У рубрыцы «Пяты паверх» [2] мы працягваем гутарку з доктарам гістарычных навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком пра найбольш драматычны час у найноўшай гісторыі — распад СССР.
— Ігар Аляксандравіч, Першы з'езд народных дэпутатаў СССР стаў важнейшай палітычнай падзеяй 1989 года. Ці было ў вас адчуванне таго, што гэта пачатак новай палітычнай культуры не толькі ўлады, але і ўсяго грамадства?
— Цяжка быць аб'ектыўным у ацэнцы тых падзей з пункту гледжання дня цяперашняга. У той час я быў малады, вучыўся ў інстытуце, прафесійна вывучаў гісторыю. І ўспрымаў тое, што адбываецца, не толькі як малады чалавек, але і як гісторык. Гэта быў час эйфарыі, звязанай са свабодай слова, з аднаго боку і чакання радыкальных змен — з другога. Усім здавалася, што варта прагаварыць праблемы ўслых, і яны вырашацца самі сабой. Трывожнасць ад нявызначанасці мы гналі са сваёй свядомасці, не хацелі прымаць той факт, што ў рэчаіснасці ўсё значна больш горшае і небяспечнае, чым мы меркавалі. Гэта быў час эмацыйнага камфорту, і з ім мы развітвацца не хацелі, эмоцыі былі вышэйшыя за сілу розуму.
— З пункту гледжання дня сённяшняга, што паказаў Першы з'езд народных дэпутатаў СССР?
— Ён паказаў, што ўсе мы вельмі розныя, з рознымі жыццёвымі ўстаноўкамі, крытэрыямі і падыходамі да вырашэння задач, якія высоўваюцца самім жыццём. Калі сказаць прама і шчыра, то Першы з'езд народных дэпутатаў зафіксаваў тое, пра што ведалі многія, але ўслых не казалі — савецкае грамадства было далёка не адзіным, яно было складаным і супярэчлівым. Сістэмны крызіс яшчэ больш узмацніў гэты раскол.
Многія эксперты сёння кажуць пра тое, што 1989 год стаў зыходным пунктам чацвёртай Рускай рэвалюцыі, і з гэтым можна пагадзіцца. І пачалася яна з прамых трансляцый па тэлебачанні.
— Смелае заключэнне. У сваёй кнізе «Пашкоў дом» акадэмік Мікалай Пятровіч Шмялёў, былы зяць Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, у той час народны дэпутат СССР, напісаў: «Кожная рэвалюцыя — гэта мільён вакантных месцаў. Не пра беспрацоўе ў дадзеным выпадку гаворка, а пра сыход адных людзей і прыход іншых, дзяльбу ўлады і кампетэнцыі. У такіх умовах нават самыя вострыя эканамічныя праблемы могуць быць адсунутыя на другі план». Ці не ў гэтых словах парадокс таго часу?
— Гэта дакладнае і правільнае вызначэнне падзей мая 1989 года. Дарэчы, Мікалай Пятровіч выступаў на тым з'ездзе, уносіў канкрэтныя прапановы па пераадоленні эканамічнага крызісу. Яго тэзісы затым увайшлі ў вядомую праграму Рыгора Яўлінскага «Пяцьсот дзён». Шмялёву нават прапаноўвалі ўвайсці ў склад урада, але ён ветліва адмовіўся, сказаўшы, што ён — «чалавек кніжны», а ва ўрадзе трэба «ўмець ламаць хрыбты».
Першы з'езд народных дэпутатаў СССР — гэта пачатак разумення таго, што ў рэальным палітычным жыцці рухавіком працэсу з'яўляецца інтэлектуальная меншасць. Гэта грандыёзнае мерапрыемства паслужыла стартавай пляцоўкай для шматлікіх палітыкаў.
— Для мяне парадоксам дагэтуль застаецца той факт, што многія ўладары грамадскіх настрояў таго часу не ведалі краіны, у якой яны жывуць. Прыкрываючыся з`едлівымі заявамі, яны не турбавалі сябе глыбокім аналізам усёй складанасці сітуацыі, у тым ліку эканамічнай. Як Вы думаеце, чаму?
— Мы з вамі ў мінулы раз казалі пра асіметрыю [3] ў сістэме кіравання СССР. Але асіметрычным было практычна ўсё. Узяць хаця б ваенна-прамысловы комплекс, які ў той час нёс у сабе, перш за ўсё, сацыяльную нагрузку. Уявіце сабе монагорад з адным прадпрыемствам, на якім выпускаецца ваенная прадукцыя. Вы прымаеце рашэнне аб канверсіі, гэта значыць закрыцці завода і выпуску прадукцыі грамадзянскага прызначэння. Куды падзець людзей, чым іх заняць? Працытую экс-чэмпіёна свету па шахматах, старшыню Савецкага фонду міру Анатоля Карпава. Выступаючы на з'ездзе, ён сказаў:
«Вытворчасць патрабуецца карэнным чынам пераабсталяваць, тэхналогію змяніць, кадры перавучыць. На ўсё гэта патрэбныя не толькі сродкі, не толькі час, але і навуковае абгрунтаванне. Менавіта яно знаходзіць самы эканамічны, самы хуткі шлях канверсіі. Значыць, ёсць сэнс укласці грошы, перш за ўсё ў навуковае абгрунтаванне, каб атрымаць выйгрыш і ў часе, і ў сродках, каб канверсія цягнулася не пяць-дзесяць гадоў, як стрымана лічаць некаторыя спецыялісты, а хаця б два-тры гады».
Што да гэтага можна дадаць? Толькі тое, што сэнс гэтых слоў зразумелы таму, хто хоча іх пачуць. З пазіцыі майго цяперашняга ўспрымання тых падзей я разумею, што для многіх мадэратараў, што актыўна выступаюць на з'ездзе, першачарговай задачай была палітычная кар'ера. Гэта быў шанец, які яны выкарыстоўвалі спаўна.
— Першы з'езд народных дэпутатаў СССР стаў вяршыняй палітычнай кар'еры Міхаіла Гарбачова ўнутры краіны. Але спроба ўстанаўлення народаўладдзя ў краіне праз народных дэпутатаў СССР, абмінаючы адладжаны апарат кіравання, прадстаўлены, перш за ўсё, партыйнымі органамі, павярнулася супраць яго самога. З гэтага моманту ён стаў статыстам палітычнага працэсу, які сам ініцыяваў. Цэнтрабежныя тэндэнцыі спыніць ужо не змог ніхто. Рэальная палітычная ўлада перайшла ў саюзныя рэспублікі, а выбары ў нацыянальныя парламенты ў 1990 годзе толькі легітымізаваць гэты працэс. Ужо тады распад краіны прадказвалі многія. 1990 год стаў пераломным у развіцці ўсёй краіны. Гэта быў апошні год, які грамадзяне СССР пражылі разам. Чым ён вам запомніўся?
— Перш за ўсё, выбарамі ў нацыянальныя парламенты. Рэальнае палітычнае жыццё і цэнтры прыняцця рашэнняў зрушыліся ў саюзныя рэспублікі. Гэта быў год, калі эканоміка ўсёй краіны трымалася на самаарганізацыі, уменні кіраўнікоў прадпрыемстваў дамаўляцца паміж сабой і трымаць на плаву давераныя ім калектывы. Усе надзеі на рашэнні саюзных органаў упалі разам з прыкрымі, дробнымі і па гэтай прычыне вельмі вострымі праблемамі накшталт тытунёвага крызісу або крызісу мыйных сродкаў. Усеагульнае прыніжэнне перарасло ў абыякавасць. Верш Булата Акуджавы, напісаны ў 1968 годзе здабыў зусім новы сэнс: «Вселенский опыт говорит, что погибают царства не оттого, что тяжек быт или страшны мытарства. А погибают оттого (и тем больней, чем дольше), что люди царства своего не уважают больше».
— Як Вы ацэньваеце падзеі, якія адбыліся 19 жніўня 1991 года?
— Да таго часу мы настолькі прывыклі да дрэнных палітычных навін, што стварэнне самаабвешчанага органа — ДКНС (Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў СССР) — не выклікала практычна ніякай рэакцыі.
Усе думалі толькі пра адно, калі ж, нарэшце, наступіць яснасць, і нехта возьме ўладу ў свае рукі. На 20 жніўня 1991 года было намечана падпісанне Саюзнай дамовы. Новую федэратыўную дзяржаву меркавалася назваць Саюзам суверэнных Савецкіх Рэспублік, з ранейшай абрэвіятурай — СССР. Заяўленай мэтай ДКНС было захаванне Савецкага Саюза і прыпыненне рэформ, якія праводзіліся ў краіне.
Ці маем права мы судзіць людзей, якія выступілі ініцыятарамі стварэння ДКНС? Думаю, не. Яны спрабавалі абараніць краіну, на чале якой стаялі. Але ў гісторыі заўсёды маюць рацыю пераможцы, а яны прайгралі.
З 22 жніўня 1991 года саюзнай улады ў СССР не стала. 24 жніўня абвясціла сваю незалежнасць Украіна, у той жа дзень Расія прызнала незалежнасць Літвы, Латвіі і Эстоніі. 27 жніўня аб сваім суверэнітэце заявіла Малдавія, 30 жнўіня Азербайджан, затым Арменія, Узбекістан і Кіргізія.
— У адным са сваіх апошніх інтэрв'ю Ягор Гайдар адкрыта распавёў пра тое, у якой абстаноўцы апынулася Расія ў той час: «На наступны дзень (22 жніўня 1991 года — Аўт.) Краўчук выклікаў да сябе камандуючых трыма размешчанымі на Украіне акругамі і сказаў ім, што цяпер яны падпарадкоўваюцца яму! А пасля гэтага падпарадкаваў сабе пагранічную службу і мытню, праз якую праходзіла асноўная частка таварапатоку Саюза. Тое ж самае зрабілі прыбалтыйскія краіны. Ну, а ці ў нас мытня на мяжы з Прыбалтыкай была абсталяваная? Далей цэнтральныя банкі саюзных рэспублік перасталі азірацца на Дзяржбанк і пачалі друкаваць грошы. У Саюза не было ніякіх падатковых паступленняў... Гэта што — існуючая краіна?» Ці азначае гэта, што расійскае кіраўніцтва было загнана ў тупік?
— У прынцыпе, так. Але з боку Беларусі падобных заяў не было, і гэта давала магчымасць Расіі хоць неяк забяспечваць транзіт тавараў з Еўропы. Адзінай магчымасцю дамовіцца ў той час было прызнанне межаў у тым выглядзе, у якім яны былі ў СССР. Гэты факт прызнаваўся і вядучымі расійскімі інтэлектуаламі. Вядомы палітолаг і публіцыст таго часу Ксенія Мяло пісала: «Імклівы распад Савецкага Саюза пацвярджае, што народам кіруюць ў большай ступені пакаленні памерлых, чым тых, хто жыве: краіна развальваецца строга па межах, праведзеных Сталінам. На разумнасці надзелаў, акрэсленых рукой тырана, настойваюць практычна ўсе рэспублікі, якія заявілі пра незалежнасць. І гэта нараджае масу праблем для народаў, якія ў іх жывуць».
Адзінай магчымасцю мірнага разводу ў той час было поўнае і канчатковае прызнанне існуючых межаў. Любое іншае рашэнне азначала кроў. Трэба аддаць належнае Барысу Мікалаевічу Ельцыну ў тым, што ён пайшоў на гэта.
— Калі ў вас адзіная валюта і мноства эмісійных цэнтраў, то ўзнікае спакуса вырашыць свае фінансавыя праблемы за кошт іншых. Восень 1991 года — час поўнай разбалансаванасці фінансавай сістэмы СССР. У чым сутнасць гэтай дэзінтэграцыі?
— У такіх складаных сітуацыях у рэспублік, якія аддзяліліся, сталі незалежнымі краінамі, заўсёды ёсць спакуса змякчыць сітуацыю ва ўласнай эканоміцы. Для расійскага кіраўніцтва не было навіной тое, што доля Расіі ў ВУП у былых саюзных рэспубліках у 1991—1993 гадах перавышала 60 працэнтаў. Расія па сутнасці імпартавала чужую інфляцыю і плаціла за яе. Але цікава іншае: за досыць кароткі прамежак часу кіраўнікі эканамічнага блока расійскага ўрада дамагліся спачатку развалу адзінай грашовай сістэмы, а затым, з тымі ж намаганнямі, гэта датычыцца ў першую чаргу нашай краіны, сталі дабівацца стварэння адзінай рублёвай прасторы. Абсурд? У адказ скажу: гэта было рэвалюцыйны час, і падобныя пытанні адкладаліся «на потым». Галоўнай задачай было пытанне мірнага разводу. Праглядзіце прэсу таго часу, у кожнай газеце была адна і тая ж галоўная тэма: як мірна расстацца. Даходзіла да абсурду. 20 кастрычніка 1991 года ў газеце «Маскоўскія навіны» выйшла нататка пра тое, што выданню стала вядома пра абмеркаванне ў кулуарах расійскага ўрада пытання аб магчымасці абмену ядзернымі ўдарамі паміж незалежнай Украінай і РСФСР.
— У сваёй апошняй кнізе «Гібель імперыі» незадоўга да смерці Ягор Гайдар напісаў: «Савецкі Саюз атрымалася распусціць без войнаў, падобных тым, што разгарнуліся на Балканах пасля краху Югаславіі. Удалося вырашыць тры ключавыя задачы: пазбегнуць голаду і гуманітарнай катастрофы, дамовіцца аб мірным роспуску Савецкага Саюза, прынцыпова ўзгадніць пытанне пра тое, што савецкая ядзерная зброя будзе сканцэнтравана ў Расіі. За гэта прыйшлося заплаціць немалую палітычную цану. І зараз няпроста растлумачыць, чаму Крым, які па рашэннях Хрушчова адышоў да Украіны, не з'яўляецца часткай Расіі». Гэтая кніга выйшла ў свет за восем гадоў да вядомых усім нам сёння падзей. Што Вы думаеце на гэты конт?
— Ягора Гайдара можна чытаць, але пры гэтым неабходна крайне крытычна ставіцца да таго, пра што ён піша. У 1991 годзе ў першых асоб СССР хапіла палітычных і чалавечых тармазоў. Ні ў каго ў той момант не было ні сіл, ні жадання на ўзброенае супрацьстаянне. Мы былі ад малога да вялікага прадуктамі эпохі савецкага асветы. Нам здавалася, што мы ўжо паставілі кропку на перажытае і ўвайшлі ў новае невядомае жыццё.
Але ўсё аказалася значна больш складаным. Праз дваццаць з лішнім гадоў нявырашаныя ў той час пытанні засталі нас знянацку. Спадзяюся і ўпэўнены ў тым, што Беларусь стала не толькі геаграфічным пунктам, які зафіксаваў распад СССР, але стане і месцам, дзе даведзеныя да пункту кіпення страсці сыдуць на нішто. Па-іншаму проста быць не можа.
— Так, у пачатку 90-х многім здавалася, што ўсё дрэннае ўжо ў мінулым. Мы з аптымізмам глядзелі ў будучыню. Але груз нявырашаных праблем, недагаворанасць і недаказанасць праз чвэрць стагоддзя прынеслі з сабой новыя трывогі. Ці справімся мы з імі? Адказу, думаю, ні ў каго няма. Дыпламат і гісторык Валянцін Фалін, выносячы вердыкт тым падзеям, ёміста і дакладна сказаў пра тое, чаго нам так сёння не хапае: «Цярпенне — аснова мудрасці, памяркоўнасць — адзіны шлях да згоды. Хоць бы намёк на памяркоўнасць і цярпенне, з імі прыйшла б і надзея...»
Гутарыў Ігар КАЗЛОЎ
Партнёр праекта «Пяты паверх» [2] — Малочная кампанія «Навагрудскія дары» [4].
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/project/5-paverh
[3] http://zviazda.by/be/news/20171208/1512714378-igar-marzalyuk-rubezhnym-dlya-sssr-stau-pershy-zezd-narodnyh-deputatau
[4] http://novdar.by/
[5] https://zviazda.by/be/tags/sssr
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershy-zezd-narodnyh-deputatau-sssr
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya