Незвычайную паслугу пачаў прапаноўваць ахвотным Мінскі трактарны завод. 5 ліпеня ўпершыню ў гісторыі прадпрыемства ўдзел у зборцы трактароў прынялі турысты. Пра гэта паведаміў спецыяліст МТЗ па рабоце сярод моладзі Сяргей Сідаровіч.
Удзел у вытворчасці сусветна вядомага трактара ўзяла інтэрнацыянальная каманда з пяці чалавек: трох беларусаў, амерыканца і швейцарца. У корпусе зборкі яны выканалі пяць аперацый на канвееры, у тым ліку ўстаноўку элементаў рулявой цягі. Апрануўшы на сябе спецадзенне прадпрыемства, прамысловыя турысты будуць працаваць пад наглядам спецыялістаў МТЗ. Сабраныя трактары пазней, як і іншыя, адправяцца на рэалізацыю. Пасля завяршэння работы першыя наведвальнікі атрымалі сертыфікаты аб удзеле ў працэсе зборкі трактара.
Кошт такой забавы дастаткова дэмакратычны — усяго 9 рублёў. Апошнім часам МТЗ актыўна развівае прамысловы турызм. Ад пачатку года на заводзе пабывала больш за 1360 экскурсантаў, з іх звыш 300 замежных гасцей з 23 краін, у тым ліку з Нігерыі і Аўстраліі.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/mtz