У сталіцы ў гэтыя дні праходзіць турнір жаночых баскетбольных зборных памяці заслужанага трэнера СССР Сямёна Халіпскага. У Мінск прыехалі зборныя Аргенціны і Вялікабрытаніі, а наша краіна прадстаўлена адразу дзвюма камандамі - нацыянальнай і маладзёжнай зборнымі.
Сёлетні турнір з'яўляецца важнай часткай падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы, на якім нашы дзяўчаты згуляюць ужо праз месяц. У Чэхіі на групавым этапе яны будуць змагацца з камандамі Італіі, Славакіі і Турцыі. Сёлета барацьба будзе асабліва цяжкай, бо пад пытаннем прысутнасць у камандзе шматгадовых лідараў - Анастасіі Верамеенкі і Алены Леўчанкі. Кар'еру завяршыла Таццяна Троіна, і былая капітан зборнай Наталля Трафімава цяпер выступае ўжо ў ролі галоўнага трэнера. У калектыў падцягнулася няўступчывая і даволі перспектыўная моладзь, сёння знаёмімся з адной з навічкоў беларускай зборнай Ганнай Брыч.
- Аня, ты трапіла ў нацыянальную каманду ў пераходным перыядзе: змяніўся трэнер, ідзе амаладжэнне складу. Як сябе адчуваеш у такім калектыве?
- Даволі камфортна. На зборы ў дарослую каманду мяне выклікаюць ужо другі ці трэці раз. Спачатку было цяжкавата маральна, бо не ўсе з разуменнем ставяцца да маладосці і нявопытнасці. Зараз ужо ўсё добра, з часам да ўсяго прывыкаеш, старэйшыя дзяўчаты стараюцца дапамагаць, нешта падказваць. Ды і ўсе мы практычна адна адну ведаем, перасякаемся ў чэмпіянаце Беларусі, таму няма асаблівага падзелу на групы па ўзросце.
- Хто з вопытных дзяўчат можа прыкрыкнуць на маладых?
- Віка Гаспер, Марына Крэс, але гэта не агрэсія, не злосць, а дапамога.
- Адсутнасць лідараў адчуваецца?
- Вядома. Спрабуем браць больш адказнасці на сябе. Гэта для нас, маладых, добры шанц, бо хочацца паказаць сябе, кожная спрабуе зачапіцца за ўсё што можна, каб толькі трапіць у склад. Магчыма, некаторыя думалі, што раз многія дзяўчаты пакінулі зборную, то месца ў камандзе ім гарантавана. Гэта не так! Цяпер у нас моладзі дастаткова, напэўна, нават больш, чым было гадоў 10 таму. І кожная хоча хаця б проста сядзець на лаўцы ў гульні зборнай. Амбіцый у цяперашніх дзяўчат шмат, усе з характарам, таму і на зборах вельмі добра працавалі, канкурэнцыя прымушае напружвацца.
- Беларускія балельшчыкі прывыклі да поспехаў жаночай баскетбольнай зборнай. Ад вашага пакалення будуць чакаць таго ж.
- Так, мы гэта выдатна разумеем. Але адразу ўсё не прыйдзе, трэба згуляцца, атрымаць вопыт. Мне нават страшна, што балельшчыкі могуць перастаць любіць нашу зборную, таму будзем спрабаваць падтрымліваць тую планку, якую паставілі да нас.
- Хто падабаўся табе больш з таго складу дзяўчат, што выступалі на Алімпійскіх гульнях, былі на п'едэстале чэмпіянату Еўропы?
- Анастасія Верамеенка заўсёды выклікала сімпатыю больш за іншых. У дзяцінстве я нас нават параўноўвала: яна цёмненькая, як і я, таксама леварукая, цэнтравая. Потым мы ўжо гулялі разам, трэніраваліся, гэта выдатна, калі ты спачатку захапляешся чалавекам, а потым выходзіш з ім на адзін паркет.
- Нядаўна завяршыўся чэмпіянат краіны, дзе твой "Гарызонт" у фінале прайграў "Цмокам" ...
- Да гэтага часу не магу гаварыць пра яго спакойна. Не люблю прайграваць і ў гэтай серыі, была настроена толькі на перамогу. Мне здавалася, што павінна быць вельмі напружаная барацьба, а прайгралі мы з сухім лікам 0:3, уявіць такое нават не магла. Не ведаю, чаго нам не хапіла. Гулялі фінал у Стоўбцах, заехалі туды за тыдзень да матчаў, рыхтаваліся, прывыкалі да залы, думалі, што гэта дапаможа перамагчы. Можа быць, наадварот - перагарэлі. Не дапамаглі ні свая пляцоўка, ні балельшчыкі, якіх было вельмі шмат.
- Перад турнірам Халіпскага вы правялі даволі доўгія зборы ў Раўбічах, на чым рабілі акцэнт?
- Дастаткова сказаць, што там з намі працаваў Вадзім Леанідавіч Сашурын. Было такое адчуванне, што мы рыхтуемся да алімпійскіх забегаў (смяецца). На гэтых зборах было шмат фізухі, вельмі цяжка ўсё давалася, але затое ўжо цяпер відаць вынік. У сваёй форме я вельмі дадала. Вадзім Леанідавіч прыўнёс у нашы заняткі шмат новага і цікавага, большасць практыкаванняў я бачыла ўпершыню, ад гэтага займацца было нашмат цікавей.
- У групавым раўндзе чэмпіянату Еўропы беларускі згуляюць з камандамі Славакіі, Італіі і Турцыі. З кім будзе найбольш цяжка?
- Складана сказаць, таму што на кантынентальным першынстве не будзе слабых камандаў. На турніры заўсёды збіраюцца лепшыя баскетбалісткі Еўропы. Калі мы застанемся без лідараў, будзе вельмі цяжка з усімі.
- На пасадзе галоўнага трэнера зборнай Анатоля Буяльскага змяніла Наталля Трафімава, нешта кардынальна змянілася?
- Наталля Уладзіміраўна была трэнерам у мяне ў "Гарызонце", таму з ёй адчуваю сябе камфортней, чым з Анатолем Сяргеевічам. Я яе ведаю, яна мяне. Хоць, калі казаць увогуле, то малюнак гульні практычна не змяніўся, Наталля Уладзіміраўна працягвае тыя ж камбінацыі, схемы. Гэта, напэўна, добра, бо пры Буяльскім быў вынік, значыць, ён павінен быць і цяпер. Яшчэ ў галоўным трэнеры мне падабаецца тое, што ў яе няма любімчыкаў, Трафімава не глядзіць на былыя заслугі, ацэньвае гульца выключна па канкрэтнай сітуацыі.
- Як ставішся да натуралізацыі? У камандзе вось-вось з'явіцца другая ў гісторыі нашай зборнай амерыканка.
- З Бэнтлі мы яшчэ не знаёмыя, яна павінна далучыцца да зборнай бліжэй да чэмпіянату Еўропы. А наогул да натуралізацыі стаўлюся цалкам нармальна ў любых відах спорту, бо гэта робіцца для Беларусі, для таго, каб дапамагчы нашым камандам. У нас у баскетбольнай зборнай, напрыклад, заўсёды ўзнікалі праблемы альбо з "вялікімі", альбо з першым нумарам. На гэтую пазіцыю першага нумара ў свой час бралі Хардзінг, цяпер мяркуецца, што на ёй згуляе Бэнтлі.
- Пагаворым пра цябе. З дому ты з'ехала досыць рана, як прыняла сталіца?
- Так, сама я з Пінска, горада гародніны і "Пінскдрэва" (смяецца). З'ехала ў Мінск у 13 гадоў. Заўсёды была пад мамчыным крылцам, таму ў інтэрнаце спачатку жыць было вельмі цяжка, кожны дзень плакала, размаўляла з мамай па тэлефоне і прасіла забраць дадому, а цяпер ужо адчуваю сябе мінчанкай, але і пра малую радзіму не забываю.
- Кажуць, спорт крадзе дзяцінства...
- У гэтым ёсць доля праўды, але я не шкадую, што ў свой час выбрала баскетбол. Спорт дае магчымасць убачыць свет і выхаваць у сабе характар. У мяне стаяў выбар паміж музыкай і спортам. Я іграла на акардэоне і фартэпіяна, дарэчы, і цяпер магу нешта найграць. Раніцай у мяне была трэніроўка, потым школа, а потым музыка. На фоне стомленасці пачаліся невялікія праблемы са здароўем, мама сказала, што трэба выбіраць нешта адно. Пайшлі мы з ёй на музыку, там кажуць: "У вашай дзяўчынкі такія добрыя даныя, такі голас, а якія пальцы і рукі доўгія, - толькі і іграць на акардэоне!" Прыйшлі на баскетбол, там таксама хваляць. Я нават не задумвалася, шчыра кажучы, пра тое, што буду прафесійна займацца спортам. Наогул была вельмі далёкая ад яго, думала, што баскетбол - гэта праз сетку мяч перакідваць. Потым неяк закруцілася, пачалі выклікаць гуляць за брэсцкую вобласць, стала цікава. Калі прапанавалі пераехаць у Мінск, мама катэгарычна была супраць, але потым усё ж такі вырашылі, што трэба паспрабаваць.
- Ці складана ўжывацца ў жаночым калектыве?
- Пакуль не сутыкалася з асаблівымі праблемамі. У любым выпадку ніколі не будзе такога, каб уся каманда сябравала па-за баскетболам. Галоўнае, каб мы былі адзіным цэлым на пляцоўцы. Не магу сказаць, што ў "Гарызонце" ў мяне былі сяброўкі, але з усімі я мела добрыя зносіны. Сябрую з Жэняй Сцяпанавай з "Цмокаў". У чэмпіянаце краіны рэгулярна сустракаліся з ёй у гульні. У такія моманты, вядома, забываеш, што мы сяброўкі, а пасля гульні па-за залежнасцю ад выніку, - буська ў шчочку і пайшлі, усміхаемся, усё добра. Можам пагаварыць пра баскетбол, уключыць гульню, абмеркаваць нейкія моманты.
- У ідэале дзе хацела б гуляць у будучыні?
- Чамусьці мне вельмі хочацца паспрабаваць сябе ў Францыі. Калі рыхтаваліся да аднаго з турніраў з маладзёжнай зборнай, гулялі таварыскія гульні з францужанкамі, назірала за іх камандай. Спадабалася, наколькі ў іх усё арганізавана ўнутры, якая атмасфера ў калектыве, наколькі яны ўсе згуртаваныя. Пасля гэтага і ўзнікла такое жаданне.
- Аня ў жыцці і ў гульні - гэта розныя людзі?
- Так, зусім розныя. З боку гэта, напэўна, відаць лепш. Сябры кажуць, што мяне наогул складана пазнаць: у жыцці добрая, а на пляцоўцы проста звер. Калі выходжу на паркет станаўлюся вельмі засяроджанай, акрамя пляцоўкі, трэнера і мяча нічога не бачу.
- Дзяўчыне-спартсменцы складана знайсці другую палову?
- Думаю, не. У нашым асяроддзі, вядома, у асноўным хлопцы-спартсмены, але гэта нармальна, ім хаця б не трэба тлумачыць, што такое цяжкія трэніроўкі, зборы і гэтак далей. Наогул, лічу, што ў адносінах галоўнае - разуменне.
- Часта прафесійны спорт патрабуе на час адкласці асабістае жыццё.
- Так, на цяперашні момант стаўлюся да гэтага нармальна, таму што пакуль не бачу сябе ў ролі жонкі і маці. Цяпер самы пік, калі трэба паказаць сябе ў спорце. Хочацца дасягнуць сваіх мэтаў, рэалізаваць амбіцыі, стаць добрай спартсменкай. Але ў той жа час не забываць і на асабістае, не хачу потым у 35 гадоў застацца з катамі, без мужа і дзяцей.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/basketbol
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhanochaya-zbornaya-belarusi-pa-basketbole
[5] https://zviazda.by/be/tags/intervyu
[6] https://zviazda.by/be/tags/ganna-brych