Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў учора сустрэчу з кіраўніком Украіны Пятром Парашэнкам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка наведвае Эміраты з рабочым візітам. Як паведаміла прэс-служба беларускага лідара, падчас паездкі запланаваны перагаворы з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў.
З працоўным візітам у ААЭ 1—2 лістапада знаходзіўся і Пётр Парашэнка. Напярэдадні ён здзейсніў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію.
«У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш як $3 млрд, напэўна, недзе $3,5 млрд будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі, упэўнены беларускі лідар, дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі.
«Што да палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна ідзём па тым курсе, па якім дамовіліся ісці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават на вялікай адлегласці ад сваіх краін прэзідэнты змаглі сустрэцца і разгледзець праблематыку адносін. «Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі спраўнымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я хачу гэта вам гарантаваць і на будучыню», — звярнуўся кіраўнік нашай краіны да свайго ўкраінскага калегі.
Пётр Парашэнка адзначыў актыўную працу над рэалізацыяй раней дасягнутых дамоўленасцяў, пачынаючы ад пытанняў дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. «Я гэтае пытанне трымаю на кантролі», — падкрэсліў Прэзідэнт Украіны. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што бакі пашыраюць узаемадзеянне па розных напрамках, уключаючы эканоміку і сацыяльную сферу.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-parashenka