Заканадаўчыя папраўкі па пытаннях абарачэння наркотыкаў былі ўнесены ў парламент, але законапраект пакуль не прыняты. «Звязда» спытала адказнага за падрыхтоўку гэтага дакумента дэпутата Васілія АЛЯКСЕЕНКУ, члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы, чым Дэкрэт «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абарачэнню наркотыкаў» адрозніваецца ад законапраекта.
— Дэкрэт — гэта норма прамога дзеяння, ён стварае прававое поле для неадкладнай барацьбы з наркатызацыяй нашай моладзі. Законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абарачэння наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў» быў падрыхтаваны і накіраваны кіраўніку дзяржавы для атрымання дазволу разгледзець гэты дакумент у першым чытанні. Прэзідэнт правёў пашыранае пасяджэнне, вынікам якога і стаў дэкрэт. Такім чынам, нормы, прапісаныя ў законапраекце, ужо праз некалькі дзён уступяць сілу. Тым часам, работа над законапраектам працягнецца.
Галоўная мэта дэкрэта — стварэнне бяспечных умоў для развіцця нашай моладзі. На гэтай падставе вызначаны кірункі дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў па супрацьдзеянні наркатызацыі грамадства. Такога пакуль не было. У дзейным заканадаўстве сказана пра асновы прафілактыцы правапарушэнняў, але так маштабна, глыбока і канкрэтна гэта прапісана не было. Дэкрэт запаўняе прабел, які існуе.
І цяпер нашы сілавыя структуры прымаюць рашучыя меры па супрацьдзеянні наркатычнай пагрозе, праводзіцца прафілактычная работа ў школах, некаторыя бацькі імкнуцца папярэдзіць ужыванне наркотыкаў іх дзецьмі. Але настаў час, калі да прафілактыкі наркатызацыі павінны падключыцца ўсе, у першую чаргу, арганізацыі, якія працуюць з моладдзю: навучальныя ўстановы, інтэрнаты, установы культуры, аховы здароўя...
Нормы дэкрэта ставяць па-за законам сінтэтычныя канабіноіды — «спайсы». Дзеля гэтага ўводзіцца паняцце «базавай структуры», што дазволіць адразу ідэнтыфікаваць наркотык, у якім зменена формула. Важна, што такія атрутныя рэчывы будуць прызнавацца наркотыкамі на працягу 2-3 дзён, пра што з'явіцца інфармацыя на сайце Нацыянальнага цэнтра прававых даследаванняў. Гэтаму дапаможа і добра наладжанае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі. Дарэчы, дзякуючы такому супрацоўніцтву ўжо сёння «спайс» у Беларусі пад забарону трапляе раней, чым аказваецца на нашай тэрыторыі.
Акрамя таго, вызначана крымінальная адказнасць для падлеткаў ад 14 гадоў за распаўсюджванне наркотыкаў. Тэрміны пазбаўлення волі будуць прызначацца вялікія, бо тыя, хто распаўсюджвае наркотыкі, прыраўнаваны да забойцаў. Любы «спайс» — непазбежная смерць: хуткая альбо павольная, праз калецтва душы і цела. Нам трэба ўсім грамадствам даць адпор наркатызацыі, якая б'е па дэмаграфіі і нацыянальнай бяспецы.
У дэкрэце падзелена адказнасць за ўжыванне наркотыкаў у публічных месцах і за з'яўленне ў такіх месцах у наркатычным ап'яненні, калі на ўжыванне наркатычных сродкаў няма дазволу ўрача.
Узмоцнена крымінальная адказнасць за выраб наркотыкаў у лабараторных умовах — да 20 гадоў. Сёлета такіх лабараторый знойдзена і ліквідавана 12, летась — 10. Прадавец наркотыку, ужыванне якога выклікала смерць, можа быць асуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі.
«Антымакавы» дэкрэт, які ўступіў у сілу год таму, зняў праблему распаўсюджвання і ўжывання опіумнага маку ў краіне. Цяпер, пасля ўступлення новага дэкрэта ў дзеянне, амаль усе «спайсы» апынуцца па-за законам. А значыць, іх выраб, распаўсюджванне, захоўванне і ўжыванне будуць кваліфікавацца як злачынства. Старэйшае пакаленне разумее, чым пагражае наркатызацыя, і падтрымлівае самыя жорсткія меры барацьбы з ёй.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/30-31.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva-0