Паехаць у Прылукі, якія зусім побач з Мінскам, нас натхніла... залатая восень. Вялікі магутны парк з прыгожымі алеямі, што лічыцца адным з самых старажытных у Беларусі, як і чакалася, супакойваў і натхняў разнастайнасцю барвова-жоўтых колераў. Па-восеньску срэбнае возера з розных бакоў абступалі, выплываючы з лёгкай смугі, былая карэтная, свіран, бровар, дом аканома, дом для колішніх работнікаў пана. Спусціліся трохі ўніз і наткнуліся на крынічку з чыстай вадой... А ў самым сэрцы Прылук, у атачэнні магутных дрэў-ахоўнікаў — велічны палац. Ён не разбураны і не занядбаны, выдатна захаваўся і ў ім пастаянна працуюць людзі.
На ўваходзе гасцей парку вітае старажытная адчыненая брама. Можна заўважыць, што на ёй вісіць новенькі ланцуг. Значыць, яна і цяпер выконвае сваю функцыю: ахоўвае начны спакой ад візітаў несумленных гасцей. Адразу за брамай — вялізная алея. Яна вядзе проста да цэнтральнага ўваходу ў палац. Крочыш па ёй і адчуваеш сябе... яснавяльможнай пані, якая прыйшла прывітаць і выказаць сваю пашану гаспадарам маёнтка.
Кожная вежа ацалела
Сам палац відаць не адразу, яго сілуэт вымалёўваецца з-за дрэў. Але вось і ён: асаблівы, адметны, велічны. Перад уваходам — вялікая клумба, у цэнтры яе калісьці быў фантан. Усё гэта знаходзіцца пасярод круглай пляцоўкі і абсаджана разнастайнымі раслінамі. Верагодна, карэты гасцей маглі тут зрабіць круг і спакойна пакінуць уладанні гасцінных гаспадароў. Над уваходам — шыкоўны балкон. З яго, пэўна, можна было, выпраўляючы блізкіх у дарогу, казаць развітальныя цёплыя словы. А пасля застацца сам-насам са сваімі думкамі, шпацыраваць узад і ўперад і часам углядацца ў далячынь алеі, а ці не крочыць па ёй той, каго так чакае сэрца?..
Не менш адметны і адваротны, паўднёвы, фасад палаца. Па ўсходах можна падняцца на вялікі адкрыты балкон. Вінтавая лесвіца таксама ў даволі добрым стане. На фундаменце палаца часткова захаваўся малюнак па тынкоўцы. У іншых месцах яго спрабавалі аднавіць, аднак кожны раз чамусьці па-рознаму.
Мы абгледзелі палац з розных бакоў, падлічылі ўсе яго цалюткія вежкі, казыркі, аркі, коміны. Натуральна, з'явілася жаданне даведацца, хто і калі быў яго ўладарамі, якія падзеі адбываліся ў гэтых сценах. Аказалася, у Прылуках ёсць уласны Цэнтр народнай творчасці. У ім, сярод многіх іншых, дзейнічае і аб'яднанне «Прылуцкая спадчына». Яго першая кіраўніца Інэса КАРОЛЬ
дапамагла нам вярнуцца на некалькі стагоддзяў назад:
— 100 гадоў у сядзібе ў Прылуках быў праваслаўны манастыр (з 1600-х прыкладна да 1735-га года). Заснавала яго Ганна Агінская. Дарэчы, яе бацька з'яўляўся фундатарам Свята-Петра-Паўлаўскіх манастыра і сабора ў Мінску. Мы думаем, што дзякуючы таму, што манахі тут маліліся такі доўгі час, наша сядзіба ацалела. Бо многія іншыя разбурыліся, не перажылі выпрабаванняў стагоддзямі. Аднак лёс і ў яе быў даволі складаны, яна пераходзіла з рук у рукі. Пасля таго, як зачыніўся манастыр, тут сталі жыць Іваноўскія (радня Ганны Агінскай). Затым маёнтак перадаваўся па жаночай лініі як пасаг дочкам, якія ішлі замуж. Валодалі ім Ашторпы, Гарваты. Можна сказаць, што ў сярэдзіне XІX стагоддзя гэтую сядзібу пабудавалі жанчыны. З 1850 па 1870 год Людвіка Гарват з палаца зрабіла вельмі прыгожы замак, які ўпрыгожвала шмат вежак.
Самыя багатыя гаспадары
Сядзібу ў Прылуках усе ведаюць як уладанні Чапскіх — аднаго з самых багатых родаў таго часу. Яны мелі яшчэ адзін маёнтак, у Станькава. Аднак яму меней пашанцавала, сёння пра былую прыгажосць можна меркаваць толькі па руінах. Інэса Кароль распавяла гісторыі лёсаў некалькіх Чапскіх, якія выраслі і жылі ў Прылуках:
— У 1871 годзе сядзібу купіў Эмерык Чапскі. Ён быў надзвычай прадпрымальным чалавекам, таму заняўся скупкай земляў. У яго ўладанні была тэрыторыя ад Станькава і да Мінска. Быў створаны так званы Станькаўскі ключ, дзе квітнела яго гаспадарка. Акрамя таго, граф меў вялізныя калекцыі, займаўся біялогіяй, служыў пры цары Аляксандры ІІ, быў віцэ-губернатарам Пецярбурга, губернатарам Ноўгарада, кіраўніком лясных ведамстваў ў Расійскай імперыі. Аднак з царом пасварыўся з-за таго, што той раздаваў лясныя ўгоддзі ў прыватныя рукі, і з'ехаў у сваю сядзібу. Тады шчыльней заняўся калекцыямі і гаспадаркай.
Эмерык узнавіў палац у Прылуках на ўзор старога, праўда, зменшыў колькасць вежаў, пакінуўшы чатыры. А з правага боку прыбудаваў вялікую чатырохкутную вежу. У ёй са склепа ідзе вінтавая лесвіца, пакоі ў тры паверхі размяшчаюцца адзін над адным. У адным з іх сёння знаходзіцца музей.
У Станькава Эмерык Чапскі захоўваў шыкоўныя калекцыі: медалі, манеты, ордэны, старадаўнія кнігі, карты, каштоўнае адзенне... Аднак у 1894 годзе вырашыў пераехаць у Кракаў, купіў невялікі палац, зрабіў прыбудову і размясціў там большасць сваіх скарбаў. Са Станькава калекцыі вывозілі ў 6 вагонах 130-цю скрынкамі. Эмерыку не пашанцавала, ён рана памёр, хаця быў надзвычай здаровым, моцным мужчынам. Загінуў з-за хворага зуба, бо ў тыя часы не ўмелі спраўляцца з інфекцыяй.
Старэйшы сын Эмерыка Караль Чапскі быў вядомым мінскім гарадскім галавой. Кожны дзень вярхом на кані ездзіў са Станькава на працу ў сталіцу. Малодшы сын, якога звалі Юрый (Ежы), жыў у Прылуках. З жонкай-пражанкай яны мелі 7 дзяцей. Нараджаць жонка ездзіла ў Прагу, там дагэтуль захаваўся палац, у якім з'яўляліся на свет прылуцкія спадчыннікі (сёння ў ім знаходзіцца італьянскае пасольства). Усе іх дзеці з часам з'ехалі за мяжу: хто вучыцца, хто замуж. Аднаго з іх, Юзафа Чапскага, і сёння ведаюць ва ўсёй Еўропе, пра што распавядае Інэса Кароль:
— Юзаф стаў вядомым дзякуючы пісьменніцкай дзейнасці і маляванню. Падчас імперыялістычнай вайны быў на фронце. У 1939 годзе аказаўся ўдзельнікам Катынскай трагедыі, аднак застаўся ў жывых дзякуючы заступніцтву ўплывовых сяброў. Разам з ім выжыла яшчэ 70 чалавек, але іх сляды згубіліся, і ён прыклаў шмат намаганняў, каб адшукаць, дзе знаходзяцца гэтыя людзі. Быў удзельнікам Арміі Андэрса, аднак ад зброі адмовіўся і займаўся культурнай работай. Усё гэта апісана ў яго кнігах «Успаміны аб Старабельску» і «На нечалавечай зямлі». Пасля вайны ездзіў па Еўропе з лекцыямі пра Катынскую трагедыю. Разам з Ежы Гедройцам адкрыў пад Парыжам Літаратурны інстытут. Там яны выдавалі часопіс «Культура», у якім друкаваліся ўсе дысідэнты, у тым ліку Салжаніцын. У Ташкенце пазнаёміўся з рускімі пісьменнікамі. Ганна Ахматава прысвяціла яму верш «У тую ноч мы страцілі розум адзін ад аднаго»...
Юзаф Чапскі пражыў 96 гадоў. Ён прайшоў усе выпрабаванні XX стагоддзя. Жыў у Царскім Сяле і сустракаўся з сям'ёй цара. Быў сведкам Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. Развал Савецкага Саюза таксама здарыўся пры ім. Так ні разу і не ажаніўся, нашчадкаў не пакінуў.
Сястра Юзафа Марыя Чапская — таксама вядомая пісьменніца. Самыя знакамітыя яе кнігі называюцца «Еўропа ў сям'і» (1970) і «Час адменены» (1978). У іх, сярод іншага, адлюстравана жыццё некалькіх пакаленняў Чапскіх.
Пад звон манет
— Пасля рэвалюцыі Прылукам таксама пашанцавала, — упэўнена Інэса Кароль. — Пэўна, таму, што Ежы Чапскі і яго жонка былі надзвычай добрымі людзьмі. Работнікі, якія ў іх працавалі, жылі нядрэнна, яны ім пастаянна дапамагалі. Кажуць, калі пан і пані выязджалі з дому, то за 15 хвілін да гэтага званілі ў звон. Людзі збіраліся вакол, і Чапскія, едучы, сыпалі ім залатыя манеты... Таму пасля рэвалюцыі палац не разбурылі і не спалілі.
У савецкія часы палац таксама не пуставаў. Падчас адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў ім планавалі стварыць навуковую ферму. На яе аснове быў створаны інстытут сельскай гаспадаркі, які пасля перамясцілі ў Горкі. Пасля тут быў так званы нацыяналізаваны маёнтак, затым калгас.
У 1938-м у палацы адкрыўся дом адпачынку НКУС. У ім заўсёды адпачывалі высокапастаўленыя чыноўнікі і набліжаныя да іх пісьменнікі, паэты.
Калі пачалася вайна, гаўляйтар Вільгельм Кубэ зрабіў палац адной са сваіх рэзідэнцый. Усё абгарадзілі, паставілі вышкі з пражэктарамі. Павысякалі лішнія дрэвы, прыбралі паўразбураныя дамы. У палацы спачатку была камендатура, а пасля — месца адпачынку самога гаўляйтара. Ёсць фотаздымкі, на якіх Кубэ стаіць насупраць палаца разам са сваёй жонкай. Калі немцы пакідалі Прылукі, адзін з іх сеў на веласіпед, аб'ехаў палац і падпаліў яго, бо тут захоўвалася шмат вельмі важных нямецкіх дакументаў. Палац гарэў тры дні і знутры стаў абсалютна спустошаным. Аднак, паколькі сцены ў ім вельмі тоўстыя, звонку ён захаваўся такім, як быў.
Дзякуючы каларадскаму жуку...
Інэса Кароль упэўнена, што і пасля вайны шчаслівы лёс напаткаў сядзібу:
— На Беларусь стаў нападаць каларадскі жук. У 1956—1957 гадах у Мінску была арганізавана навуковая лабараторыя па абароне бульбы ад каларадскага жука. Аднак у сталіцы ёй было мала месца, патрэбны былі палі, каб праводзіць доследы. Гэта ўсё было знойдзена ў Прылуках, куды перанеслі лабараторыю. Ёй кіравала Цыля Гандэльман. Яна знайшла ў сабе мужнасць і аднавіла вялізны палац. Праз Савет Міністраў СССР, Савет міністраў БССР у Інстытут аховы раслін спецыяльна накіравалі грошы, і палац аднавілі на ўзор старога. Тут пачала працаваць станцыя абароны ад каларадскага жука. А ў 1971 годзе на базе станцыі і іншых лабараторый адкрылі Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін. Ён працуе па сённяшні дзень.
Дзякуючы Інстытуту аховы раслін Прылукі перасталі быць звычайнай вёскай са слаўным мінулым. Тут стварыўся адукаваны навуковы асяродак. Сюды з'ехаліся кандыдаты, дактары навук і іншыя даследчыкі, якія скончылі розныя ўстановы былога СССР. Пабудавалі дамы і ўсім навуковым супрацоўнікам далі кватэры. На той час у інстытуце працавала больш за 300 чалавек, а ў кожнага з іх — дзеці, унукі... Сёння Прылукі лічацца аграгарадком, у ім каля 2000 жыхароў. Будуюцца новыя дамы, ды і са сталіцай ёсць добрая транспартная сувязь. Інэса Кароль расказала, што сама з'яўляецца карэннай мінчанкай, усё жыццё ездзіла сюды працаваць са сталіцы. Аднак 10 гадоў таму перасялілася жыць у Прылукі і зусім не шкадуе.
Тое, што ў прыгожым палацы знаходзіцца Інстытут аховы раслін, можна ацаніць па-рознаму. З аднаго боку, гэта яго вялікае шанцаванне. Бо гістарычна каштоўны будынак не пустуе, не развальваецца на кавалкі. Ён жывы і карысны людзям, а яны пра яго клапоцяцца. Але ж тым, хто прыехаў сюды ў якасці турыста, паблукаўшы па ваколіцах, прымяніць сваю цікавасць няма дзе. Нам рэстаранам паслужыла адзіная лаўка ў цэнтры прыгожай алеі, закускамі былі бутэрброды, а напоем — тое, што прывезлі з сабой у тэрмасе.
Падчас блуканняў па парку нам сустрэліся японскія журналісты, якія прыехалі здымаць відэасюжэт пра палац — верагодна, выбралі тое, што недалёка ад Мінска. У нашай вандроўцы геаграфічнае становішча (усяго 8 кіламетраў ад Мінскай кальцавой аўтадарогі) таксама адыграла не апошнюю ролю. Размяшчэнне Прылук можна было б выгадна выкарыстоўваць, накіроўваючы сюды турыстычныя плыні з беларускай сталіцы.
Прысталічны турызм
Прылуцкія сцежкі-дарожкі ўсё ж завялі нас у Мінск — туды, дзе на «круглым стале» абмяркоўвалі магчымасць стварэння ў Прылуках турыстычнага цэнтра, накшталт Міра і Нясвіжа. Віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Іван ГАРДЗІЕЎСКІ схематычна паказаў тэрыторыю, якую варта ўключыць у новы турыстычны кластар, і распавёў, што можна на ёй стварыць. У гістарычным асяроддзі ёсць магчымасць паказаць, як жылі Чапскія, акрамя таго, праілюстраваць дзейнасць сталічнага мэра Караля Чапскага. Узнавіць стары млын, замест жорнаў паставіць генератар, які будзе выпрацоўваць энергію, і зрабіць у ім музей першай электрастанцыі, якую адкрыў Караль Чапскі. Па праекце Алега Масліева ўзнавіць званіцу, якая была ў Прылуках. Маецца некалькі будынкаў, прыдатных для стварэння гатэля. У былым свірне адкрыць рэстаран, магчыма, са сваёй піваварняй. Вакол возера пракласці конку, на якой змаглі б катацца турысты. Адкрыць музей Белтэлерадыёкампаніі, бо ў Прылуках стаіць будынак, з якога ў савецкія часы заглушалася вяшчанне амерыканскіх радыёстанцый і BBC. Побач працуе фермерская гаспадарка, у якой можна зрабіць аграэкасядзібу «Граф Чапскі». Варта неяк выкарыстаць і чыстыя сажалкі з крынічнай вадой. З усімі гэтымі прапановамі, аб'яднанымі ў агульную канцэпцыю, грамадскасць плануе звярнуцца ў Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам.
Застаецца толькі здагадвацца, што будзе далей адбывацца з Прылукамі. Але, ведаючы іх шанцаванне, можна быць спакойным, што ўсё пойдзе толькі на карысць.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/10/123454321-копия.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/10/22-9.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryluki
[5] https://zviazda.by/be/tags/pryluckaya-spadchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/inesa-karol
[7] https://zviazda.by/be/tags/ganna-aginskaya
[8] https://zviazda.by/be/tags/emeryk-chapski
[9] https://zviazda.by/be/tags/ivan-gardzieuski-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich-0