«Вам што — дагэтуль прыходзяць звычайныя лісты ў звычайных канвертах?» — здзівілася маладая каляжанка. І, здаецца, ёсць чаму: сёння пісьмо ад рукі і сапраўды нагадвае прывітанне з мінулага — калі не жыцця, то стагоддзя ўжо дакладна.
Мар'янаўна з усімі сваімі лістуецца па-сучаснаму. Ну чаму б і не, калі ва ўсіх мабільнікі, інтэрнэт: можна абменьвацца хоць пісьмамі, хоць так званымі эсэмэскамі, размаўляць па скайпе (найболей — з сынам, калі той дзе ў ад'ездзе, за межамі), дасылаць фатаграфіі... Адзінае тады — трэба момант злавіць. Яна вось надоечы, сеўшы плесці цыбулю, атрымала пачатак ліста: сын павітаўся, спытаў, як здароўе, ды паведаміў: «А ў нас навіна: Віка за...»
На гэтым пісьмо абрывалася.
Маці патрэсла мабільнікам, патыцкала на ўсе знаёмыя кнопкі. На «экране» нічога не змянілася. Набрала нумар, — пачула знаёмае «Абанент недасяжны» і стала думаць, ну што ж там зрабілася: што з Вікай, якая ўжо сёмы гадок замужам за сынам яе, за Лёнікам?.. Дачушка ў іх, Карына — можна сказаць, бабуліна гадаванка: нявестка з ёй, маленькай, у вёску прыехала (маці — недзе ў Чэлябінску, там — ніякіх умоў, а ўжо экалогія...). Тут жа, у свекрыві, свой дом з выгодамі і амаль што ў лесе, свежае паветра, малачко. Дзіця як сыр у масле купалася, на руках у бабулі, у дзеда, — мама і не вельмі патрэбная...
У горад вярнулася, на работу пайшла. Няхай, — думала тады свякроў. — Яны маладыя, ім разам пабыць ахвота, пагуляць, па канцэртах якіх пахадзіць. А малое ж ёсць каму дагледзець: яны з дзядулем першы год на пенсіі, гаспадарка невялікая. Так што часу хапае, і бавіць яго з дзіцем адно задавальненне, абы здаровае — яно. А вось маці яго...
«Віка за...» — па-ранейшаму «вісела» на экране.
Захварэла, ці што? — спужалася свякроў.
Бо яно ж здараецца, а па сённяшнім часе тым больш: гнілы нейкі свет стаў, розныя хваробы да людзей чапляюцца. І гэта за шчасце яшчэ, калі прастудныя, лёгкія, а калі...
У суседкі вунь таксама адзін сынок і адна нявестка. За Віку яна трохі старэйшая, але ж якія там гады — сарака нямашака, двое дзетак, і ўжо дзве аперацыі. Анкалогія... Расказвала, што іх, вось гэтакіх хворых, у бальніцах цэлы паток: і маладых, і старых, і рабочых, і розных начальнікаў. Пакутуюць бедныя...
Вось і ў гэтай жанчынкі толькі скура ды косці засталіся: грудзей (суседка па сакрэце сказала) няма, валасоў няма, ад той «хіміі» нават бровы ўсе павылазілі. Але ж яна малайчына: не паддаецца хваробе, змагаецца! Кажа, што любой атруты з'ела б ці выпіла, калі б ведала, што хоць крыху дапаможа, што дазволіць пажыць яшчэ — падгадаваць дзяцей, паклапаціцца пра мужа, пра бацькоў — і сваіх, і ягоных.
У Вікі, іхняй нявесткі, падобных думак ніколі не было: дзякуй богу, здаровая. Толькі і клопату мае, як пахудзець ды ў што прыбрацца. Валасы ўсё фарбуе — то рыжай прыедзе, то белай, а то аднойчы — зеленкаватай. Дзіця тады да слёз спужалася...
А вось пазногці матульчыны малая любіць. Яны, бывае, іх разам малююць. На кожны пальчык тады — ці не асобны колер, асобны лак, плюс розныя бубачкі-малюнкі зверху. Творы мастацтва ў выніку, а не пазногці! Малая потым усім паказвае, фарсіць. Ды і «вялікая» любіць пакрасавацца — без пальчатак нічога не робіць.
Зрэшты, і ў пальчатках таксама. Сын прыязджае, каб нешта дапамагчы, нявестка — каб пагасціць, адпачыць, дадому ежы набраць. А тут... Добра, калі гатовае на стол паставіць ды кубак ад кавы за сабой памые. Усё астатняе — так і цікуе, каб нехта зрабіў, бо ў яе ж дзіця, пазногці.
Вось і ў гэтыя выхадныя з Карынай іх размалёўвалі. Значыць, здаровая? Бо, калі б хворая, напэўна, не прыехала б? І не малявала б?..
Тады што ж за навіна ў іх? Што за гэтым абарваным «Віка за...»?
Зацяжарала? Божухна, няўжо?!
Апошнім часам яны з Лёнем нейкую дурную моду ўзялі: сталі прыязджаць паасобку. Пытала ў сына, чаму без жонкі? Той спярша прычыны выстаўляў, потым — хіба адмахваўся: маўляў, пустое, не звяртай увагі...
Тады на хітрай казе да нявесткі пад'ехала: спытала, можа, котка якая паміж імі прабегла, можа, нейкі камар укусіў?
Віка таксама доўга маўчала, але ж нядаўна як варам абліла — ляпнула: «Наш брак, похоже, исчерпан».
Свекрыві тады аж мову адняло: дзіця малое — як гэта «исчерпан»? Калі і хто яго «исчерпал»? Дзе вы ў гэты час былі? Куды глядзелі?
І потым — ну чаму не напаўнялі гэты свой «брак»? Клопатам пра дачушку, любоўю... Апроч таго сёння столькі магчымасцяў! Можна па свеце паездзіць — паглядзець, як людзі жывуць, можна далей вучыцца ды грошы зарабляць — на лепшыя машыны, на большую кватэру, на другое дзіця...
Мар'янаўна з мужам хацелі, каб трое было як мінімум, але ж...
Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Першае іх малое трох дзён не жыло (у бацькоў розныя рэзусы крыві). І з другім, з Лёнікам, яна паўгода па розных бальніцах ляжала: ледзь данасіла і сама пасля родаў выжыла. Так што яшчэ раз цяжараць ёй не выпадала.
А тут маладыя, здаровыя, ёсць каму дапамагчы...
Няўжо зразумелі? Няўжо памірыліся?
У іх цяпер, як выглядае, і сысціся, і разысціся, як плюнуць: толькі, здаецца, жаніліся — і «ўся любоў» ужо: гэты дрэнны, маўляў (ці дрэнная)...
А ты дык што? Паглядзіся ў люстэрка: «сама дасканаласць», аніводнага недахопу няма?..
І побач, можна падумаць, чарга стаіць — з гэткіх жа бездакорных, якія толькі і чакаюць, пакуль ты развядзешся, каб ажаніцца ці замуж узяць — з аліментамі, з дзецьмі, з вопытам ранейшых адносін...
Гэта ў кіно цяпер любяць паказваць, што айчымы ды мачахі лепшыя за родных бацькоў, а па жыцці...
Мар'янаўна такіх не бачыла. У іх вунь заатэхнік малады. Такая любоў была, ну такая любоў... Узяў маладзіцу з дзіцем — усынавіў, гадуе... Як з родным носіцца, калі цвярозы, а як лішніцы возьме, байструком малога заве.
Лёнік іх, дзякаваць богу, не п'яніца, не гультай, не гуляка, дзіця глядзіць, зарабляе.
Праўда, грошы жонцы не ўсе аддае...
І правільна, мусіць, робіць, бо той колькі ні дай — патраціць, прычым — ні на што. Не ўмее яна гаспадарыць: грошы, казаў, як вада ў прыгаршчах — вось толькі наліў, была і ўсё — нямашака...
А з мужа, бач ты, нечага хоча.
Мар'янаўна далікатна неяк спытала, чаго — якога ж ражна?
Тая носік задраўшы: «Вы не поймете, пожалуй».
Дык ты скажы — каб «поняла».
Віка абяцала — і падумаць, і адказаць.
Значыць, такі падумала? Яны будуць жыць, разам гадаваць дачушку?!
Цікава: хто гэтым разам народзіцца? Можа, хлопчык? Вось дзеду радасць была б. Той спіць і бачыць, можна сказаць, каб некаму сваю сталярку перадаць. Сын не вельмі ёй зацікавіўся, дык можа ўнук? А можа, дзяўчынка народзіцца — сястрычкай Карыне?
Добра і так, і гэтак. Абы дзіцятка...
Першае — толькі зацяжараўшы — нявестка хацела Сашам назваць. Ці Сашай. Прыгожае імя хоць для хлопчыка, хоць для дзяўчынкі. Усім падабалася. І ўжо звалі...
Віка ў апошні момант раздумала: запісала малую Карынай.
Дык Аляксандрам ці Аляксандрай, мо, назаве другое?
Пахрысціць яго можна тут — у іхняй цэркаўцы, як некалі дзеда, як Лёніка, як малую Карыну. Там прыгожа цяпер і да кожнага дзіцяткі столькі ўвагі... Вядома — вёска, хрысцін, можа, з дзясятак — за год, а ў горадзе — за гадзіну.
І хросныя ў іх ужо ёсць. Харошыя людзі. Не варта ж мяняць?
І ложак дзіцячы ў кладоўцы стаіць, і рэчаў ды цацак паўнюткая шафа. Лёня з усіх паездак прывозіў, Віка, можна сказаць, без ліку купляла, што трэба і не трэба.
Потым, праўда, раздавала ўсё — то два разы адзетае, то ні разу... Але ж нештачка свякроў «заціснула», прыхавала — нават з Лёневых рэчаў яшчэ, бо ад бабуль калісьці пачула, што брацікі-сястрычкі, вырасшы ў адных пялюшках, кашульках ды касцюмчыках, болей дружныя па жыцці.
Трэба, значыць, усё перабраць-перагледзець, адлажыць, што можа спатрэбіцца раней, што пазней. І рамонт у хаце зрабіць — пабяліць столі, паклеіць прыгажэйшыя шпалеры ў дзіцячым пакоі, у спальні маладых, пафарбаваць падлогі. Віка ж з дзіцем сюды прыедзе — хоць на гадок? А там, глядзіш, яны з Лёнем большую кватэру купяць — сын планаваў, каб Карына ўжо з новай у школу пайшла...
У садок яе не хацеў аддаваць. Тым больш — з двух гадкоў.
Нявестка на сваім настояла, усё даводзіла, што дзеці ў горадзе болей развітыя, чым у вёсцы, што ім патрэбна нейкая «ранняя сацыялізацыя», то-бок кантакты з іншымі дзецьмі, з адмысловымі спецыялістамі-выхавацелямі.
Мар'янаўна тады ледзьве змаўчала, так хацела сказаць, што яна, Вікуся, са сваёй гарадской «сацыялізацыяй» толькі прафтэхвучылішча скончыла, а Лёнік без яе (не было ў вёсцы садка) — і школу з медалём, і ўніверсітэт з чырвоным дыпломам...
Не, не дарэмна кажуць, што баба, пакуль з печы ляціць, сем дум перадумае: Мар'янаўна шмат што ўспомніла, на тры гады наперад спланавала жыццё — і сваё, і дзяцей. Калі б крама бліжэй ад дома была, нават шпалеры ўжо купіла б!..
«Хвост» ліста атрымала праз дзве гадзіны. Лёня паведаміў, што Віка...
Не, не захварэла, дзякаваць богу...
І не зацяжарала... На вялікі жаль.
Яна забрала дзіця і з'ехала ў Чэлябінск.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta