Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА папоўніўся яшчэ адным беларускім абрадам - палескім "Юр'еўскім карагодам" [1]. Такое рашэнне было прынята 11 снежня на 14-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая цяпер праходзіць у Багаце ў Калумбіі.
Вясновы абрад "Юр'еўскі карагод", некалі распаўсюджаны на ўсёй Тураўшчыне, сёння захаваўся толькі ў вёсцы Пагост [2] Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Мясцовыя жыхары выконваюць яго вясной у дзень святога Юрыя, які лічыцца заступнікам хатніх жывёл і сельскай гаспадаркі. Па традыцыі менавіта ў гэты дзень упершыню пасля зімы на поле выводзяць жывёлу. Таксама ў "Юр'еўскім карагодзе" ёсць месца выпяканню каравая, маляўнічаму ручніку і святочнай вячэры. Мясцовыя жыхары вераць, што праведзены абрад будзе спрыяць добраму ўраджаю.
Сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" пакажа ўнікальны беларускі абрад у гэтую суботу, 14 снежня. У 10.00 у эфір выйдзе прысвечаная палескай традыцыі серыя фальклорнай праграмы "Жывая культура". Увесну гэтага года здымачная група праекта разам з вядучай Кацярынай Ваданосавай, знаходзячыся ў творчай экспедыцыі ў вёсцы Пагост акурат у свята Юр'я, зняла для гледачоў захаваны мясцовымі жыхарамі і зараз ужо знакаміты на ўвесь свет карагод.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190521/1558431923-u-gadu-dva-yuri-abodva-durni
[2] http://zviazda.by/be/news/20180511/1526052397-kacyarynin-karagod
[3] https://zviazda.by/be/tags/yurauski-karagod
[4] https://zviazda.by/be/tags/karagod
[5] https://zviazda.by/be/tags/pagost
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhytkavicki-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3
[9] https://zviazda.by/be/tags/telekanal-belarus-3-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/kulturnaya-spadchyna-yuneska