Сёння на ўзбраенне 1146-ага гвардзейскага зенітнага ракетнага палка Ваенна-паветраных Сіл і войск проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі паступіла пятая батарэя зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2». Ключы ад новай тэхнікі асабістаму саставу ўручыў Міністр абароны Андрэй Раўкоў.
— Да 2020 года дзейнічае план будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, — зазначыў Андрэй Раўкоў. — Каб павялічыць баявы кампанент, была закуплена чарговая батарэя зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2». Па накірунках абароненасці ад перашкод, манеўранасці, шматканальнасці, паражэнні малапрыкметных цэляў, па спектры вышынь і хуткасцяў, на якіх ён здольны збіваць гэтыя цэлі, ён з'яўляецца найбольш эфектыўным у свеце. Комплекс паказвае сябе выдатна на ўсіх вучэннях. Асабісты састаў палка падрыхтаваны належным чынам, яго вучылі працаваць менавіта на гэтым комплексе. Таму паветраную прастору на паўночна-заходнім аператыўным кірунку ён прыкрывае выдатна, як і размешчаную побач Беларускую АЭС.
Камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі ППА Ігар Голуб крыху расказаў пра комплекс.
— Адна баявая машына здольная ў аўтаматычным рэжыме суправадзіць, захапіць і паразіць чатыры паветраныя цэлі. Батарэя, якую мы сёння атрымалі, — гэта 16 патэнцыйна збітых цэляў. Усе цэлі — беспілотныя лятальныя апараты, ракеты на малых вышынях і іншыя — былі паражаны падчас праверкі тактыка-тэхнічных характарыстык.
Зусім нядаўна [4], 1 снежня, «Торы» заступілі на баявое дзяжурства.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] http://zviazda.by/be/news/20181201/1543662930-belaruskuyu-aes-pachali-ahouvac-kompleksy-tor-m2
[5] https://zviazda.by/be/tags/zenitna-raketny-kompleks-tor-m2
[6] https://zviazda.by/be/tags/tor-m2
[7] https://zviazda.by/be/tags/astravec