Што яшчэ дае студэнту падпрацоўка?
Сённяшні студэнт дзённай формы навучання, як правіла, максімаліст: ён не чакае дня, калі атрымае дыплом, каб зарабляць грошы, а спрабуе ўжо падчас вучобы знайсці прымяненне сваім здольнасцям. Сярод маіх аднакурснікаў амаль няма тых, хто ні разу не падпрацоўваў. І калі першыя два гады навучання студэнты засяроджваюць увагу на атрыманні ведаў, то на трэцім курсе ўжо масава шукаюць месцы, дзе можна падзарабіць. Я не стала выключэннем: з верасня сумяшчаю вучобу і працу.
[caption id="attachment_67654" align="alignnone" width="600"] [2] Афармленне пісьмовай карэспандэнцыі.[/caption]
Яшчэ калі была дома летам на канікулах, пачала шукаць месца для падпрацоўкі. Чаму не ўладкавалася? У невялікім раённым цэнтры знайсці падпрацоўку даволі складана, тут нават і спецыялістам з дыпломамі месцаў не хапае. Іншая справа — сталіца, дзе ўсіх ахвотных запрашаюць стаць афіцыянтамі, прамоўтарамі, перакладчыкамі, грузчыкамі і г.д. Патрабуюцца людзі і на вытворчасці «Мінская пошта», дзе я падпрацоўваю ў вольны ад вучобы час.
«Мінская пошта» знаходзіцца каля чыгуначнага вакзала і займае вялікі будынак. Яно і не дзіўна: структурна вытворчасць падзяляецца на шмат цэхаў, участкаў і груп, дзе працуюць сотні людзей. Участак па прыёме і апрацоўцы карпаратыўнай пошты — месца, на якім я праводжу некалькі гадзін перад заняткамі ва ўніверсітэце. Асаблівых навыкаў ці ўменняў, каб сюды ўладкавацца, не спатрэбілася: усяму вучышся падчас першых двух-трох тыдняў працы. А заданні даводзіцца выконваць розныя: прымаць пошту ад арганізацый, правяраць наяўнасць пісем і пасылак па спісах, узважваць іх, ставіць каляндарныя штампы, на заказныя адпраўленні прыклейваць стыкеры са штрых-кодам. Пастаянная змена дзеянняў — гэта адзін з плюсоў такой падпрацоўкі, бо не паспяваеш стаміцца.
Працоўны час для мяне пралятае незаўважна. Напэўна, спрыяе гэтаму і калектыў. У штаце, як правіла, працуюць людзі (асноўная частка — жанчыны да 35 гадоў), якія маюць спецыяльную адукацыю. Да іх заўжды можна звярнуцца з пытаннямі, яны падкажуць, што і як трэба рабіць.
Ёсць таксама аператары, якія не маюць спецыяльнай адукацыі. Аляксандра Марушку, напрыклад, на пошту прывяло жаданне паступіць у Мінскі вышэйшы каледж сувязі. Для таго, каб стаць студэнтам завочнага аддзялення бюджэтнай формы, неабходна абавязкова працаваць у галіне сувязі. «Нічога складанага ў мае абавязкі не ўваходзіць. Але мне, маладому хлопцу, хацелася б яшчэ і грошы зарабіць, — шчыра прызнаецца Саша. — Таму ў вольны час дадаткова займаюся рамонтам аўтамабіляў».
Давялося мне пазнаёміцца і са студэнткай чацвёртага курса міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Кацярынай Бабук, якая жыве ў Мар'інай Горцы. Яна вучыцца ў другую змену, але кожны дзень прачынаецца ў пяць гадзін раніцы, каб роўна ў восем прыйсці на пошту.
— Заняткі ва ўніверсітэце пачынаюцца толькі ў тры гадзіны дня, час вольны ёсць. Чаму б і не падзарабіць? — разважае дзяўчына. — Першую зарплату, напрыклад, патраціла на набыццё новага тэлефона, астатнія разыходзяцца па дробязях.
Моладзь прыходзіць падпрацоўваць на пошту, хутка асвойваецца і праз некаторы час кліча сюды і сваіх сяброў. Так, Каця Бабук прывяла на ўчастак сваю аднагрупніцу. А дзякуючы Сашу Марушку штат папоўніўся аж трыма супрацоўнікамі!
Дар'і Ціхановіч, студэнтцы другога курса МДЛУ, прыйсці падпрацоўваць на ўчастак параіла яе маці, якая таксама працуе тут. Дзяўчына цалкам задаволеная: «Расклад заняткаў ва ўніверсітэце часта мяняецца, таму ў адзін дзень магу прыйсці на пошту і адпрацаваць шэсць гадзін, у другі — толькі тры, а, здараецца, і зусім не атрымліваецца. У цэлым гэта зручна. Месцазнаходжанне ў самым цэнтры горада — яшчэ адзін плюс, сюды часта ходзіць транспарт з усіх мікрараёнаў Мінска».
Я лічу, што падпрацоўкі ідуць толькі на карысць маладому пакаленню. Тут і знаёмствы новыя заводзіш, і пашыраеш свой кругагляд (я ў геаграфіі нашай краіны стала лепш разбірацца), адчуваеш пэўную адказнасць. Але самае галоўнае — пачынаеш адчуваць рэальную цану свайго часу. Пакуль я не ўладкавалася на пошту, думала, што ўсё, чым займаюся на працягу дня, — важнае. А пасля некалькіх месяцаў ранішняй падпрацоўкі зразумела, што спаць можна і менш. І зусім неабавязкова кожныя 30 хвілін заходзіць у сацыяльныя сеткі.
Ганна Курак,
студэнтка 3-га курса
Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/15-3.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/ganna-kurak-0