неспадзяваную сустрэчу я зрабіў фотаздымак сваіх альманскіх сяброў. Дадам яшчэ тое, што ў Валерыя і Алены Шубічаў не толькі Улляна і Сяргей — у іх ужо шасцёра унукаў.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya