Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па нацыянальнай бяспецы абмеркавала пытанні, якія дапамогуць больш якасна падрыхтаваць змяненні і дапаўненні ў заканадаўства Беларусі аб абароне.
Выязное пасяджэнне адбылося на базе ваеннага камісарыята Кастрычніцкага раёна сталіцы і 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. Там члены камісіі абмеркавалі моманты, непасрэдна звязаныя з ваеннай бяспекай нашай краіны.
— Мы хацелі паглядзець, як тыя змяненні і дапаўненні, што паступілі ад кіраўніка дзяржавы 4 студзеня 2017 года ў парламент і датычыліся «Закона аб абароне», будуць выкарыстоўвацца на практыцы, — абазначыў мэту мерапрыемства старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч.
— Адным з асноўных дакументаў, які рэгламентуе кірункі абарончай дзейнасці Беларусі, з'яўляецца Ваенная дактрына, зацверджаная ў 2016 годзе, а таксама шэраг законаў па пытаннях абароны, — расказаў дэпутат Ігар Мартынаў. — Сёння ёсць прапановы ўнесці змены ў восем законаў Рэспублікі Беларусь, напрыклад у законы «Аб абароне», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб Узброеных Сілах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі»... Змяненні будуць унесены з улікам як вопыту нашай краіны, так і тых падзей, што цяпер адбываюцца ў свеце. На выязным пасяджэнні камісія разгледзела пытанні ваеннага планавання, камплектавання Узброеных Сіл мабілізацыйнымі рэсурсамі ў ваенны час, статусу ваеннаслужачых у ваенны час. Можна спадзявацца, што законапраекты з унесенымі праўкамі будуць разглядацца падчас першага чытання на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў на бягучай сесіі.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yurgel@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/abarona
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva
[6] https://zviazda.by/be/tags/bayavaya-padryhtouka
[7] https://zviazda.by/be/tags/igar-martynau