Не адно пакаленне тэлегледачоў помніць і любіць Аляксандра ЖДАНОВІЧА як Маляваныча з «Калыханкі», нягледзячы на тое, што яго герой ужо некалькі гадоў як не з'яўляецца на экране. Тэатралы добра ведаюць Ждановіча — майстра сцэны, акцёра, цікавага і ў шматлікіх пастаноўках Рускага тэатра, і ў кінаработах. І вельмі нямногія знаёмыя са Ждановічам-дабрачыннікам, стваральнікам інклюзіўных праектаў, мастацкім кіраўніком міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы», што хутка вось ужо пяты раз адбудзецца ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Нам падаецца — лік гэтых нямногіх варта павялічыць.
«Што я, — сціпла адмахваецца Аляксандр Віктаравіч, — мая роля ў фестывалі зусім невялікая, пераважна дзяўчаты трымаюць «Нябёсы» на сваіх кволых плячах, цягнуць усе моманты — арганізацыя, прыём і засяленне замежных удзельнікаў, дабрачынныя акцыі, — хоць некаторым «дзяўчатам» ужо пад шэсцьдзясят».
Зрэшты, не. Пачаць лепш з таго, як драматычны акцёр наогул трапіў у храм. Тым больш што ў гэтай гісторыі перапляліся і любоў, і творчасць, і цуд. Калі расказваць яе вельмі сцісла і спрошчана, то вырашальную ролю адыгралі два моманты: развагі пра сэнс жыцця, якія рана ці позна прыходзяць да кожнага чалавека, і прыклад каханай жонкі Людмілы. Яе, артыстку тэатра лялек, запрасілі паўдзельнічаць у спектаклі, які сястрынства ў гонар прападобнапакутніцы вялікай княгіні Елісаветы ладзіла ў інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Людміла Ждановіч прыйшла раз, другі — і засталася. А потым літаральна прыцягнула ў Свята-Елісавецінскі манастыр мужа, хоць той напачатку не праяўляў імпэту.
«Я вельмі добра помню першыя сустрэчы, спектаклі — наогул упершыню ўбачыў столькі асаблівых дзяцей, у якіх былі розныя дыягназы, вельмі розная ступень захаванасці фізічных і інтэлектуальных магчымасцяў, — шчыра гаворыць Аляксандр Ждановіч. — Як я думаў, многія з іх нават не разумелі, што адбываецца, хоць мы выбралі самы просты дзіцячы спектакль, і таму ўся справа падавалася бессэнсоўнай. Але ўбачыў людзей, якія гарэлі справай і вельмі хацелі яе працягнуць, — матушка Марфа, іншыя манахіні, поўныя такой унутранай прыгажосці, якую рэдка сустрэнеш у свецкім грамадстве. Убачыў і асэнсаваў, якое несалодкае жыццё ў гэтых «асаблівых» дзяцей, як ім патрэбна дапамога звонку. І напэўна, мне стала сорамна, што іншыя робяць, а я не: прыйшоў другі раз, трэці... А потым, не ведаю чаму, мяне туды проста пацягнула зноў і зноў. Насамрэч з «асаблівымі» людзьмі, у якіх, напрыклад, сіндром Даўна, можна наладзіць кантакт, і ён будзе больш шчыльны, чым з іншымі. Нават калі знешне яны не вельмі прывабныя, але чыстыя ўнутры, і таму душа побач з імі адпачывае: не трэба насіць ніякія маскі, адпавядаць дрэс-коду, камусьці штосьці даказваць... Гэтыя дзеці жывуць вельмі простымі паняццямі: смачны абед — добра, сонейка свеціць — добра, прыемны чалавек прыйшоў у госці — выдатна, а калі яшчэ нейкую забаўку прапанаваў — наогул цудоўна; і ад цябе нічога не чакаюць, акрамя таго, каб ты быў побач і даваў зразумець, што любіш іх... Разважаць на гэту тэму можна бясконца, але галоўнае — я адчуў, што мне з імі добра».
Працуючы з «асаблівай» аўдыторыяй, Аляксандр Ждановіч стварыў першы ў Мінску інклюзіўны тэатр «Радасць» і аднайменную дзіцячую тэатральную студыю — і паставіў з дзецьмі з інтэрната ў Навінках спектакль «Маленькі прынц», які стаў адметнай творчай з'явай. А вось Маляваныч з «Калыханкі» адышоў у гісторыю: як прызнаецца акцёр, цаніць гэту сваю іпастась ён пачаў толькі пасля развітання з ёй і часам сумуе па Маляванычу, вечным дзіцяці і дзіваку.
...Першы фестываль «Нябёсы» быў зладжаны ў 2015 годзе суполкай аднадумцаў, якія загарэліся ідэяй сабраць пад адным дахам батлеечныя і лялечныя тэатры. «Пачалося ўсё, як ні банальна гэта прагучыць, з мары. З сястры міласэрнасці нашага манастыра Людмілы Ждановіч — дыпламаванай актрысы тэатра лялек, якая праз усё жыццё пранесла ўнутранае дзяцінства, шчырасць, адкрытасць і ў нечым наіўнасць. Менавіта яна прынесла ў манастыр батлейку — і тут малявалі чарцяжы, рабілі батлеечныя скрыні, ставілі вучэбныя спектаклі, а потым нават ездзілі з імі на гастролі па Беларусі, у Расію, у замежжа...
Людміла, якая ў свой час кінула ўніверсітэт, дзе паспяхова правучылася тры гады па спецыяльнасці «матэматыка», і пайшла ў тэатральна-мастацкі інстытут, была не проста актрысай-лялечніцай, а лялечніцай апантанай. І, таксама вырашаючы для сябе пытанні творчасці і веры, яна марыла пра тое, каб у манастыры з'явіўся свой батлеечны фестываль». Тады гэта гучала неверагодна, але мара, вера ў свае сілы і спадарожных людзей ды яшчэ атрыманае блаславенне — усё ў сукупнасці дало плён. Хоць першы фестываль быў вельмі сціплы і камерны — 11 калектываў, выключна беларускіх, аматарскіх, скліканых ці не па сарафанным радыё: Людміла запрасіла сяброў, тыя расказалі знаёмым, знаёмым знаёмых і г. д. «Добра помню батлейку дзіцячага садка з Гродна: іхняя скрыня складалася з шафак для раздзявальні, лялькі былі самаробныя, і, можа быць, не заўжды гэта вызначалася высокім мастацкім густам, але было зроблена так шчыра і з такім імпэтам, які акупляў усе агрэхі».
У канцы 2015-га Людміла Ждановіч пайшла з жыцця — на нябёсы. А вось яе творчае дзіця, фестываль «Нябёсы», наадварот, «прызямлілася» і прапісалася ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Фестываль пашырыўся ў часе — да чатырох дзён, і геаграфіі — акрамя беларускіх тэатраў, у ім у розныя гады ўдзельнічалі калектывы з Украіны, Літвы, Расіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы. «Ужо на першым фэсце мы пазнаёміліся з многімі цікавымі людзьмі, напрыклад з Канстанцінам Петрыманам з Міра, літаральна закаханым у батлейку як від мастацтва, у яе гісторыю і традыцыі, і ён стаў пастаянным нашым удзельнікам. Потым да нас прыехаў супермайстар батлеечнай справы, старшыня батлейкавага руху Расіі рэжысёр Аляксандр Грэф. Наогул, кожны год прыносіць і творчы вопыт, і новыя цікавыя знаёмствы, — згадвае Аляксандр Ждановіч. — І калі раней мой удзел у фестывалі абмяжоўваўся тым, што Люда — мая жонка, а я дапамагаю ажыццявіць яе мару, то потым і сам я закахаўся ў батлейку, зразумеў яе прыгажосць і глыбіню. Паступова ад выключна каляднай тэматыкі мы прыйшлі да слогана «З лялькай да Бога» — гэта значыць усе пастаноўкі, у якіх ёсць лялькі і размова ідзе пра галоўныя чалавечыя, хрысціянскія каштоўнасці, — адпавядаюць духу нашага фестывалю».
«Лялечнае мастацтва насамрэч часам глыбейшае за драматычны тэатр і здольна перадаць такія рэчы, якія ніяк інакш не пакажаш. Мне падабаецца азначэнне, што такое блюз: гэта калі добры чалавек спявае сумную песню. Што такое лялечны тэатр? Гэта калі добры чалавек бярэ ў рукі ляльку і «ажыўляе» яе. Як мне здаецца, быць лялечнікам і не быць добрым чалавекам проста немагчыма».
З 10 да 13 студзеня 2019 года «Нябёсы», якія праходзяць па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла, збяруць удзельнікаў і гледачоў ужо пяты раз. Найлепшыя пастаноўкі, як заведзена, журы адзначыць дыпломамі і прызамі, у тым ліку спецыяльным прызам памяці Людмілы Ждановіч «За самы вясёлы і гарэзлівы спектакль» (наогул штогод арганізатары прыгадваюць, дзякуючы каму «Нябёсы» пачаліся, і адзначаюць нябачную прысутнасць ідэйнай натхняльніцы). І калі пра ўдзельнікаў усё ўжо вядома — у конкурснай праграме выступяць 15 лялечных і батлеечных тэатраў з пяці краін свету, то трапіць у лік гледачоў яшчэ цалкам магчыма. Неабходна толькі зазірнуць на афіцыйны сайт фестывалю [3], азнаёміцца з праграмай і папярэдне запісацца, бо колькасць месцаў у зале абмежаваная.
Таксама можна трапіць у Школу батлейкі, заняткі якой пройдуць яшчэ да афіцыйнага адкрыцця фэсту, 9 студзеня: батлеечныя традыцыі ў Беларусі, выраб лялек, адаптацыя казак пад батлеечныя пастаноўкі, асабісты вопыт — лекцыі і майстар-класы ад практыкаў будуць карыснымі як для аматараў, якія не ведаюць, з чаго пачаць ствараць сваю батлейку, так і для кіраўнікоў творчых гурткоў і тэатраў пры нядзельных школах, бібліятэках, цэнтрах творчасці, студэнцкіх клубах. Неад'емнай часткай фэсту стала і дабрачынная акцыя «Святло душы — дабрадзейнасць», у межах якой батлеечныя і лялечныя тэатры, прычым як беларускія, так і прыезджыя, выступаюць для людзей, якія апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах, у тым ліку для насельнікаў спецыялізаваных інтэрнатаў. Сёлета гэта акцыя стартавала яшчэ ў кастрычніку і працягнецца ў студзені. Абавязкова адбудуцца і традыцыйныя «нябёсаўскія» вячоркі-пасядзелкі з гарбатай і задушэўнымі размовамі. «Мне так было ўцешна, калі летась маскоўскія «Душагрэі» і ўкраінскія лялечнікі разам спявалі калядныя песні, — магчыма, гэта быў найлепшы момант усяго мерапрыемства і адна з тых галоўных мэт, для якіх мы яго стваралі, акрамя ўласна развіцця батлейкі», — разважае ўголас кіраўнік фэсту.
...У фільме-казцы «Не пакідай» акцёры — між іншым, якраз лялечнікі — гавораць такую фразу: «Притупилась чувствительность зрителей». «Наколькі яна сёння актуальная? Вельмі, проста гіперактуальная! Маскульт настолькі затапіў свядомасць, нормай становіцца тое, што раней лічылася непрымальным, і страшна часам назіраць, што адбылося з гледачамі... А што з гэтым рабіць, акрамя як сесці і бедаваць? Ох, цяжкае пытанне. На мой погляд, лавіну маскульту ніяк не спыніш. Але ўнутры кожны мусіць абараняць нябачную лінію фронту, якая праходзіць праз сэрца. Дарэчы, якраз батлейка — тое нягучнае, але вельмі глыбокае, сакральнае мастацтва, якое па сутнасці сваёй супрацьстаіць кліпаваму мысленню: няспешны рытм дзеі, сапраўдная жывая музыка, а ў некаторых пастаноўках — нават жывое святло, а не лямпачкі. Першыя хвілін дзесяць ты, сапсаваны «кліпавай свядомасцю», нават сумуеш, аднак калі пераадолець гэты момант і ўвайсці ў сугучча з аўрай спектакля, то адкрываюцца такія рэчы, якіх ні ў адным відовішчным тэатральным шоу не ўбачыш. І што самае цікавае, сучасныя дзеці хутка ўцягваюцца і разумеюць усё, пра што ідзе гаворка, — так што яны не дурнейшыя за нас. Мо ў гэтым і рэцэпт, і прызначэнне мастацтва наогул — даць людзям магчымасць прыпыніцца на імгненне, задумацца пра нешта сапраўднае, насамрэч важнае?»
Запісала Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з асабістага архіва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://obitel-minsk.ru/n%D1%83%D0%B0b%D0%B5s%D1%83
[4] https://zviazda.by/be/tags/malyavanych
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhdanovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/praekt
[7] https://zviazda.by/be/tags/akcyor
[8] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[9] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[10] https://zviazda.by/be/tags/dzeci