На ўчастку адказнасці пагранічнай заставы «Маладзечанская» на літоўскім напрамку дзяжурны з дапамогай інтэграванай сістэмы аховы граніцы зафіксаваў незвычайнага парушальніка, паведамляе сайт [2] Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Нягледзячы на тое, што на асноўных сцежках міграцыі жывёл у сігналізацыйнай сістэме агароджы прадугледжаны спецыяльныя лазы для бесперашкоднага перамяшчэння лясных жыхароў, загароджу на трываласць выпрабоўваў лось. Цару ляснога гушчару тэрмінова спатрэбілася перайсці ў бок суседняй краіны. Не выключна, што «парушальнік без дакументаў» сабраўся на вадапой на бліжэйшую раку Вілія. Менавіта па ёй у гэтым раёне і праходзіць дзяржаўная граніца паміж Беларуссю і Літвой.
Характэрна, што штучны інтэлект інтэграванай сістэмы аховы граніцы прааналізаваў характар пераадолення і не падаў сігнал трывогі на заставу, беспамылкова выключыўшы ўздзеянне чалавека. Смаргонскія пагранічнікі з дапамогай камер сачылі за рашучымі дзеяннямі «парушальніка», для якога двухметровая агароджа не стала сур'ёзнай перашкодай на шляху.
Відэа з парушальнікам набрала на youtube-канале Дзяржпагранкамітэта больш за 70 тысяч праглядаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] http://gpk.gov.by/
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-litouskaya-myazha