22 чэрвеня 1941 года была нядзеля. Але пра які выхадны можа ісці гаворка, калі на тваю краіну абрушылася страшная навала вайны? Даведаўшыся па радыё аб нападзенні Германіі на Савецкі Саюз, журналісты тэрмінова выйшлі на працу, і ўжо на наступны дзень, 23 чэрвеня, з'явіліся пазачарговыя выпускі органаў ЦК і Мінскага абкама КП(б)Б «Звязда» і «Советская Белоруссия». Выданні надрукавалі тэкст радыёзвароту намесніка старшыні Саўнаркама і наркама замежных спраў Молатава, указы ўрада аб мабілізацыі ваеннаабавязаных і ўвядзенні ваеннага становішча ў асобных мясцовасцях СССР, у тым ліку ў Беларускай ССР, а таксама патрыятычныя вершы Якуба Коласа і Пятра Глебкі — заклікі да барацьбы з ворагам.
Аднак лінія фронту рухалася вельмі хутка, і «Звязда» паспела выйсці ў Мінску яшчэ толькі адзін раз, 24 чэрвеня. Меркавалася, што выданне працягнецца ў Магілёве, але абставіны вымусілі рэдакцыю пераехаць у Гомель, дзе газета легальна выходзіла да 13 жніўня 1941 года. Пазней «Звязда» выходзіла падпольна ў Мінску і ў вёсцы Дварэц Любанскага раёна, а «Совецкая Беларусь» як орган ЦК і Мінскага абкама кампартыі друкавалася ў Арле, Казані, Маскве і Навабеліцы.
Зрэшты, працягнуць гаворку пра падпольны беларускі друк хочацца не чарговым успамінам пра «Звязду» — падпольшчыцу і партызанку, а расказам пра іншыя газеты, якія, нягледзячы на ўсе захады нямецка-фашысцкіх акупантаў, друкаваліся і распаўсюджваліся на Міншчыне ў ваенны час.
Слова — таксама зброя
У кнізе ўспамінаў сакратар Мінскага абкама і камандзір Мінскага партызанскага злучэння Васіль Казлоў адзначаў, што галоўная складанасць арганізацыі падпольнага і партызанскага друку была ў тым, што на пачатку вайны самі падпольныя партыйныя арганізацыі атрымлівалі вельмі нерэгулярную і недастатковую інфармацыю пра стан спраў на фронце і ў краіне: «Каб запоўніць гэты прабел, арганізавалі сістэматычны прыём радыёперадач з Масквы і атрыманую інфармацыю мы адразу даводзілі да шырокіх мас насельніцтва. Зводкі Саўінфармбюро, матэрыялы з газет і іншыя важныя паведамленні. Да раніцы іх перапісвалі, потым размнажалі на пішучых машынках, а раніцай адпраўлялі ў найбліжэйшыя гарады, сёлы і ў партызанскія атрады. У Мінскай вобласці выдавалася 34 падпольныя газеты, у тым ліку «Звязда» і «Чырвоная змена».
У сталіцы выходзіла газета «Минский большевик», у Мінскім сельскім раёне — «Шлях соцыялізма», у Любанскім — «Кліч Радзімы», Бягомльскім — «Советский патриот», Барысаўскім — «Большэвіцкая трыбуна», «Большевистская правда», «Народный мститель», у Дзяржынскім раёне — «Ленинская правда», Заслаўскім — «Мы отомстим», «Партизан-комсомолец», Капыльскім — «Калгаснік Копыльшчыны», Крупскім — «Партизанский путь», Краснаслабодскім — «Чырвоная зара», Лагойскім — «За Совецкую Беларусь» і «За Совецкую Радзіму», «Котовец», Плешчаніцкім — «Ленінец», Пухавіцкім — «Партизан Белоруссии», Рудзенскім — «Бальшавіцкі сцяг», «В бой за Родину», Слуцкім — «Патриот Родины», «Народны мсцівец», Смалявіцкім — «Смерть фашизму», Старобінскім — «Советский патриот», Старадарожскім — «За Советскую Родину», Уздзенскім — «За Совецкую Радзіму», Халопеніцкім — «Красное знамя», Чэрвеньскім — «Червенский партизан»... Наклад іх быў адносна невялікі, па 500—600 асобнікаў, дый фармат таксама змяняўся: газеты выходзілі то на палове звычайнай паласы, а то і на 1/8, і, зразумела, далёка не кожны дзень. І тым не менш мінскі падпольны друк даваў магчымасць выказацца партызанам і сялянам, кіраўнікам падпольнага руху і тым, хто перайшоў на бок Савецкай Арміі, стаўшы яшчэ адной — інфармацыйнай — зброяй у барацьбе з ворагам.
Вось як апісаў рэдактар газеты «Минский большевик» Аляксандр Сакевіч восенню 1943-га расправу гітлераўцаў над мінчанамі пасля выбуху ў сталоўцы СД і замаху на гаўляйтара Кубэ: «В сентябре месяце в Минске, в районе Комаровки, гитлеровские изверги окружили несколько улиц. Всех мирных жителей в количестве свыше 1000 человек... палачи грузили на автомашины и отправляли в район Тростенец. На месте кровавой расправы были приготовлены две большие ямы. Одна за одной подходили машины. Стаскивая перепуганных стариков, женщин и детей, немецкие бандиты расстреливали их в упор и бросали в ямы. Эти двуногие звери, потерявшие человеческий облик и всякие чувства морали, с цинизмом опубликовали сообщение о том, что ими расстреляно
300 человек врагов немецкой власти».
«Не проходит дня, чтобы народные мстители-минчане не напоминали о себе немцам, проявляя при этом исключительное мужество и самоотверженность. Минчанам хорошо известны имена героев Евгения и Кирилла Гурло, Оли Волчёк, пламенного агитатора Лаврентия и многих других погибших на боевом посту от рук немецких палачей», — працягвае выданне хроніку барацьбы. І заклікае чытачоў практычна ў кожным нумары: «Умножим удары по врагу, приблизим день нашего освобождения!», «Смерть фашистским сообщникам!», «Молодежь, беспощадно уничтожай немцев!». Усяго ж да ліпеня 1944 года, як сведчаць архівы, выйшла ў свет 25 нумароў выдання.
У студзені — жніўні 1942 года падпольная група А. Маркевіча выдавала малафарматную газету «Патрыёт Радзімы» — на жаль, да маштабнай аблавы на мінскае падполле яна паспела выйсці ўсяго восем разоў.
У снежні 1942 года на востраве ў Загальскіх балотах размясцілася падпольная друкарня, якая выдавала спачатку лістоўкі, а потым і слуцкую падпольную газету «Народны мсцівец» — на ўласнаручна зробленых друкарскіх касе і станку і з дапамогай шрыфту, які партызанам удалося забраць з нямецка-фашысцкай друкарні ў Любані. «Па пояс у балотнай вадзе мы прабіраліся з вострава на востраў, — успамінаў пазней рэдактар «Народнага мсціўца» Мікалай Дастанка. — У адным месцы фашысты нас моцна «зажучылі», як гаварылі мы пасля, жартуючы, і становішча было пагражаючае. З плячэй знялі сухары, але пакінулі шрыфт — сем дзён у балоце ў нас не было крошкі хлеба, але за плячыма быў шрыфт...» Толькі ў сакавіку з Масквы прывезлі для падпольнай друкарні партатыўную машынку. Газета выходзіла кожны тыдзень з заклікамі «Шырэй раздуць полымя партызанскай барацьбы ў тылу ворага!», «Мы не будзем рабамі», «За абрабаваную, разбураную, спаленую Случчыну — знішчай фашысцкую погань!», «Усе сілы і сродкі на разгром ворага!», «Хлеб — нам, а немцам — кулю!». Чорную хроніку рэгулярна папаўнялі назвы разбураных і спаленых разам з жыхарамі вёсак: Вісея, Кублішча, Адамова, Палікараўка, Беразінец, Жылін Брод, Панічы, Амговічы, спісы масава закатаваных людзей.
Шмат пісаў «Народны мсцівец» і пра намеры акупантаў стварыць прафашысцкія арганізацыі, у тым ліку «Беларускую краёвую абарону» і «Саюз беларускай моладзі», заклікаў не верыць абяцанням ворагаў і востра каментаваў гітлераўскую прапаганду: «Фашысты выпускаюць газету-анучу «Газета Случчыны», старонкі якой запоўнены атрутай хлусні аб жыцці савецкай краіны, рознай чапухой і граззю... Фашысцкія прыспешнікі раяць селяніну: «У Нямеччыне і ў краях новай Эўропы народы з-за нястачы коней ужо ад колькі год выкарыстоўваюць цяглавую сілу каровы. Праца павялічвае ўдойнасць і тлустасць малака. Запрагай сваю карову». Фашысцкія парады шыты белымі ніткамі. Запрэгчы б у плуг гэтага гітлераўца, хай бы ён «павялічыў тлустасць!».
«Камандзір энскага партызанскага атрада Уладзімір Т. піша: «Партызаны нашага атрада б'юць ворага не толькі зброяй, але і словам бальшавіцкай праўды. У вёсках Слуцкага раёна праведзена каля 30 гутарак і дакладаў, распаўсюджана сотні лістовак і газет. У выніку праведзенай палітмасавай работы атрад павялічыў рады на 25 прац. Працоўныя аддалі 81 075 руб. зберажэнняў на пабудову баявых танкаў і самалётаў».
Як падлічылі даследчыкі з факультэта журналістыкі БДУ, у тыле ворага было выпушчана 78 нумароў газеты агульным тыражом больш як 37 тысяч асобнікаў, а таксама 72 тысячы асобнікаў лістовак і адозваў.
Зачытвалі да дзірак
Сувязныя, якія распаўсюджвалі газеты на акупаванай тэрыторыі, перачытвалі па некалькі разоў аператыўныя зводкі і іншыя матэрыялы, каб добра запомніць і пераказаць сваімі словамі змест тым сялянам, якія ўжо дрэнна бачылі ці з іншых прычын не маглі самі прачытаць газету. Часта разносілі газеты і лістоўкі па вёсках самі літсупрацоўнікі, наборшчыкі і друкары і бачылі жывую рэакцыю на кожны матэрыял: радасць і надзею — ад навін пра перамогі Чырвонай Арміі, гнеў і нянавісць — ад пераказу зверстваў фашыстаў, з'едлівы смех — ад «куткоў гумару і сатыры». Так, не адзін дзясятак чалавек рагатаў, перачытваючы анекдот-замалёўку ў барысаўскай «Большэвіцкай трыбуне» за 29 жніўня 1943 года:
— Унучак, дзе ты тады быў, як гарэў нямецкі склад? Трэба было сыйсці з воч немцаў, каб напрасна не прычапіліся праклятыя.
— Не, бабулька, я тады зусім не быў у іх на вачах, я ў той час другі склад падпальваў.
У Пухавічах падпольны райкам партыі выдаваў газету «Партизан Белоруссии», якая паслядоўна і падрабязна інфармавала насельніцтва пра становішча на франтах, пра дзейнасць мясцовых партызанскіх злучэнняў. Так, 2 кастрычніка 1943 года выданне адзначыла другую гадавіну партызанскага злучэння «Полымя»: «Ими пущено под откос 59 эшелонов противника, уничтожено и повреждено 52 паровоза, 841 вагон, 86 автомашин, взорвано 6 железнодорожных и сожжено 13 шоссейных мостов, взорвано более 1600 рельсов. 2551 фашистский разбойник погиб собачьей смертью от партизанских пуль соединения «Пламя».
Былы адказны сакратар падпольнай лагойскай газеты «За Совецкую Беларусь» Барыс Сасноўскі згадваў, што ў 1942 годзе лістоўку, у якой расказвалася пра перамогу савецкіх войскаў пад Сталінградам і знішчэнне 330-тысячнай арміі праціўніка, чыталі і перачытвалі, перадаючы з рук у рукі, тысячы людзей: «Яна дайшла ў кожную вёску і нават у Мінск, Барысаў, Вілейку. Намер гітлераўцаў утаіць ад савецкіх людзей паражэнне на фронце не ўдаўся. А яшчэ праз тыдзень жыхары нашага раёна ўжо чыталі першы нумар сваёй «раёнкі», якая выйшла ў падполлі...» Таксама ў лагойскай друкарні ўбачылі свет першыя нумары газет «Ленінец» (Плешчаніцкі райкам), «Партызанская праўда» (Ільянскі райкам) і «Котовец» (выданне партызанскага атрада імя Катоўскага). Лясныя рэдакцыя і друкарня, па ўспамінах іх супрацоўнікаў, дзейнічалі круглыя суткі, а тыраж аднаго выдання дасягаў 500 і нават 1000 асобнікаў.
Кропкі не пастаўлены
«Мультымедыйнае выданне «Падпольны і партызанскі друк Беларусі», якое змяшчае навуковыя артыкулы і лічбавыя копіі дзясяткаў падпольных і партызанскіх газет, насценгазет, улётак, адозваў, плакатаў, рукапісных выданняў са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага архіва і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, убачыла свет у 2009 годзе. З таго часу ўжо двойчы перавыдавалася з дапаўненнямі, — гаворыць загадчык аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Кірэева, — бо з'яўляюцца ўсё новыя матэрыялы, якія раней не былі вывучаныя». Даследчыкі таксама не губляюць да тэмы інтарэс: у снежні 2017-га выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прэзентавала каталог «Партызанскія рукапісныя часопісы Мінскай вобласці».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/partyzanskiya-gazety
[6] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi