Што той інструмент, што гэты
Было гэта гады два-тры таму, калі вясна ўсё больш уступала ў свае правы, з сорамам выстаўляючы на вочы месцы, дзе тэрмінова трэба было прыбрацца, навесці парадак... Час суботнікаў, карацей.
Адзін з іх ладзіўся ў вёсцы Крупа, добра вядомай сваёй купеллю на сямі крыніцах з гаючай вадой. Туды, каб акунуцца, каб набраць вадзіцы, едзе шмат людзей. І не толькі на Вадохрышча.
Дык вось якраз там у час суботніка мы збіраліся папрацаваць. Але спачатку (усе ў рабочай вопратцы, хто з граблямі, хто з венікам, хто з сякерай ды рыдлёўкай) у пэўны час прыйшлі ў пэўнае месца. Стаім — чакаем аўтобус, які павінен завезці ў Крупу, вітаемся з новымі людзьмі, што далучаюцца да нашай кампаніі, здалёку бачым і вядомага ў раёне музыку Міхаіла Папругу. Прычым пры парадзе, як той казаў, з гармонікам.
— Вы таксама ў Крупу? — жартам пытаемся ў яго.
— Так, — на поўным сур'ёзе адказвае Міхаіл.
«Можа, яго некуды падвезці трэба?» — мільганула думка.
Аказалася — не: яму, як і многім з нас, напярэдадні патэлефанавала начальства і без лішніх падрабязнасцяў папярэдзіла, каб заўтра а восьмай раніцы быў на плошчы... Абавязкова з інструментам.
Для нашага славутага музыкі такія званкі, вядома ж, не ў навінку. Яго часта некуды запрашаюць — з інструментам, з гармонікам, значыць. Таму і гэтым разам Міхась падумаў, што яго клічуць выступіць на нейкім мерапрыемстве.
Карацей, па дарозе ў Крупу не абышлося без жартаў і смеху. Маўляў, сваёй музыкай ён будзе ствараць нам адпаведны настрой... Але ж на месцы музыка адставіў убок свой любімы інструмент, зняў святочную куртку, надзеў рабочыя пальчаткі.
Затое па дарозе назад, здавалася, сам аўтобус разам з гарманістам спяваў заліхвацкія песні!
...Дарэчы і да гонару музыканта, ён зусім не супраць быў, каб я расказала гэту гісторыю. І нават прозвішча яго назвала. Вясёлы чалавек, які любіць жарты сам, не супраць павесяліць іншых.
Ала Альфер,
г. Беразіно.
Хто пытае, той не блукае...
Некалі даўно, у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, я зрабіла адно «вынаходніцтва», і зараз хацелася б расказаць, што мяне падштурхнула і як гэта было.
Значыць, на той час дзеткі мае ўжо трохі падраслі, пайшлі ў школу, а следам і я вырашыла паступіць у інстытут, атрымаць вышэйшую адукацыю. Падрыхтавалася да экзаменаў, паспяхова здала і — ура! — мяне залічылі на завочнае аддзяленне!
Радасці з гэтай нагоды было шмат, але ненадоўга — пакуль не даведалася, што чатыры гады нам давядзецца здаваць экзамены па замежнай мове, якая мне асабіста не давалася ну ніяк: вучу-вучу нямецкія словы, а яны адскокваюць як гарох ад сценкі! Галоўнае — з іншымі прадметамі ніякіх праблем, а вось гэты... Ну проста нейкай неадольнай гарой узвышаецца на маім шляху да дыплома.
Хоць-нехаць тады ўспомніла прымаўку, што разумны ўгару не пойдзе — стане шукаць абход. І — эўрыка! — я знайшла яго! Ведаючы, што вывучаць замежную мову мы будзем на базе газетных матэрыялаў у тысячу слоў за семестр, я купіла дзесяць аднолькавых газет (як зараз помню, «Новая Германія» за 18 верасня 1967 года), папрасіла знаёмага, які досыць добра чытаў па-нямецку, падабраць мне лягчэйшы артыкул і пісьмова перакласці яго на рускую мову. Атрыманы тэкст, як вершык, я завучыла на памяць, а ўсе словы «занесла» ў адмысловы слоўнік (ім дазвалялася карыстацца). Карацей, да экзамену я падрыхтавалася.
Убачыўшы гэта, педагог, які прымаў іспыт, застаўся задаволены і зусім не прыдзіраўся. Адно што газету маю перакрэсліў і забраў сабе. «Ну няхай, — падумала, — дома ж яшчэ дзевяць штук за тое ж 18 верасня... І таму на іспытах, што здаваліся потым у канцы кожнага семестра, я адчувала сябе ўсё смялей і смялей, а газет, па якіх я здавала экзамены, станавілася ўсё меней і меней.
І вось нарэшце доўгачаканы фініш: зачыняючы дзверы аўдыторыі ў апошні раз, я па-нямецку сказала выкладчыкам: «Аўф відэр зеен!» (да пабачэння).
...Ці сорамна мне (было і ёсць) за сваё вынаходніцтва? Здаецца, не, бо вывучаць нямецкую мову праз 20 гадоў пасля Перамогі над фашыстамі не хацелася многім. Да таго ж, шчыра кажучы, і сэнсу ў тым амаль не было. Мы не марылі тады аб паездках у Германію і не прымалі замежных турыстаў тут.
Міра Любаскіна,
г. Бабруйск.
Лячэнне шокам... Як токам
Не так даўно мне давялося ляжаць у бальніцы. Дні (а тым больш вечары) там, як вядома, доўгія, а размоў — дык хоць вушы затыкай!
Неяк вось гамонка зайшла пра лячэнне токам. «А можна яшчэ і шокам, — засмяяўся мой сусед па ложку і потым вось што расказаў.
Яго суседка Зоя вырасла ў сям'і набожных старавераў. Бацькі не хацелі, каб яна ўступала ў піянеры, потым у камсамол. Яны, можа, і ў школу яе не пусцілі б, каб не баяліся ўлад (на той час — няхай і бязбожных).
Але ж вось вучоба скончана. Паступаць у які-небудзь інстытут або тэхнікум Зоя нават не спрабавала. Цвёрда верачы яшчэ, што ўсе людзі добрыя і сумленныя, што без Божай волі з яе галавы не ўпадзе ніводзін волас, што шлюбы ладзяцца толькі на нябёсах і г. д., яна, як параілі бацькі, уладкавалася працаваць на швейную фабрыку, засялілася ў рабочы інтэрнат. І, мякка кажучы, вельмі здзівілася: амаль усе яе «сужыцелькі» — ад учарашніх школьніц да цётачак пад сорак — не баяліся выпіць-пакурыць, многія не саромеліся грубай мужчынскай лаянкі ды і нечапанак з сябе не строілі — прыводзілі да сябе хлопцаў, часам пакідалі іх нанач...
У такім атачэнні Зоі было, вядома ж, нядобра, аднак яна вырашыла цярпець, думаць, што вось гэта — выпрабаванне веры, якое паслаў сам Госпад. І ўсё б, можа, нічога, калі б яно, гэтае выпрабаванне, скончылася праз год ці праз два, а то ж «працэс» зацягнуўся...
Факт, што аднойчы цярпенне ў дзяўчыны лопнула: пайшла да старшыні прафкама, разам з ім да дырэктара фабрыкі, які з улікам Зоіных працоўных заслуг згадзіўся выдзеліць ёй жытло ў іншым інтэрнаце, прычым блочнага тыпу: два пакойчыкі, санвузел, кухня... Зою зусім не палохала, што гэта на два чалавекі... І з тым самым другім да яе не ўжыўся ніхто...
Ніна і сапраўды была дзеўка дзікаватая. Расказвалі, што расла недзе ў лесе і ў досыць праблемнай сям'і. А таму не разумела, навошта, напрыклад, прыбіраць са стала, мыць посуд і падлогу, навошта мыцца самой часцей, чым адзін раз на месяц, навошта наогул нешта рабіць, калі, наеўшыся макароны з яешняй, можна ляжаць на ложку?
Прыняўшы вось такое суседства за чарговае выпрабаванне веры, Зоя спярша паціху-памалу ўзялася за справу. Падарыла суседцы зубную пасту і шчотку, сама стала наводзіць шык-бляск ва ўсіх агульных памяшканнях, прыбіраць, нават мыць Нінін посуд, каб потым сказаць:
— Ну, паглядзі — гэта ж так проста... А як прыгожа!
Суседка, як здавалася, бачыла (хоць і маўчала), яна сабе нават звычку ўзяла ў шчылінку паміж лістамі фанеры ў дзвярах пазіраць, што робіць Зоя.
— Не хавайся, выходзь, — клікала часам тая.
Ніна не адзывалася...
— Ну ніякіх сіл маіх з ёю! — паскардзілася неяк Зоя, на тыдзень прыехаўшы да бацькоў. — Не ведаю, што і рабіць.
— У мяне ёсць ідэя! — заікнуўся старэйшы брат.
— Гэта ж якая? — насцярожылася сям'я, але марна.
— Расказваць нічога не буду, — папярэдзіў хлопец. — Я паспрабую... Праўда для гэтага, — сказаў ён Зоі, — мне трэба ў цябе паначаваць.
...Назаўтра ўвечары яны ўдваіх прыехалі ў інтэрнат.
— Глядзі — і вось так кожны раз! — ледзь не з плачам сказала Зоя, убачыўшы ў ванне замочаную (яшчэ да яе ад'езду...) Нініну куртку, а ў кухні — брудныя патэльню, каструлі ды цэлую гару талерак.
Шчасце, што есці ім зусім не хацелася, і таму Зоя з братам разышліся спаць.
...А назаўтра з раніцы яны прачнуліся і, можна сказаць, жытло не пазналі: і ракавіна ў кухні, і ванна былі пустыя і чыстыя.
— Ты што — усё павыкідваў? — спалохана спытала Зоя ў брата.
— Не. Я спаў як сурок, — ледзь не бажыўся той. — Ты ж мяне ведаеш — мне б галаву да падушкі...
— І што — нічога не чуў, не бачыў?
— Не.
— Цуд нейкі! — не зразумела Зоя.
Прычым, як аказалася, зусім не «аднадзённы», бо суседку — ну як хто падмяніў! На кухні больш ніводнай бруднай талеркі, у ванне — ніводнай недамытай адзежыны...
Толькі праз гады, за чаркай, са смехам і зусім не Зоі брат расказаў, што ж ён тады зрабіў.
Спачатку, значыць, пастаяў каля акна (пераканаўся, што Ніна заняла сваю пазіцыю — падглядвае ў шчыліну ў дзвярах), потым да трусоў раздзеўся, з ручніком на плячы схадзіў у ванну, вярнуўся назад, на кухні адкруціў кран над брудным посудам, з мылам, добрасумленна і па парадку вымыў рукі і твар, шыю і грудзі, а нарэшце — усё, што... ніжэй, выцерся, лёг на раскладушку і нават «захроп».
Дзікунка Ніна (ён таксама падглядваў) з'явілася ў кухні хвілін праз дваццаць і ціхенька, па адной місачцы-талерцы стала пераносіць посуд у свой пакой. Туды ж, выкруціўшы, пазносіла ўсё, замочанае ў ванне...
Карацей, па словах майго суседа па бальнічным ложку, лячэнне шокам стала для той дзікункі не менш карысным, чым для некага лячэнне токам.
А. Мароз, г. Мінск
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou