Калектыў «Без білета», які перажывае цяпер чарговы ўсплёск папулярнасці ў сувязі з удзелам у тэлепраекце «Беларусь без межаў», прэзентаваў новы кліп на песню «Адрас — планета Зямля». Адметнасць яго ў тым, што гэта музычнае відэа знята на чатырох кантынентах, ва ўсіх геаграфічных пунктах, што згадваюцца ў песні. Так, падчас кругасветнага падарожжа ўдзельнікі гурта пабывалі ў Рыа-дэ-Жанэйра, на востраве Вялікадня, у Гранд-Каньёне і дзясятку іншых знакамітых турыстычных месцаў.
«Адрас — планета Зямля» — гэта асаблівая для нас песня, якая дапамагла здзейсніць мары і прыцягнуць у жыццё прыгоды, — дзеліцца лідар гурта Віталь Артыст. — У нас ужо быў раней камедыйны малабюджэтны кліп на гэту кампазіцыю — пра касмічнае падарожжа ў «запарожцы», але цяпер захацелася ўдыхнуць у песню новае жыццё».
Абноўленую аранжыроўку зрабіў вядомы расійскі хіп-хоп прадзюсар, а ўразлівыя відэакадры, якія здымаліся цягам 40 дзён на розных кантынентах, фактычна падарыла гурту творчая каманда студыі Medіacube Productіon. «З пункту гледжання бюджэту спецыяльна зладзіць здымкі ў такой колькасці месцаў, з такой вялікай групай людзей, з усёй тэхнікай і пераездамі было б па кішэні хіба толькі Майклу Джэксану, — напаўжартам, напаўсур'ёзна сцвярджае рэжысёр відэа Міхаіл Бычанок. — Таму смела можна назваць новы кліп «БЕЗ БІЛЕТА» самым дарагім у гісторыі беларускага шоу-бізнесу. Я веру, яны гэта заслужылі».
Паглядзець кліп і скласці сваё ўражанне аб ім кожны ахвотны ўжо можа на інтэрнэт-канале YouTube [4].
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://www.youtube.com/watch?v=F3iuoQO4eko
[5] https://zviazda.by/be/tags/bez-bileta-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/klip
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzyka