У сербскім парламенце адбылася прэзентацыя кніжкі «Беларусы пра Сербію і Югаславію», якая была складзена прафесарам Іванам Чаротам. [4] Адкрыў мерапрыемства кіраўнік парламенцкага аб'яднання «Дружба з Беларуссю» Драгамір Карыч. Ен пачаў размову з ацэнкі ўкладу Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва ўмацаванне беларуска-сербскіх адносін. «Я рады бачыць развіццё сацыяльна арыентаванай палітыкі Прэзідэнта Беларусі», — адзначыў Д. Карыч. Дарэчы, дэпутацкая група «Дружба з Беларуссю» ў сербскай Скупшчыне налічвае 110 дэпутатаў.
Затым выступіў намеснік кіраўніка сербскага парламента Уладзімір Марынкавіч. Ён вітаў беларускую дэлегацыю на чале з міністрам Ліліяй Ананіч. Уладзімір Марынкавіч адзначыў, што ў парламента Сербіі добрыя адносіны з Беларуссю ўвогуле, з беларускім пасольствам у Сербіі — у прыватнасці. Таксама ён сказаў, што сербскія палітыкі ўдзячныя за наведванне Сербіі кіраўніком урада Беларусі, міністрам замежных спраў Беларусі, іншымі высокімі дзяржаўнымі асобамі нашай краіны — сапраўднага дружалюбнага партнёра Сербіі.
Паміж парламентамі Беларусі і Сербіі існуюць добрыя адносіны. «Мы, — адзначыў парламентарый, — лічым, што для нашай дружбы, умацавання сувязяў вельмі важныя гуманітарныя, культурныя сувязі». За ўклад у гэта ён выразіў асаблівую падзяку прафесару І. Чароту.
Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падзякавала [5] за магчымасць сустрэчы з членамі парламенцкай групы «Дружба з Беларуссю». «Беларусы, Беларусь, — сказала Л. Ананіч, — удзячныя за такія добрыя адносіны Сербіі, сербскага народа да нашай краіны. Беларусь заўсёды ідзе з мірам да іншых народаў, ніколі не ўступае ў канфлікты паміж краінамі і народамі». Л. Ананіч падзякавала парламентарыям Сербіі за словы высокай ацэнкі міралюбівай палітыкі нашага Прэзідэнта. «А. Лукашэнка, выступаючы на пятым Усебеларускім народным сходзе, назваў Беларусь цытадэллю духоўнасці, маральнасці. З гэтым перакананнем мы ідзём у Сербію, выстройваем адносіны з усім светам», — падкрэсліла Лілія Ананіч.
Кірыл ЛАДУЦЬКА,
г. Бялград, Сербія
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kiryl-laducka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/news/20161021/1477059307-neumiruchasc-ramana-bezlich-premiy-sayuzy-perakladchykau
[5] http://zviazda.by/be/news/20161024/1477329495-u-byalgradze-pachala-rabotu-61-ya-mizhnarodnaya-knizhnaya-vystauka-kirmash
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarusy-pra-serbiyu-i-yugaslaviyu
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[8] https://zviazda.by/be/tags/serbiya