Удзел у ёй узяло каля 30 тысяч чалавек.
Гэты год выдаўся вельмі багаты на ўраджай грыбоў. Тысячы людзей выбраліся ў лясы на "ціхае паляванне" і проста на адпачынак. Але, на жаль, масавае паломніцтва на прыроду суправаджаецца нязменна і пакінутым пасля сябе смеццем. Якое, аднак, камусьці прыбраць трэба. Сваю лепту ўносіць і надвор'е — моцныя вятры вырываюць не адну сотню галін з дрэў. Менавіта таму Міністэрства лясной гаспадаркі абвясціла ўжо традыцыйную акцыю "Чысты лес", падчас якой сотні людзей выходзяць на расчыстку зялёных масіваў.
Адным з цэнтраў акцыі стаў лясны фонд, размешчаны ўздоўж другой МКАД. Там працавалі як цэнтральны апарат Мінлясгаса, так і падведамныя арганізацыі. Яны наводзілі парадак на 200 гектарах тэрыторыі.
— У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Траскаўшчына" сёлетнія вятры дабавілі работы, — кажа дырэктар Мінскага лясгаса Васіль Дэйчык. — Тут шмат буралому. Побач праходзіць МКАД-2. Але злева і справа яна абгароджана сеткай. Таму заезд адсюль у лес практычна немагчымы. З аднаго боку — менш смецця ад наведвальнікаў, а з іншага — нашай тэхніцы падабрацца сюды складана. Да таго ж і дажджы ідуць ледзь не штодня — паглядзіце, якая тут раскіслая глеба. Таму мы вырашылі буралом проста спаліць па ўсіх правілах пажарнай бяспекі.
Усяго ў акцыі прымала ўдзел каля 30 тысяч чалавек. Асаблівую ўвагу яны ўдзялілі ачыстцы лесу паблізу населеных пунктаў. Акрамя таго, у асобных рэгіёнах краіны займаліся пасадкай дрэваў замест тых, якія не прыжыліся або засохлі.
— Адметна, што людзі сталі апошнім часам значна больш цывілізаваныя. Калі яны пакідаюць лес, то ў большасці сваёй прыбіраюць за сабой смецце, — адзначыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:schklennіk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/chysty-les-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/les
[6] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryroda