Вось ужо 75 гадоў у нашай сям'і захоўваецца невялікі, пажаўцелы лісток паперы — дакумент, дзякуючы якому маю любую мамку не вывезлі ў Нямеччыну. Яна засталася дома, выйшла замуж за нашага бацечку Рыгора Паўлавіча. Разам яны нарадзілі і вырасцілі пяцёра дзяцей, у якіх ужо свае дзеці і свае ўнукі. Цяжка ўявіць, што гэтага дружнага роду магло б, крый бог, і не быць, калі б...
Маленькая вёсачка Рудня, што на Магілёўшчыне, размяшчалася на мяжы Крычаўскага і Клімавіцкага раёнаў. У 41-м немцы вельмі хутка захапілі нашы мясціны, хоць пад Крычавам баі былі цяжкія. У лесе да сёння шмат акопаў, людзі знаходзілі зброю.
Немцы стаялі ў суседняй вёсцы Лобжа, цэнтры сельсавета. Там жа размяшчаўся і паліцэйскі гарнізон, які ўзначальваў (хто б мог падумаць?) адзін з «адказных работнікаў» калгаса. Я знарок не называю ягонае прозвішча, каб не прычыніць боль родным, што яшчэ жывуць паміж нас.
А Рудня, нягледзячы на вайну, жыла, можна сказаць, сваім звычайным жыццём: людзі аралі зямлю, сеялі хлеб, касілі, спраўлялі вяселлі, нараджалі дзяцей, моладзь ладзіла вячоркі.
Немцы наязджалі на веласіпедах па два-тры чалавекі. Ішлі па хатах, патрабавалі яйкі, масла ды сала. Больш нахабна і жорстка паводзілі сябе паліцаі. Яны трымалі ў страху і дарослых, і дзяцей, ператрасалі ўсё ў хатах ды пунях, раскідвалі стагі і падушкі, стралялі ў столь — шукалі збеглых палонных і партызанаў. А яны ў вёсцы былі з першых дзён вайны. Часам на сценах хат з'яўляліся лістоўкі з ваеннымі звесткамі. «Масква наша! Ленінград не здаецца!» — шэптам перадавалі адзін аднаму вяскоўцы. Было зразумела, што «маланкавая вайна» правалілася.
З боку Крычава вёска была відаць як на далоні, і таму на кожны масавы рух жыхароў (касьба, выбіранне бульбы і г. д.) ляцеў снарад. Насупраць нашай хаты ад яго захавалася яміна. Яе нават не спрабавалі засыпаць. А многія снарады траплялі ў багну і не ўзрываліся.
Пасля пачатку наступлення нашых войскаў пад Сталінградам фашысты пачалі лютаваць. Паліцаі ім дапамагалі. З асаблівай жорсткасцю адбіралі скаціну, збожжа. А неўзабаве пакаціліся аблавы на моладзь. Па спісах, складзеных старастам-паліцаем, у адну са снежаньскіх раніц з хат павыганялі хлопцаў і дзяўчат, пагналі ў райцэнтр, у Клімавічы.
Трапіла ў тыя спісы і мая будучая мама — 19-гадовая Клаўдзія Курачова. Медыцынская камісія адбірала самых здаровых і прыгожых. Для гэтага ўсіх распраналі дагала (дзяўчаты нават страчвалі прытомнасць ад сораму) і ганялі па дактарах — з кабінета ў кабінет. Напрыканцы выносіўся вердыкт: годны ці не.
У першы раз маю маму выратавала нямецкая педантычнасць. У назве вёскі было напісана «Родня» замест «Рудня», з-за чаго і прагучала выратавальнае «Вэк»... Мама казала, што, пачуўшы яго, усе 12 кіламетраў да дома бегла і плакала, паўтараючы два словы: «Хрыстос Уваскрос!». Так вучыла яе бабуля, так матуля вучыла потым нас. Іншых малітваў мы не ведалі.
А ўжо ў пачатку лютага 1943-га паліцаі зачыталі новыя спісы, прызначылі новы дзень і месца збору моладзі. Пры гэтым пагрозліва абвясцілі, што, калі нехта не з'явіцца, расстраляюць родных.
Мамін бацька, а мой, значыць, дзед Сямён, тады паехаў у горад шукаць нейкага паратунку. І добрыя людзі падказалі яму, што сярод нямецкіх дактароў ёсць і наша, савецкая: яна можа даць патрэбную даведку аб стане здароўя.
Позна ўвечары дзед знайшоў дом, дзе доктар Вараб'ёва з пяцігадовай дачушкай здымала пакой (муж-афіцэр быў на фронце, а яе, можа, прымусілі працаваць? Ды і жыць жа за нешта ж трэба было)...
Дзядуля са слязамі на вачах выказаў жанчыне сваё гора, прапанаваў і плату — бохан хлеба і кавалак сала. Жанчына абяцала дапамагчы. І, дзякаваць богу, слова сваё стрымала: калі ў другі раз моладзь прывезлі ў бальніцу, мама знайшла вачыма патрэбную жанчыну (маладую, з прыгожымі чорнымі валасамі), падышла да яе, назвала сваё прозвішча... Доктар тады і выпісала вось гэтую самую даведку. А мама, пачуўшы гартаннае нямецкае «кранк» (хворая) ды балючы штуршок у спіну, зноў апынулася на вуліцы. Зноўку бегла, плакала і дзякавала Богу.
Здраднік-паліцай тады аж счарнеў ад злосці. Ён добра ведаў, што дзяўчына здаровая. Прыйшоў у хату і сказаў дзеду, што ў наступны раз павязе маму сам — болей не адкруціцца.
Моладзь, каб неяк уратавацца ад вывазу, спрабавала рознае: газай націралі рукі, самі сабе наносілі раны ды пасыпалі соллю, нешта капалі ў вочы і вушы... Вёска застыла ў цяжкім чаканні. І вось 29 жніўня. Моладзь пад дуламі паліцэйскіх аўтаматаў зноў павялі ў Клімавічы. Але на шчасце гэту працэсію ў лесе ўжо чакала партызанская засада. Паліцаяў і старасту расстралялі. Хлопцы і дзяўчаты вярнуліся дамоў у вёску, на якую праз месяц абрынулася новая бяда: «набожныя» фашысты на Узвіжанне сталі гойсаць ад хаты да хаты, паліваць сцены газай і падпальваць...
Дзед Паўлюк, убачыўшы, што злыдні трохі адбегліся, стаў заліваць вадою агонь... Праўда, нічога добрага з гэтага не выйшла. Немцы, якія пільна за ўсім сачылі, вярнуліся назад, схапілі дзеда за каўнер і кінулі... у дзверы палаючай хаты.
Вёскі не стала гадзіны за дзве. А дзед Паўлюк — выжыў. Толькі з таго дня стаў часта траціць прытомнасць і праз тры гады заўчасна памёр.
Тым часам савецкія войскі хутка набліжаліся да беларускай мяжы. У канцы верасня 1943 года былі вызвалены чыгуначная станцыя і горад Клімавічы.
Назаўтра ж пасля вызвалення дзед Сямён кінуўся туды, каб яшчэ раз падзякаваць доктару Вараб'ёвай, але не заспеў яе. Бабуля, у якой яна здымала пакой, апусціўшы вочы, сказала, што ні пра кватарантку, ні пра яе дзіця нічога не ведае. Жанчына быццам знікла. Магчыма, яе проста арыштавалі за «супрацоўніцтва з немцамі»? Такое ж тады вельмі часта здаралася... А мы вось жывём і помнім яе.
Нізкі паклон вам, доктар Вараб'ёва!
Наталля Сівак,
в. Заполле, Чэрвеньскі раён
Асалода чытаць па-беларуску (у тым ліку — «Звязду»), асалода пісаць.
На гэты раз узяцца за пяро прымусілі дзве публікацыі. Першая — Алены Ляўковіч пра паштоўкі як люстэрка часу [2]. Іх некалі і сапраўды прысылала радня, падпісвалі вучні (я працавала настаўніцай), і таму цяпер проста рука не падымаецца нешта выкінуць. Часам перабіраю, разглядаю і наплываюць такія ўспаміны...
А другая — «нефармат» Святланы Яскевіч «Найвялікшае шчасце» [3]. Гэта і наогул як быццам пра мяне, бо я таксама ляжала ў траўматалогіі, таксама выпісалася адтуль за два дні да Новага года. Да таго ж разам са мной ляжала жанчына з пераломам пазваночніка: яна палезла павесіць цюль ды і навярнулася, як той казаў... Да яе штодня прыходзілі то сын, то нявестка, даглядалі, мылі. Розніца толькі ў тым, што ўсё адбывалася ў нас, у Гродне.
Сустаў, які мне замянілі там, служыць верай і праўдай, за што хочацца шчыра падзякаваць хірургу Міхаілу Рыгоравічу Малкіну. А далечваў мяне другі ўрач — Іван Міхайлавіч Ганчарук... Грэх не ўспомніць і сваіх, смаргонскіх медыкаў, асабліва — Наталлю Вячаславаўну Курбацкую. Каторы гадок я ў яе на ўліку...
Ды і наогул, пакуль не скруціла хвароба, я не ведала, што навокал так многа добрых людзей. Ні разу не было такога, каб хто-небудзь не кінуўся мне дапамагчы: і падвесці прапануюць, і падвезці.
...А перад Новым годам і наогул свята было! На яго мяне запрасілі мае апошнія выпускі. Адна дзяўчынка (яны для мяне пажыццёва дзяўчаткі) прыехала з Калінінграда, і сабраліся разам Алеся Невяровіч, Каця Ерамеева, Таня Вяль, Марына Бурачэўская, Вольга Ількевіч, Наташа Майсевіч... Мяне таксама ў кафэ прывезлі (нашай школы даўно няма), падарылі такі букет, напісалі такія пажаданні...
Вось і думаю: а хай бы нейкі год у нас стаў Годам дабрыні ці добрых спраў!
Г. У. Пятроўская, г. Смаргонь
Нараджэнне паэткі
...Калі на свет з'явілася наша дачушка Ганначка, мы з жонкай завялі спецыяльны сшытак, куды сталі запісваць «этапы росту» — першыя дасягненні дзяўчынкі, смешныя выпадкі, незвычайныя словы — усё, што «генеруе» яе нястомная фантазія. Апошнім часам, напрыклад, наша дачка палюбіла рыфмы. Выдала неяк:
«Я прачнулася зарана
І глядзела на барана».
Напэўна, убачыла на палічцы кніжку казак з яго выявай, а можа... мяне, бо па гараскопе я — якраз ён.
Ёсць, карацей, над чым падумаць.
Занатоўвалі за малой і нешта бессэнсоўнае — на першы погляд:
«Мы прыйшлі і паглядзелі:
Усе арэлі захварэлі».
Можа, скрыгат падаўся праявай хваробы?.. А яе «бабуля-Натуля — цёплаю кашуляй»? А «тата Жэня — вялізазным пельменем»?
Вось гэта, на жаль, таксама пра мяне. Нават крыўдна стала! А з іншага боку, за што крыўдаваць?.. Трэба зноў пачаць бегаць ці менш налягаць на яечню, асабліва нанач, каб не быць тым «пельменем»!
...«Спатыкнулася» дзіця хіба на дзядулю Ігара, які ну ні з чым не рыфмаваўся! Аж заплакала, беднае, але ж нашых падказак не прыняло. І што важна, не адступілася: праз некалькі гадзін, калі мы ўжо і забыліся на гэтую гульню, раптам закрычала: «Тыгр! Тыгр!» «Які, — пытаем, — тыгр і адкуль?» А малая нам: «Дзеда Ігар — ён жа тыгр! Я сама прыдумала!»
«Паэтка расце!» — не без гонару адзначылі мы з жонкай і пакаціліся са смеху.
Яўген Мартыновіч, г. Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/news/20181227/1545922213-pashtouka-lyusterka-chasu
[3] http://zviazda.by/be/news/20181226/1545841385-nayvyalikshae-shchasce
[4] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[5] https://zviazda.by/be/tags/chytachy