Сёння адзначае 80-годдзе народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. На сцэне Тэатра беларускай драматургіі, дзе актрыса служыць больш як 25 гадоў, з гэтай нагоды адбудзецца бенефіс, пра які сама Таццяна Рыгораўна сказала сцісла: «Няхай гэта будзе весела!»
Акцёры з роднай трупы, якія падрыхтавалі ў якасці падарунка адмысловы «капуснік», сябры і калегі з іншых тэатраў, афіцыйныя асобы і вядомыя дзеячы культуры, а таксама адданыя гледачы — усе яны стануць гасцямі і ўдзельнікамі юбілейнай імпрэзы «Таццянін дзень».
У творчай біяграфіі Таццяны Мархель работа ў тэатрах некалькіх краін — Гродзенскім і Магілёўскім абласных, Беларускім тэатры імя Якуба Коласа, Дзяржаўным тэатры для дзяцей і юнацтва Казахстана (Алматы), Тэатры-студыі кінаакцёра і Тэатры беларускай драматургіі ў Мінску, а таксама здымкі ў кіно — «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Подых навальніцы», «Мяне завуць Арлекіна», «Плач перапёлкі», «Рыфмуецца з любоўю», «Сляды апосталаў»... У 1984 годзе атрымала званне заслужанай артысткі БССР, у 2004-м была адзначана медалём Францыска Скарыны, у 2011-м — стала народнай артысткай Беларусі.
Далучаючыся да шматлікіх віншаванняў, «Звязда» прапануе прыгадаць разам некалькі яркіх і запамінальных роляў выдатнай актрысы.
На сёння Таццяна Мархель занятая ў пяці пастаноўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, таксама працягвае здымацца ў кіно — напрыклад, кароткаметражная стужка «Возера радасці» (паводле рамана Віктара Марціновіча) з яе ўдзелам нядаўна трапіла ў праграму міжнароднага кінафестывалю ў Клермон-Феране, што пройдзе ў пачатку лютага.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота з архіва тэатра
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-marhel