Новы трактар «Беларус» запрацуе для патрэб насельніцтва Лёзненскага раёна. Гэтым «жалезным канём» Лёзненскі сельвыканкам прэміравалі на абласных «Дажынках». Пры ім функцыянуе КУП «Канашкава», дзе і будзе выкарыстоўвацца тэхніка.
— Грамата і сертыфікат на набыццё трактара — ацэнка нашай працы па навядзенні парадку на зямлі, фермах, па эфектыўным землекарыстанні. Прызналі найлепшымі ў вобласці, — паведаміла Святлана Пукава, старшыня Лёзненскага сельскага выканкама.
У мясцовым камунальным унітарным прадпрыемстве цяпер будзе два «Беларусы». Ёсць яшчэ прычэп, касілка, плуг, культыватар.
Дарэчы, у вырашэнні пытання тэхнічнага забеспячэння КУПа «на старце» яго дзейнасці дапамог старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў, які, бываючы ў глыбінцы, цікавіцца дзейнасцю КУПаў.
Прадпрыемства стварылі ў 2014-м годзе, і цяпер яно запатрабаванае. У КУП «Канашкава» вясной людзі могуць зрабіць заказ на апрацоўку зямлі перад сяўбой. Летам «купаўцы» косяць сена для патрэб прыватных падворкаў. Дапамагае КУП і ў рабоце на зямлі двум сельскагаспадарчым прадпрыемствам — падкошваюць пашу.
Таксама займаюцца нарыхтоўкай дроў, чысцяць дарогі ад снегу, добраўпарадкоўваюць могілкі, вывозяць смецце. Адпаведная дамова ёсць з мясцовымі камунальнікамі.
У штаце прадпрыемства, акрамя дырэктара, трактарыст і бухгалтар.
Цікава, што расцэнкі на паслугі засталіся на ўзроўні леташніх. І яны па кішэні вяскоўцам і дачнікам.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyoznenski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/traktar-belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne