У Віцебскай вобласці ўкараняюць сучасныя метады для забеспячэння паўнавартаснага жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Для «Формулы-2»
Некаторыя з тых, хто рухаецца ў інвалідных калясках, з жартам называюць свой транспарт «Формула-2», бо выкарыстоўваюць яго нават... для ўдзелу ў спаборніцтвах.
А вось наколькі зручна ездзіць на такіх «калёсах» па населеных пунктах, ці ёсць магчымасць наведваць крамы, кавярні, музеі і гэтак далей? У Наваполацку аднымі з першых у краіне зрабілі інфармацыйны даведнік для калясачнікаў — так званую карту доступу.
Даведнік надрукаваны невялікім тыражом (арыгінал размешчаны ў інтэрнэце). І першапачаткова змяшчаў дадзеныя пра прыкладна 150 аб'ектаў. Пад назвамі і адрасамі размешчаны значкі, якія абазначаюць узровень доступу той ці іншай установы. У прыватнасці, у будынку гарвыканкама ёсць пандус. А каля гарадскога вузла паштовай сувязі ёсць паркоўка для вадзіцеляў з інваліднасцю... У гарадской бальніцы, у паліклініках ёсць ліфты для інвалідаў. У даведніку таксама размешчана інфармацыя пра наяўнасць кнопак выкліку — калі адказныя асобы сустракаюць калясачніка і дапамагаюць яму заехаць унутр будынкаў. Ёсць сімвалы, якія пацвярджаюць наяўнасць прыбіральні з выгодамі, папярэджваюць пра круты пад'ём. Такім жа чынам можна даведацца пра аптэкі, установы адукацыі, крамы, рэстараны, цырульні, басейн і гэтак далей. На сайце — і расклад рэйсаў па «спецыялізаваным» маршруце №4 аўтобусаў з кнілінгам — прыстасаваннем для заезду ў салон на калясцы.
Дарэчы, самі інваліды бралі актыўны ўдзел у рабоце над даведнікам — разам з работнікамі Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, добраахвотнікамі.
Танцоры на калясках
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска ажыццяўляецца міні-праект «Свабода ў руху». Мэта — пераадоленне сацыяльных бар'ераў (эмацыянальнай ізаляцыі). У калясачнікаў ёсць магчымасці інтэграцыі ў грамадства, раскрыцця творчага патэнцыялу, працаўладкавання... Яны ахвотна займаюцца прапагандай і папулярызацыяй актыўнага ладу жыцця і становяцца прыкладам для іншых інвалідаў.
— У 2014 годзе вырашылі распрацаваць і рэалізаваць эксперыментальную інавацыйную форму сацыяльнай рэабілітацыі — танцы на калясках. Апошнія — частка сістэмы сацыяльнага станаўлення асобы. Гэта ўніверсальны сродак, які адначасова выконвае шэраг функцый: пазнавальную, праектавання ўласнай дзейнасці, усведамлення ролі і месца свайго «я», — растлумачылі ў цэнтры.
Летась тэрытарыяльны цэнтр стаў першай з устаноў сістэмы сацыяльнай абароны, які прыняў удзел у конкурсе «Брэнд года». І ў ганаровай намінацыі «Сацыяльна адказны брэнд» быў удастоены бронзавага медаля.
Пераадолець «сцяну»
У гэтым жа цэнтры ёсць цікавы праект для людзей з псіхічнымі захворваннямі. 1 лютага адбылося адкрыццё клубнага дома «Крылы надзеі». Ён створаны для рэабілітацыі людзей з праблемамі псіхічнага здароўя. Рэалізатарамі выступаюць парытэтны сацыяльны псіханеўралагічны цэнтр і клубны дом «Ластаўчына гняздо» з Мюнхена.
— Такі «клуб» — альтэрнатыва дзённым стацыянарам, заснаваная на прынцыпах сяброўства, супрацоўніцтва і салідарнай адказнасці. Гэта — мадэль сацыяльнай службы, якая дазваляе жыць па-за межамі бальніцы, аднавіць страчаныя навыкі, вярнуцца да актыўнага жыцця. А па магчымасці і да працы. «Клуб» з'яўляецца тым месцам, дзе людзі з цяжкімі і хранічнымі псіхічнымі захворваннямі атрымліваюць неабходную падтрымку, а таксама магчымасць працаваць, — падкрэслівае кіраўнік Віцебскага клубнага дома «Крылы надзеі» Алена Барыла.
Днямі члены клуба прэзентавалі спектакль «Сцяна». Кожны з акцёраў у той ці іншай ступені сутыкнуўся з навешваннем ярлыкоў з боку грамадства, рознымі формамі дыскрымінацыі. Гэтыя людзі па цаглінцы спрабуюць разбурыць на сваім шляху «сцяну» адчужэння, неразумення, стэрэатыпаў, сацыяльных ярлыкоў і страху.
І становяцца бізнесменамі
Нядаўна ў Віцебску адбыўся міжнародны інтэграцыйны форум «Даступныя праца і занятасць для людзей з інваліднасцю». У ім бралі ўдзел каля 250 прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Малдовы.
Расіян зацікавіў беларускі вопыт. У прыватнасці тое, як людзям з абмежаванымі магчымасцямі дапамагаюць стаць рамеснікамі. Пры гэтым падаткі для тых, хто сваімі рукамі робіць сувеніры, зусім не вялікія.
З боку дзяржавы аказваецца фінансавая падтрымка прадпрыемствам і фірмам, якія ствараюць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю. Напрыклад, з бюджэту кампенсуецца аплата працы (на працягу года), набыццё абсталявання і матэрыялаў.
Паводле слоў намесніка старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ірыны Матвеевай, летась створана 25 працоўных месцаў. Пяць чалавек з інваліднасцю атрымалі бязвыплатныя субсідыі для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Было б толькі жаданне — чалавеку дапамогуць і бізнес-план скласці, і ўсе неабходныя юрыдычныя пытанні вырашыць.
Але ўлічваючы, што пенсіі па інваліднасці параўнальна невялікія, колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія жадаюць зарабляць, павялічваецца. І грамадству трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, каб гэты попыт быў задаволены.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyudzi-z-abmezhavanymi-magchymascyami
[7] https://zviazda.by/be/tags/vicebshchyna