У Заслаўі распачаўся VІ чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў
Адказнасць і засяроджанасць адчувалася на тварах спартсменаў на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў. Так, удзельнікі, седзячы на трыбуне, усміхаліся ў аб'ектывы фотакамер, віталіся са сваімі старымі знаёмымі-сапернікамі, але, відаць, думалі не толькі пра цудоўную шоу-праграму ад беларускіх гаспадароў. Да першых папярэдніх заездаў заставалася літаральна некалькі гадзін…
[4]Між іншым, як адзначыў Адам Рошэк, прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі студэнцкага спорту, сёлетні чэмпіянат пабіў рэкорд сярод удзельнікаў. Тут, пад Мінскам, сабраліся 252 весляры з 22 краін. Сваіх спартсменаў у Мінск накіравалі нават заакіянскія Мексіка і Бразілія!
[5]— На гэты чэмпіянат прыехалі годныя сапернікі. Тут ёсць за каго «пахварэць» і на каго паглядзець, — кажа адзін з лідараў нашай каманды весляроў-байдарачнікаў Алег Юрэня, двухразовы чэмпіён Еўропы. — Напрыклад, за Чэхію выступае Ёзэф Достал, які сёлета двойчы перамагаў на чэмпіянаце свету. У мацнейшым складзе прыехала зборная Польшчы. Шмат вядомых імёнаў і сярод нашых дзяўчат-байдарачніц. А гэта і Марына Літвінчук (Палтаран), Вольга Худзенка, Надзея Ляпешка (Папок), бронзавыя прызёркі алімпіяды ў Лондане, Маргарыта Цішкевіч, пераможца першынства Еўропы, Сафія Юрчанка (Міхейчык), уладальніца сярэбранай узнагароды чэмпіянату свету‑2014. Ад нас патрабуецца добрае выступленне, і мы паспрабуем зрабіць усё для гэтага.
Дарэчы, і сярод канаістаў таксама будзе на каго звярнуць увагу. За «золата» пазмагаюцца добра вядомыя айчыннаму балельшчыку Андрэй Багдановіч, пераможца Алімпіяды ў Пекіне на каноэ-двойцы на дыстанцыі 1000 м, а таксама Дзяніс Гаража, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы.
— На гэтых спаборніцтвах у беларусаў падабраўся моцны склад, — заўважае Сяргей Макаранка, чэмпіён Алімпіяды ў Рыме‑1960 на байдарцы-двойцы. — А таму ў нашых спартсменаў ёсць шанцы патрапіць на п'едэстал.
Фінальныя заезды адбудуцца ў суботу і нядзелю. Пачатак ранішняй праграмы ў 9:00. Прыязджайце — не пашкадуеце!
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара.
Мінскі раён
Эрык СЭНТРОН, генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FІSU):
— Беларусь ужо каля 20 гадоў з'яўляецца актыўным членам FІSU і ўдзельнічае ў спаборніцтвах, але яшчэ ніколі не выступала ў ролі арганізатара. Атрымліваецца, што гэта мерапрыемства — гістарычны момант. Для веславання на байдарках і каноэ вельмі важны высокі ўзровень інфраструктуры. І гэты вяслярны канал адказвае ўсім еўрапейскім і сусветным стандартам, з'яўляецца лепшай пляцоўкай для правядзення падобнага чэмпіянату. Насамрэч я прыехаў да вас не толькі для таго, каб пракантраляваць і даць ацэнку бягучаму чэмпіянату, а яшчэ і для сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва. У прыватнасці, магчымасць правядзення ў Беларусі шматдысцыплінарных мерапрыемстваў. Такіх як летнія ці зімнія ўніверсіяды. Я высока ацэньваю вынікі свайго візіту і спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы час мы вернемся да вас з рабочай групай, каб прадставіць поўны пакет дакументаў, неабходных для арганізацыі ўніверсіяды ў наступныя гады.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/sport-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/168.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/249.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport
[7] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue
[8] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu
[9] https://zviazda.by/be/tags/baydarki
[10] https://zviazda.by/be/tags/veslavanne
[11] https://zviazda.by/be/tags/kanoe