29 лютага, у апошні дзень зімы, Мінску прадставіць вынік незвычайнай творчай калабарацыі. Яе ўдзельнікі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, папулярныя рокеры "Nizkiz", 12-разовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў, але перадусім два тэатры: Купалаўскі і сямейны інклюзіў-тэатр "і". Першы дае сваю галоўную сцэну, каб другі мог паказаць спектакль "Аднойчы ў вялізным горадзе" – беларускамоўную філасофскую казку паводле апавядання Ф.М.Дастаеўскага.
Сямейны інклюзіў-тэатр "і" створаны ў 2016 годзе на базе тэатральнай студыі Ірыны Пушкаровай. Ён дапамагае асаблівым дзецям сацыялізавацца і развівацца праз творчасць: сярод тутэйшых акцёраў не толькі адораныя дзеці і падлеткі рознага ўзросту, але таксама дзеці з аўтызмам і іх бацькі. На сёння ў студыі займаюцца каля 130 дзяцей, у тым ліку 42 асаблівых дзіцяці. За час існавання тэатр прадставіў некалькі спектакляў, але на адну з галоўных тэатральных сцэн Беларусі ён выйдзе ўпершыню.
Для таго, каб задума ажыццявілася і спектакль адбыўся, неабходна сама меней 2000 беларускіх рублёў. Таму 15 студзеня на краўдфандынгавай платформе Ulej.by стартавала адмысловая кампанія па збору сродкаў, удзел у якой узялі вядомыя медыяперсоны. Так, пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая адразу горача падтрымала праект, прапанавала ў якасці лоту запрашальнікі побач з сабой у VIP-ложу і сумеснае чаяванне ў тэатральным буфеце, Віталь Гуркоў выставіў трэніроўку па муай-тай, музыкі гурта "Nizkiz" – 2 квіткі на прэзентацыю свайго новага альбома, а тэатр імя Янкі Купалы – запрашальнікі ў ложу і партэр на інклюзіўны спектакль і гадавое запрашэнне на дваіх на ўсе прэм'еры тэатру.
Што цікава, першы лот быў напыты ўжо праз гадзіну пасля запуску краўдфандынгавай кампаніі, а на сёння, 16 студзеня, арганізатары сабралі больш як 100% ад патрэбных сродкаў. Між тым, кампанія запланаваная да 14 лютага, і арганізатары абяцаюць прадставіць яшчэ некалькі адмысловых лотаў – напрыклад, тэатральную экскурсію па закуліссі і розных цэхах Купалаўскага. Таму ўсе ахвотныя падтрымаць маленькіх акцёраў інклюзіў-тэатра "і", якія мараць выйсці на вялікую сцэну, могуць гэта зрабіць тут [4].
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://ulej.by/project?id=1321829
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/kupalauski-teatr
[7] https://zviazda.by/be/tags/inklyuziuny-spektakl
[8] https://zviazda.by/be/tags/spektakl