10 верасня ў Музеі народнай архітэктуру і побыту пройдзе 8-ты штогадовы фолк-фестываль «Камяніца». Яго ўжо традыцыйна з нецярпеннем чакаюць не толькі ўсе тыя, хто цікавіцца беларускай народнай культурай, але і ўласна музейшчыкі — грошы ад фэсту ідуць на рахункі музея, каб захаваць унікальную калекцыю ўзораў беларускай драўлянай архітэктуры XVІІІ—XX стагоддзяў.
Сёлета галоўныя героі музычнай праграмы — этна-трыа «Троіца» і вядомая спявачка з Расіі Іна Жаланная. Акрамя іх, слухачы сустрэнуцца з фолк-рокерамі Беларусі, Расіі і Украіны: Палінай Рэспублікай, гуртам «Re1іkt», ансамблем «Ветах», гуртамі «Тарута» і «Оле-Лукойе» ды іншымі.
Яшчэ адной адметнасцю «Камяніцы-2016», якую анансавалі арганізатары, стане поўная рэканструкцыя беларускага вясельнага абраду ў народным стылі. Адбудзецца яна ў межах прэзентацыі музычнага зборніка «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968—1969 гадоў», матэрыял для якога быў запісаны ў Мёрскім раёне амаль паўстагоддзя таму. «Натуральна, што маладыя мусяць мець сур'ёзныя намеры — дзеля жарту такія рэчы рабіць не трэба, — перакананы кіраўнік праекта Сяргей Доўгушаў. — Мы ж, у сваю чаргу, пастараемся аднавіць атмасферу вясковага вяселля таго часу: будзем спяваць застольныя песні, навучым усіх ахвотных танчыць вальсы, польку, кракавяк, нават на стол паставім аўтэнтычныя прысмакі».
Квіткі на «Камяніцу-2016» абыдуцца дарослым у 10 рублёў, студэнтам — у 7, школьнікам — у 5, а для дашкольнікаў і гледачоў у поўных нацыянальных строях (уключаючы абутак і галаўны ўбор) уваход будзе свабодны.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/kamyanica-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/folk-festyval
[7] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[8] https://zviazda.by/be/tags/syargey-dougushau