Адзін чалавек за год стварае 1,95 м3 смецця — у спрасаваным выглядзе гэта прыкладна два акварыумы са сценкамі метровага памеру. У гэтым аб'ёме, аднак, не ўлічваюцца адходы буйных памераў пасля рамонту кватэры ці замены тэхнікі. Такія лічбы вывелі ў Астравецкім раёне пры налічэнні платы насельніцтву за вываз цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Нягледзячы на імклівы рост горада, магчымасцяў палігонаў, каб задаволіць патрэбы жыхароў, у раёне пакуль хапае. А ў найбліжэйшай будучыні ў горадзе плануецца пабудаваць новы палігон ЦКА з лініяй сарціроўкі смецця і скараціць колькасць звалак на тэрыторыі сельсаветаў.
Абавязковая паслуга
На абслугоўванні і ўтрыманні Астравецкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі знаходзіцца адзін гарадскі смеццевы палігон і восем сельскіх. У кожнага сельсавета таксама ёсць свае дадатковыя невялічкія тэрыторыі для смецця (так званыя звалкі).
Дагаворамі на цэнтралізаваны вываз цвёрдых адходаў ахоплена 83% гараджан і 50% вяскоўцаў. Плата за гэта вызначаецца зыходзячы з норманакаплення — 1,95 м3 смецця за год на чалавека (лічба выводзіцца нанова кожныя пяць гадоў). Такім чынам на Астравеччыне за вываз смецця плацяць (5,39 рубля за «куб») — атрымліваецца менш чым за рубель з чалавека ў месяц.
— Тым, хто абураецца ці адмаўляецца заключаць дагавор, даём чытаць Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», у артыкуле 18 якога сказана, што паслуга па вывазе цвёрдых камунальных адходаў з'яўляецца асноўнай і аказваецца абавязкова. Таму грамадзяне, якія жывуць у індывідуальных дамах, павінны заключаць дагаворы на вываз і абясшкоджванне такіх адходаў, — расказаў Віктар АКСЮТЧЫК, намеснік дырэктара Астравецкага РУП ЖКГ. — Калі мы толькі пачыналі заключаць гэтыя дагаворы, то бясплатна забяспечвалі людзей у прыватным сектары металічнымі смеццевымі бачкамі з накрыўкамі, каб было зручна выстаўляць на вуліцу смецце.
3,31 рубля — плата за 1 м3 смецця пры карыстанні звалкай, калі гаспадар прывозіць на палігон адходы сам. Гэта датычыцца ў асноўным буйных адходаў, якія ў Астраўцы планава ад насельніцтва не вывозяць, а толькі праз заяўкі. Праўда, замовіць вываз смецця з-пад уласнай хаты абыдзецца даражэй. Перш чым везці на палігон, смецце трэба ўзважыць і адпаведна аплаціць у ЖКГ.
Таннае багацце
Існуючых смеццевых палігонаў у Астраўцы хапае, і функцыянуюць яны ў звычайным рэжыме. Аднак плануецца скараціць іх колькасць да аднаго палігона на кожны з пяці сельсаветаў раёна. Цяпер распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве новага гарадскога палігона цвёрдых камунальных адходаў з лініяй сарціроўкі смецця, які будзе працаваць адпаведна з усімі санітарна-эпідэміялагічнымі і прыродаахоўнымі нормамі. У ЖКГ спадзяюцца, што ў наступным годзе гэты аб'ект з'явіцца.
— На існуючым палігоне мы не маем сартавальнай лініі. А смецце — гэта наша багацце, якім, на жаль, дагэтуль займаюцца не ў поўнай меры, — упэўнены Віктар Мікалаевіч. — Пакуль мы можам збіраць адходы для другаснай перапрацоўкі (паперу, пластык і шкло) толькі з дапамогай кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Людзі не панясуць у пункты прыёму другасную сыравіну, бо цана на яе мізэрная. Ну хто будзе цягнуць макулатуру, за кілаграм якой можна атрымаць 8 капеек. За кілаграм ПЭТ-бутэлек — 10 капеек. Бітае шкло — 6 капеек. А ад арганізацый прыёмка яшчэ таннейшая... За мяжой існуе залогавы кошт за пластыкавую бутэльку, і там чалавек яе данясе і здасць, а не выкіне.
— З уводам новага палігона мы пастараемся ахапіць дагаворамі ўсё насельніцтва і спраўляцца сіламі толькі машын гаспадаркі. Аднак тэхніка ў нас старая, здараецца, што ламаецца, тады праз замінку могуць і гурбы вырасці каля сметніц, — дзеліцца намеснік дырэктара. — Смеццявозаў у нас чатыры, але іх не хапае. Будзем браць у лізінг яшчэ адзін. Машыны з задняй загрузкай працуюць у прыватным сектары, а з бакавой — вывозяць смецце з кантэйнераў шматпавярховак.
Сельскія міні-палігоны ЖКГ стараецца ўтрымліваць у належным стане. У ідэале на кожным з іх павінен быць кругласутачны дзяжурны, шлагбаум і вагі, аднак забяспечыць усё гэта немагчыма.
— За абслугоўванне палігонаў нам ніхто не плаціць. Цягнуць такія эксплуатацыйныя расходы прадпрыемству стратна. Таму, калі з'явіцца новы палігон, мы будзем пазбаўляцца ад малых, — тлумачыць спецыяліст.
Бутэлькі ў агародзе
Як кажуць мясцовыя жыхары, будаўніцтва атамнай электрастанцыі прынесла Астраўцу не толькі прыбытак у выглядзе новых жыхароў і аб'ектаў інфраструктуры. З'явіліся і дадатковыя спажыўцы, якія ўносяць «уклад» у засмечванне горада. Самыя неахайныя сярод белага дня могуць пустую бутэльку ў агарод закінуць.
— Праводзім размовы з людзьмі, але выкараніць праблему пакуль не атрымліваецца. Нашым прыбіральшчыкам не пазайздросціш, асабліва пасля выхадных. Поліэтылен, бутэлькі, шкло ўсюды, — засмучаецца Віктар Аксютчык. — Асабліва прыкра не тое, што не даносяць да сметніцы, а што б'юць літаральна прама на дарозе. Смецце на вуліцы пачынаецца са смецця ў галаве, а каб было чысцей, з ім павінны змагацца не толькі камунальнікі.
Што ні кажы, а выснова адна: чысціня вакол нас залежыць перш за ўсё ад нас саміх, а не толькі ад колькасці прыбіральшчыкаў ды смеццявозаў або кошту другасных рэсурсаў.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] mailto:sіdarok@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/astravec
[7] https://zviazda.by/be/tags/smecce