Можа, вясковая зямля дае столькі талентаў, таму што выхоўвае працавітасць з дзяцінства? Дакранаецца свежым паветрам і пакідае інструкцыю жыцця: слухай сябе і працуй-працуй-працуй. Вёска Вялікае Падлессе на Брэстчыне некалі налічвала 1200 двароў. Тут у сям’і Тарандаў трынаццатым дзіцем нарадзіўся хлопчык Мікалай, які ў трынаццаць сышоў у незнаёмы свет — вучыцца ў Баранавічы на сталяра-цесляра і тут жа ў вячэрняй школе. А сёння гэта выдатны аўтар, сябра Саюза мастакоў, які мае за плячыма больш за трыццаць персанальных выстаў у Беларусі і за мяжой. У той жа час ад зямлі Мікалай не адышоў далёка і пабудаваў на ёй дом з майстэрнямі і галерэяй.
[caption id="attachment_93316" align="alignnone" width="630"] [2] Лагойскiя краявiды.[/caption]
— Неяк да мяне прыехаў немец, патэнцыйны пакупнік. Я запрасіў яго ў сваю майстэрню, што знаходзіцца ў горадзе. Яна вялікая, прасторная, але ж месціцца ў падвале і крыху не даведзена да ладу. Ён паглядзеў работы, нечым зацікавіўся і вырашыў прыцаніцца:«Колькі гэта каштуе?». Я назваў цану. Ён вылупіў вочы:«Так многа?». Ну добра, думаю, запрашу яго ў майстэрню свайго дома. Немец прыйшоў, агледзеўся, ацаніў умовы майго жыцця і больш не казаў, што я многа прашу, купіў.
— За што жылі, пакуль, трынаццацігадовы, вучыліся ў вучылішчы?
— Навучэнцы там былі на дзяржзабеспячэнні, нам давалі жыллё, харчаванне, форму. А пасля атрымання спецыяльнасці і заканчэння вячэрняй школы мяне накіравалі ў Віцебск, шаснаццаць гадоў тады было. Але працай на будоўлі я не абмежаваўся, адначасова займаўся ў студыі пры Палацы культуры нашага будтрэста і ў выніку паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. А конкурс тады быў вялізны — дванаццаць чалавек на месца.
— Вы неяк імкнуліся да спадчыны мастакоў славутай віцебскай школы?
— Не стаў бы я ўвогуле мастаком, калі б пастаянна не вывучаў спадчыну іншых аўтараў, калі б не камунікаваў з калегамі. Можна сказаць, для мяне ўсё пачалося са скапіраванага пейзажа Шышкіна ў дзесяцігадовым узросце, але неяк я ўбачыў, як працуе адзін мастак у Баранавічах, і толькі пасля гэтага пачаў спрабаваць сам. Урэшце я, вядома, упэўніўся, што не быць мне педагогам. Праўда, я дваццаць чатыры гады вучыў маладых мастакоў малюнку, жывапісу, кампазіцыі ў Оршы. Многія з іх потым скончылі вну ў Мінску, Віцебску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кішынёве, Львове.
— Як вы трапілі ў Оршу?
— Я ажаніўся яшчэ ў дзевятнаццаць гадоў, мы займелі дваіх дзяцей, і я быў вымушаны шукаць сродкі для жыцця. Тады мяне якраз запрасілі на аршанскі завод абароннай прамысловасці«Чырвоны кастрычнік», што быў падначалены Маскве (на ім працавала больш за дзесяць тысяч чалавек), і сказалі:«Калі зробіш нам музей, дадзім кватэру і добры заробак». І я зрабіў. Так атрымаў усе ўмовы для жыцця і працы: жыў з сям’ёй у вялікай кватэры, кіраваў мастацкай студыяй завода, дзе была цудоўная майстэрня, там можна было пісаць. З васьмі раніцы да пяці я працаваў на вытворчасці, тры разы на тыдзень з пяці да сямі выкладаў у студыі, а з сямі да гадзіны ночы пісаў у майстэрні. Спаў я тады па 5 гадзін, затое за сваё жыццё зрабіў больш за 1200 работ. Сям’я цярпела, мае дзеці (якімі я ганаруся) раслі. А я іх забяспечваў, бо нядрэнна зарабляў.
— Як у вас атрымалася зарабіць на цэлы дом?
— Яшчэ пры Гарбачове быў перыяд, калі мастацкія творы не абкладваліся пошлінай пры вывазе за мяжу і мне ў гэты час проста пашчасціла. Я купіў матэрыялы і пачаў будаваць дом з майстэрнямі, галерэяй па ўласных чарцяжах. Зацягнулася гэта на дзесяць гадоў, дом жа вялікі. Жыццё ў правінцыі нязручнае толькі ў тым сэнсе, што некаторая інфармацыя прыходзіць запознена, а ўвогуле тут можна спакойна займацца творчасцю і ўласным бізнесам, а не бегаць па тусоўках.
— Якім бізнесам вы займаецеся?
— Выданнем дзіцячай літаратуры. Каб вы ведалі, колькі ў правінцыі таленавітых аўтараў! Восем гадоў таму я арганізаваў сваё выдавецтва, адкрыў уласную краму, кніжную прадукцыю мы пастаўляем па ўсёй Беларусі. Але нічога гэтага не было б, калі б аднойчы я не пачаў займацца мастацтвам і не скапіраваў бы Шышкіна. Дарэчы, ён і падштурхнуў мяне да жанру пейзажа.
— Колькі сёння працуеце ля мальберта?
— Штодзённа тры гадзіны, па выхадных пяць-шэсць, выключэнняў амаль не бывае. Сплю, праўда, ужо па сем гадзін. Вось скончыў партрэт Рыгора Барадуліна, мой сябар сказаў, што нядрэнны. Да мяне ў госці часта прыязджаюць сябры, мастакі. Я раюся з тымі, каму давяраю, потым параўноўваю іх думкі са сваёй і прымаю рашэнне. Ацэнка вартасці работы патрабуе часу. Трэба напісаць карціну, адвярнуць яе да сцяны і пачакаць паўгода, а лепш год — і ты глядзіш на яе новымі вачыма і разумееш, яна«развальваецца» ці жыве, яна бяздарная ці мае сэнс.
— Каб ствараць сапраўднае мастацтва, трэба быць выдатным філосафам, назіральнікам, духоўна развітым чалавекам, згодны?
— Безумоўна. І кожны дзень вывучаць мастацтва. Я раблю гэта ў сваёй бібліятэцы, тут недзе тысяча асобнікаў толькі па мастацтве. Для жыцця на перыферыі вельмі зручна: узяў кнігу і як бы схадзіў у музей, і яшчэ натхніўся. Каб быць мастаком, каб дасягнуць высокага прафесіяналізму, неабходна ведаць выпрацаваную іншымі аснову, вывучаць формы з мінулага і сучаснасці. У адваротным выпадку ты рызыкуеш быць недавучкам. А ўжо здольнасць бачыць і разумець мастацтва залежыць ад агульнага развіцця і крыху ад прыродных якасцяў.
— Ці можа дрэнны чалавек быць добрым мастаком?
— Унутранае адчуванне гледача дазволіць па любой працы зразумець душу мастака. Калі аўтар працуе шчыра, ён так ці інакш аддае сваю энергетыку, часам на выставах яна адчувальная — гэта ўсплёск, выбух. Можна напісаць прыгожа і быццам правільна, але холадна. А без энергетыкі праца мёртвая.
— Вы сочыце за сучасным, канцэптуальным мастацтвам?
— Так, і ведаю дакладна: каб стаць фармальным, канцэптуальным аўтарам, ствараць абстракцыі, таксама трэба быць прафесіяналам і ведаць класіку. Да таго ж тут вяршэнствуе ідэя, думка, пасыл, а да гэтага ўзроўню трэба расці, і час, калі аўтар здолее рэальнае адлюстраваць у фармальных рэчах, прыйдзе. Пікаса і Матыс таксама не адразу сталі Пікаса і Матысам, яны прайшлі грунтоўную школу. Я сам пераходжу да абстракцыі, да своеасаблівай выяўленчай філасофіі з-за нейкай унутранай патрэбы. Але без натуры абстракцыі не бывае, фармальныя рэчы ствараюцца на аснове рэальнага, толькі прапушчанага праз сябе і пераўвасобленага ва ўласны вобраз.
[caption id="attachment_93348" align="alignnone" width="600"] [3] Мікалай Таранда ў сваёй майстэрні.[/caption]
— Вы шмат дзе пабывалі і папрацавалі на пленэрах у шматлікіх краінах, скажыце, чым адрозніваецца наша мастацтва ад замежнага?
— Яно больш духоўнае і шчырае. За мяжой амаль усё пабудавана на камерцыйных асновах, а нашы аўтары ствараюць быццам для сябе. Гэта розныя ўзроўні: творы, зробленыя з мэтай дагадзіць пакупніку, як правіла, ніжэй — гэта аксіёма. Калі я пабываў у Італіі, зразумеў, што ўзровень беларускага і рускага мастацтва не горшы, а наадварот — неверагодна высокі. У Беларусі вельмі шмат бліскучых майстроў, толькі іх мала прасоўваюць на міжнародны рынак. Але я заўважыў, што за мяжой нашмат больш увагі і часу выдзяляецца культуры. Гэта відаць у праграме адукацыі, гэта відаць па тым, як людзі ломяцца на выставы, як фінансуюцца маладзёжныя мастацкія аб’яднанні, арганізоўваюцца пленэры, нават у правінцыі.
— Ці ўплывае гэтае непазбежнае сутыкненне духоўнага і матэрыяльнага на ўзровень мастацтва?
— Наша трагедыя ў тым, што творчыя людзі не могуць проста працаваць. Але таксама ў тым, што грамадства не падрыхтаванае да ўспрыняцця мастацтва. У савецкія часы было лепш, бо школьная праграма была больш насычанай у гэтым сэнсе. А мы нашых дзяцей абдзяляем. Здаецца, навошта выкладаць гэтае мастацтва? Не ўсе ж будуць мастакамі. Але культура — гэта стыль у вопратцы, лад у гаспадарцы, інтэр’ер дома, камунікацыя з людзьмі, адносіны да жыцця.
— Вы плануеце чарговую юбілейную выставу…
— У мае гады (а мне хутка 70) многія мастакі кідаюць пэндзлі і ўжо не пішуць… А я рыхтую выставу. Толькі гэта ўжо не так цікава. У сваім узросце я пачынаю думаць, што ж пасля мяне застанецца? А застануцца творы, таму чым больш я зараз буду выкладвацца, тым лепш.
— Вы арганізуеце міжнародныя выставы ў Оршы, навошта вы гэта робіце, напэўна ж, не зарабляеце?
— Толькі ўкладваюся. Мы запрашаем аўтараў і праводзім выставы ў галерэі імя Грамыкі. Гэта праца для горада: нехта павінен рухаць камень. Я адчуваю, што гэта сапраўды патрэбна, хаця б для таго, каб выявіць таленты, а ў нас шмат адораных дзяцей. У невялікіх гарадах культура таксама павінна развівацца. Спадзяюся, што нехта працягне маю працу.
— Адкуль жа бярэцца талент?
— Калі ў мяне пытаюцца, каму я павінен, я адказваю, што маці і Богу. Дадаць да гэтага працаздольнасць, таму што ў мастацтве варта аддаваць амаль усяго сябе, — і талент выявіцца.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
katsyalovich@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/25-1.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/25-21.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya